Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кара́сь1 ’карась, Carassius vulgaris’, укр. карась, рус. карась, чэш. karas, в.-луж. karas, балг. караш, серб.-харв. ка̀рас, славен. karas. Надзейнай этымалогіі не існуе. Магчыма, запазычанне з усходу; параўн. марыйск. karaka ’карась’, удмур. karaka ’тс’ і інш. (Трубачоў, Эт. сл., 9, 152).

Кара́сь2 ’жалезная паласа, якую прымацоўваюць да ніжняй часткі драўлянай восі калёс’ (Маслен., КЭС, лаг.). Паходжанне няяснае.

Карата́ць ’скарачаць, праводзіць час’, укр. коротати ’тс’, рус. коротать ’тс’, балг. кратам се ’канчаць. Няма ўпэўненасці ў праславянскім характары слова (балгарская паралель семантычна адменная ад усходнеславянскіх). Найбольш верагодная версія: да *kortъ ’кароткі’ (Трубачоў, Эт. сл., 11. 97–98).

Караты́ш ’чалавек невысокага росту’ (ТСБМ, Нас., Шушк.), укр. каротиш ’кароткае бервяно’, рус. коротыш ’маленькі чалавек, кароткае бервяно’, н.-луж. krotuš ’маленькі чалавек’. Усё ж такі ніжнелужыцкая форма мае іншую суфіксацыю. Архаічнасць усходнеславянскіх форм даводзіцца тым, што ў іх адлюстраваны прыметнік з асновай на ‑ŭ перад тым, як ён яшчэ ў праславянскі перыяд далучыў да сябе рэгулярны фармант ‑kъ (параўн. прасл. kortъkъ < kortъ) (гл. кароткі).

Кара́ўка1 ’старая каравая ануча’ (ТСБМ, Нас., Янк. III, Хрэст. дыял., Яўс.). Гл. каравы. Параўн. караўка ’неахайная жанчына’ (Жд. 2).

Кара́ўка2 ’доўгае, тоўстае бервяно з карой’, да кара (гл.).

Карачава́ты ’моцна скрыўлены, пакрыўлены, крывы, пакручаны (пра дрэва)’ (Нар. лекс.) (гл. карачкі і карачун у значэнні ’крывое дрэва’, гл. таксама карачу наваты).

Кара́чкі ’кукішкі, карачкі’ (Шат., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), карачы ’тс’ (Сцяц. Нар.), укр. карачки ’тс’, рус. корячка ’тс’ да korakъ (параўн. серб.-харв. ко̏рак, славен. korák ’крок’), якое ў сваю чаргу да korkъ ’нага’ (гл. крок, якое запазычана з польск. мовы) (Трубачоў, Эт. сл., 2, 50, 77–80). Прасл. korakъ паводле Трубачова адлюстроўвае фальшывае поўнагалоссе, якое спарадычна ўзнікала яшчэ ў праславянскі перыяд. Калі гэта так, то лексема карачкі з’яўляецца рэліктам усходнеславянскіх паралеляў да серб.-харв. ко̀рак і іншых паўднёва-славянскіх лексем: карачка < koračьka < korakъ. Форма карачы хутчэй за ўсё другаснае ўтварэнне па аналогіі.

