Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Блюзна́ ’блізна’. Гл. блізна́.

Блюзні́ць ’хлусіць, гаварыць дрэннае, блюзнерыць’ (Нас.), блю́зніць (Бяльк., БРС); з іншым вакалізмам блу́зніць ’трызніць’ (Шат.). Ст.-бел. блюзнити, блузнити ’ганьбіць’, блюзнерца, блузнерца ’блюзнер, богазневажальнік’ (Булыка, Запазыч.). Паводле Булыкі, там жа, запазычанне з польск. blužnić (аб польскім слове Брукнер, 30; Слаўскі, 1, 34). Гл. яшчэ Рыхардт, Poln., 36; Рудніцкі, 151.

Блюсць ’берагчы’. Гл. будзі́ць.

Блява́ць. Гл. блюва́ць.

Бляды́ ’бледны’ (БРС, Шат.), бляды ’тс’ (Яўс.; без націску). Укр. бліди́й, рус. дыял. бледо́й (звычайна бле́дный), польск. blady, чэш. bledý, ст.-слав. блѣдъ, балг. бле́ден, серб.-харв. бле̑д і г. д. Прасл. blědъ і, магчыма, blědьnъ. І.‑е. форма, мабыць, *bhlǝid‑os. Параўн. ст.-англ. blât ’бледны’, ням. blaß ’тс’, ст.-в.-ням. bleiʒa ’бледнасць’ і г. д. Гл. Бернекер, 60; Траўтман, 34; Праабражэнскі, 1, 31; Фасмер, 1, 173; Слаўскі, 1, 34; Брукнер, 28; Шанскі, 1, Б, 136–137; Рудніцкі, 147; БЕР, 1, 54–55. Гл. яшчэ бледны. Параўн. яшчэ ст.-бел. блядый (< польск. blady, гл. Булыка, Запазыч.). Можна думаць, што бля́ды ’бледны’ (Нас.) таксама паланізм (націск!).

Бля́кнуць (БРС, Нас.), укр. бля́кнути. Запазычанне з польск. blaknąć ’тс’ (гл. Рудніцкі, 143–144). Спакон вякоў усх.-слав. формы, рус. блёкнуть, укр. дыял. бле́кнути (паходжанне іх не вельмі яснае; Бернекер, 63, рэканструюе аснову *blьk‑, супраць чаго Фасмер, 1, 173; іншая магчымасць: *blěk‑, гл. Шанскі, 1, Б, 137, там і літ-ра).

Бляск (БРС, Шат., Сцяшк. МГ). Укр. бляск ’тс’. Падобныя формы ёсць і ў некаторых рус. гаворках (зах.): бля́скать, бля́скнуть. Бясспрэчнае запазычанне з польск. blask ’тс’ (< blěsk; Брукнер, 29; Слаўскі, 1, 34). У бел. мове была б адпаведнасць блеск. Параўн. і ст.-бел. бляск (Булыка, Запазыч.).

Блясна́ (БРС). Рус. блесна́ ’тс’. Фасмер, 1, 174 (а перад ім Буга, РФВ, 70, 101), указвае на сувязь з літ. blìzgė ’тс’. Няпэўна. Хутчэй, як лічыць Шанскі, 1, Б, 138, ад blěskъ ’бляск’.

Бля́ты від кузава воза; частка яго’ (Маслен.). Бясспрэчна запазычанне з польск. blat ’дошка і г. д.’ (вельмі многа значэнняў), а гэта з ням. Blatt (таксама шмат значэнняў, Варш. сл., 1, 163). Укр. блят (часткі розных прылад). Польскае пасрэдніцтва прымае Шалудзька, Нім., 22, супраць чаго Рудніцкі, 153 (прама з ням.).

Бля́ха. Рус. бля́ха (з XVII ст.), укр. бля́ха, дыял. блє́ха (укр. слова вядома з XV ст.). Запазычанне з польск. blacha ’тс’ < ст.-в.-ням. blëh, с.-в.-ням. blëch. Патабня, РФВ, 1, 262; Міклашыч, 14; Бернекер, 59; Праабражэнскі, 1, 32; Корбут, PF, 4, 427; Фасмер, 1, 180; Брукнер, 28; Шалудзька, Нім., 22; Рыхардт, Poln., 35; Кюнэ, Poln., 45. Памылкова Рудніцкі, 153 (непасрэдна з ням.; аб гэтым Краўчук, ВЯ, 1968, (4), 127). У бел. мове бля́ха засведчана з XV ст. (Булыка, Запазыч.). Вытворныя: бля́хар (Бяльк., Нас., Шат., Касп.), бляха́р (БРС), бляшаны́ (БРС, Шат.), бляша́ны (Нас., Касп.), бля́шанка (Шат.), бляша́нка (БРС, Нас., Касп.).