Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тмен ’кмен’ (Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), тмень ’тс’ (Шмярко; гом., Кіс.), сюды ж тмін ’тс’ (лудз., Сл. ПЗБ; брэсц., глус., рэч., калінк., чач., б.-каш., добр., глыб., Расл. св.), ст.-бел. тмин ’кмен’ (1682 г., КГС). Укр. тмин, дыял. тмін ’кмен, Carum L.’, рус. тмин ’тс’. Змененая назва кмену (гл. кмен); т на месцы к тлумачаць апасродкаваным уплывам форм з пачатковым ц, параўн. цьмен ’тс’ (Мяркулава, Очерки, 141).

Тнуць1 ’пранізваць, прабіраць (пра холад, вецер, боль і пад.)’ (ТСБМ), ’сячы, рэзка выказвацца’, ’ударыць, рубануць; упікнуць’ (Нас.), ’кусаць, джаліць’, ’ссякаць’ (Сцяшк.), ’кусаць, пячы’ (Яруш., Федар. 6, Скарбы, Сл. ПЗБ), тні́ті, тну́ты ’разбураць, рубаць, сячы’ (Булг.). Другасны інфінітыў, утвораны шляхам абагульнення асновы спрагальных формаў дзеяслова цяцьтну < прасл. *tęti*tьnǫ, параўн. рус. тятьтну, польск. ciaćtnę, славен. дыял. tẹ́titnèm, ст.-слав. тѧтитьнѫ, дзе прадстаўлена ніжэйшая ступень кораня і.-е. *ten‑, захаваная ў літ. tìnti ’адбіваць касу’ (Коген, Запіскі, 2, 241; Фасмер, 4, 66; Векслер, Гіст., 224). Іншая ступень чаргавання выступае ў *тон, параўн. адным тном ’адным чынам’ (пух., Жд. 1). Гл. цяць.

Тнуць2 ’іграць’ (Скарбы), ’заўзята іграць’: тне гармонік (Сцяшк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне на базе тнуць1.

То1 ’тое’ (Сержп. Прымхі, Бяльк.), ст.-бел. то ’тс’: абыхъ то рекла (Альтбаўэр). Гл. той.

То2 — злучнік, які ўваходзіць у склад састаўных паўторных пералічальна-размеркавальных злучнікаў для пералічэння фактаў і з’яў няпэўных, нявызначаных або сумніўных’ (ТСБМ, Стан.), злучнік ’дык’ (Сл. ПЗБ), злучнік ’дык’, часціца ’гэта; дык’ (ТС), абагульняючая або вылучальная часціца ў пачатку сказаў ці пры падкрэсліванні слова, да якога адносіцца’ (ТСБМ): то не злодзей, што ў пана ўкрадзе (Сержп. Прык.); часціца ’вось, так’: от то то то! (Федар. 4); пачатковы ці канцавы элемент у спалучэннях з займеннікам, часціцай, прыслоўем, злучнікам і інш. у функцыі, набліжанай да ж, жа, гл. (Іванаў, Балто-слав. иссл., 1980, 10); ст.-бел. то есть, то ест ’гэта значыць, а менавіта’ (XV ст., КГС); укр., рус. то, польск., чэш., славац. to, балг. то, ст.-слав. то. З дэйктычнага прасл. *to, суадноснага з указальными займенниками н. р. грэч. το, ст.-інд. tat, гоц. thata, звязанага з ’той’. Выказвалася таксама думка пра гукапераймальнае паходжанне слова (ESSJ SG, 1, 330; 2, 658, 664).