Карачу́н ’заўчасная смерць’ (Нас.), ’смерць, канец’ (Мал.), ’нешта пакрыўленае’ (Клім., Нар. лекс.), ’крывое і сукаватае дрэва’ (Нар. лекс.), ’нізкарослы чалавек’, «Сіціўрат, або Карачун, Зюзя — падземны цар, казачны бог марозаў, які нёс смерць» (Кіркор). Разнастайнасць семантыкі слоў, якія прыводзяцца, робіць рэканструкцыю першаснага значэння даволі цяжкай. Паралелі з іншых славянскіх моў амаль не дапамагаюць вырашыць гэту задачу: рус. карачун ’заўчасная смерць’, ’злы дух, чорт, дэман’, ’пост перад калядамі’, ’святочны абрад, каляды’, ’сонцаварот зімовы’ (іншыя значэнні яшчэ больш няпэўныя), славац. kračun ’каляды’, балг. крачун ’свята летняга і зімовага сонцавароту’. Уражвае тое, што слова зафіксавана амаль толькі ва ўсх.-слав. мовах, прычым украінскія паралелі ненадзейныя. Семантыка ўмоўнай рэканструкцыі korčunъ дэманструе тры тыпы значэнняў: ’зімовы сонцаварот’ (сюды таксама ’каляды’), ’летні сонцаварот’ (відаць, называўся krěsъ: серб.-харв. крѐсови ў тым значэнні) і міфалагічная істота — ’злы дух, падземны цар, уладар маразоў, смерць’. Лёгка заўважыць унутраную сувязь двух першых значэнняў, ’крывое сукаватае дрэва’ зафіксавана толькі ў беларускіх паралелях, якое, паводле нашых меркаванняў, адносіцца да іншай лексемы korkъ (гл. карачкі) (Казлова, Этимология, 1982). Што датычыць лексемы з міфалагічным значэннем, то мы не схільны яе ўзводзіць ні да korkъ ’нага’, ні да korčiti (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 56–58). Рус. карачун ’дзіця, якое поўзае’ або балг. крачун ’вялікая нага’, з нашага пункту погляду, звязана з korkъ і korčiti, а не з карачун у міфалагічным значэнні. Арэал распаўсюджання для апошняга сведчыць хутчэй аб яго іншамоўным паходжанні. Прапанаваная нядаўна гіпотэза можа, як нам здаецца, праліць святло на паходжанне слова. Паводле гэтай гіпотэзы, балг. крачун і рум. craciun ’каляды, свята зімовага сонцавароту’ ўзыходзяць да алб. kërcun ’пень, цурбан’, што тлумачыцца рытуальным спальваннем пня падчас зімовага сонцавароту (Чабэй, Studime filologjike, 1964, 1, 61; Дзясніцкая, Слав. языкозн., 1978, 169). Рум. crǎciun, укр. крачун, славац. kračun у рамках карпацкай міграцыі з поўдня, аб чым сведчыць геаграфія распаўсюджання слова і фанетыка ўкр. паралелі. Пад гэтым адносна познім працэсам праглядваюцца старажытныя моўныя сувязі бел.-рус. лексемы ў міфалагічным значэнні. Гэтыя сувязі мелі месца да метатэзы плаўных і іх можна кваліфікаваць толькі ў плане ўсходнебалканскай міграцыі славян (VI ст. н. э.). Для больш старажытнага перыяду застаецца магчымасць (улічваючы албанскую лексіку) палеабалканскага паходжання славянскіх слоў у палескім арэале. Параўн. яшчэ Дзясніцкая, там жа, 168–170.

Карачу́наваты ’моцна скрыўлены, пакрыўлены, пакручаны (пра дрэва)’ (Нар. лекс.). Прамы дэрыват ад карачун у значэнні ’крывое дрэва’. Папярэдняя лексема гаворыць аб тым, што карачун у гэтым значэнні дэрыват ад koračiti (параўн. рус. корачить ’рабіць крывым, гнуць’).

Карб ’гадавое кольца на розе каровы’ (З нар. сл.), карбы ’знакі на рагах у каровы’, ’зарубкі на бірках’ (З нар. сл.). Да ўкр. карб ’знак, след, зарубкі’, літ. kar̃bas ’зарубка’ і інш. — запазычанні з польск. karb ’зарубка’, якое ў сваю чаргу з с.-в.-ням. kërbe ’зарубка’ (Слаўскі, 2, 70). Гл. карбаваць.

Карбава́ць ’рабіць зарубкі’ (ТСБМ), укр. карбувати ’тс’ запазычанні з польск. karbować ’тс’. Дзеяслоў не з’яўляецца адыменным дэрыватам папярэдняй лексемы. На беларускай моўнай глебе лексема карб (гл.) амаль толькі ў спецыфічным значэнні, таму яе можна разглядаць як другасную адносна карбаваць (Слаўскі, 2, 70).