Трэ́нцік: гульня ў трэнцік (завостраны колік) або ў ножык (жлоб., БНТ, Гульні). Няясна, магчыма, ад прэ́нцік ‘завостраная палачка’, гл. прэнт.
Трэ́нціць ‘гаварыць, паўтараць адно і тое ж’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, звязана з трэнтацца (гл.).
Трэ́нчык ‘вузкі раменьчык, прывязка’ (ТСБМ). Гл. трынчык.
Трэ́нчыць ‘турбаваць, непакоіць’, трэ́нчыцца ‘турбавацца, непакоіцца’, ‘хацецца’ (Юрч. СНЛ), трэ́нчанне ‘турботы, непакой’ (там жа). Гл. фанетычны варыянт дрэнчыць ‘тс’.
Трэ́нькаць ‘брынкаць, кранаць струны’ (ТСБМ). Пад уплывам рус. тренькать ‘тс’, звычайна трымкаць, трынкаць (гл.).
Трэп ‘дарога, сцежка’: адным трэпам ходзіць (Вушац. сл.). Відавочна, варыянт да троп (гл.) з дыялектным чаргаваннем о > э ў аснове пад націскам, параўн. Карскі 1, 104.
Трэ́палка ‘льномялка’ (ПСл), трэ́панка, тро́панка ‘вытрапаны лён’ (Мат. Гом.), ‘пасма лёну’, ‘мера выцертага і вытрасенага валакна, роўная 2–3 жменям’ (Уладз., Трух.), трэ́панка ‘трапальніца’ (Уладз.). Да трапа́ць 1 (гл.).
Трэпа́н ‘інструмент для свідравання косці (чэрапа) пры трэпанацыі’ (ТСБМ). Праз польскую мову (trepan) з с.-лац. trepanum, якое са ст.-грэч. τρύπανον ‘свердзел’ < τρυπαω ‘свідрую’ (Голуб-Ліер, 488; SWO, 1980, 774). Сюды ж трэпана́цыя ‘хірургічная аперацыя — свідраванне косці з мэтай пранікнення да ачага хваробы’ (ТСБМ).
Трэпасце́ць ‘мігцець, мігацець’: зоркі трэпасця́ць (пруж., ЛА, 2). Да трапятаць (гл.), з т. зв. s‑intensivum паводле Махэка, параўн. укр. дыял. трепесі́ти ‘дрыжаць ад страху’, рус. трепеста́ть ‘дрыжаць’; узыходзіць да прасл. *trepotati/*trepetati (Борысь, 649; Махэк₂, 657; Фасмер, 4, 99; Сной₂, 781), з варыятнай асновай: зо́ркі трэпаця́т (бяроз., ЛА, 2), балг. звезди́те трептя́т.
Трэ́пацень ‘трыпутнік, Plantago major L.’ (капыл., ЛА, 1), тру́пуцень ‘тс’ (маг., Кіс.). Да тры́пуцень, трыпу́тнік 1 (гл.); паводле Коласавай (Лексика, 200), у выніку дээтымалагізацыі і збліжэння з дзеясловамі трапа́ць ‘мяць, церабіць’ ці тро́паць ‘таптаць, біць’ і падобнымі, што адлюстроўвае ўмовы існавання расліны (пры дарозе), параўн. і трэ́патнік ‘трыпутнік’ (Сл. ПЗБ).