То́бто ’няўжо’ (ТС), ’каб’ (Мат. Гом.), то́бто, то́пто ’праўда’ (ПСл), то бо й то ’ды і то праўда’ (Некр. і Байк.), тобойто́ ’поўнасцю з табой згодзен, згода’ (стол., Нар. ск.), то́бтомо ’напэўна’ (Сл. Брэс.), то‑бо‑то, то‑бо‑то́‑што ’вось так, як бы так’ (Некр. і Байк., Байк. і Некр.), то́‑бок ’гэта значыць’ (ТСБМ; Беларусіка, 19, 227), тож‑ба‑то ’у тым-та і справа’ (Стан.), то́ж бо ’тс’ (Федар. 4), то́ж‑то ’вось жа’ (Яруш.); то́ж‑бы‑то ’патакванне’ (Варл.), у свабодным спалучэнні ото бо ж то ’тс’ (Сержп. Прык.), ст.-бел. тоб, тобы ’тады б, калі б’ (Ст.-бел. лексікон), тобы ’як бы’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. то́бто ’гэта значыць’. У складзе элементы то‑, ‑то (гл. то1), ‑бо‑ (‑б‑, ‑ба‑, гл. бо), ‑бы (гл. бы), ‑й‑ (гл. і), ‑мо (гл. мо), ‑што (гл. што), ‑ж‑ (гл. жа); не вызначаным да канца застаецца паходжанне элемента ‑бок, вядомага і ў самастойным ужыванні, параўн. у адваротным спалучэнні raj, czy bok to niebiesnyje warota (Пятк. 2), якое Краўчук (ЭСБМ, 1, 367) у значэнні ’маўляў’ параўноўвае з укр. бак, пак ’потым, але, ж’, польск. bak (ад bakać ’гаварыць, нагаворваць’, гл. Брукнер, 12), што сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі. Магчыма дапусціць спалучэнне бо‑ і ‑ка або ‑к, параўн. ту́така, чэш. дыял. tadyk ’тады’ і інш.; адносна апошніх гл. ESSJ SG, 1, 316–317. Параўн. форму з аканнем табатош, гл.

То́віст ’тоўсты’ (Нас.). Кароткая форма прыметніка то́ўсты (< *tl̥stъ) з заменай в білабіяльнага w (< ) на в.

То́га ’верхняе мужчынскае адзенне, доўгі плашч без рукавоў у суддзяў, старажытных рымлян і інш.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Культурнае запазычанне праз рус. то́га, польск. toga з лац. toga ’тс’ < tego, tegere ’закрываць, прыкрываць’, роднаснага грэч. στέγω ’пакрываю, закрываю’, ст.-інд. sthágati, sthagayati ’захутвае; пакрывае’ (ЕСУМ, 5, 590; Голуб-Ліер, 484).

То́гнуць ’правальвацца’ (калінк., Сл. ПЗБ). Няясна; магчыма, гукапераймальнага паходжання або ад тануць (гл.), параўн. можно по серэну іці, ён не тогне (там жа).

То́дарка-Фёдарко ’божая кароўка’ (Сцяшк. Сл.), То́дор ’тс’ (пін., З жыцця). Ад Тодар і Фёдар шляхам збліжэння з Фэ́дрык ’тс’ ад бе́дрык ’божая кароўка’, гл.

То́е1 — указальны займеннік н. р. ад той (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Федар. 4, Вруб., Бяльк.), то́я ’тс’ (Цых.), то ’тс’ (Бяльк.), тэ ’тс’ (ТС), тэ́е ’тс’ (Нас., ТС, Бяльк.), можа выступаць і ў якасці злучніка то (Нас.). Параўн. таксама сумеснае ўжыванне з часціцай то ў niby to tóje ’як бы нічога’ (Федар. 4), як па татэ́ ’як на зло’ (ТС), натото́е ’наўмысна, на зло’ (драг., З нар. сл.), аналагічнае спалучэнню з ж (гл.): jak tojeż, tak tojeż ’нібы на зло’ (Федар. 4). Да той, гл.

То́е2 ’званочак, Campanula persicifolia L.’ (Бейл.). Магчыма, табуізаваная назва ад той (гл.) або *то е ’гэта ёсць’, параўн. польск. toje, tojeść (< to jest) як назвы чарадзейных і атрутных раслін (Брукнер, 362). Параўн. тоя, гл.

Тоежса́масьць ’тоеснасць’ (Ласт.), тоеса́масьць, тожса́масць ’тоеснасць, ідэнтычнасць’ (Байк. і Некр.), тожса́масць ’ідэнтычнасць, саматоеснасць’ (Некр. і Байк.), сюды ж тоежса́мы ’тоесны’ (Ласт.), тоеса́мы, тожса́мы ’тоесны, ідэнтычны’ (Байк. і Некр.). Утворана для перадачы лац. identitās ’ідэнтычны’ ад īdem ’той самы, той жа’, па тыпу польск. tożsamość, у аснове спалучэнне то́е са́мое ’адно і тое ж’ (вілен., Сл. ПЗБ), то́я‑са́мая ’тое, што было’ (Варл.), формы н. р. суадносныя з той са́мы ’той жа’ (Некр. і Байк.), той‑са́мы ’тс’ (Байк. і Некр.), тоj сам ’тс’ (Вруб.), гл. той, тое, самы. Формы з тож, мажліва, непасрэдныя запазычанні з польскай мовы. Гл. таксама тож.