Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Боб. Рус. боб, укр. біб, польск. bób, чэш. bob, серб.-харв. бо̏б і г. д. Прасл. bobъ. Роднасныя формы: прус. babo, лац. faba. І.‑е. *bhab‑. Астатнія і.-е. формы стаяць фармальна значна далей (і тут няма пэўнасці): параўн. яшчэ грэч. φακός ’чачавіца’, ням. Bohne ’боб’. Думаюць таксама, што боб — слова «праеўрапейскай» культуры. Бернекер, 65; Траўтман, 23; Махэк, LP, II, 158; Махэк₂, 58; Слаўскі, 1, 40; Фасмер, 1, 180; Курыловіч, L’apophonie, 194 (тут адносна вакалізму). Ці сюды бо́бказерне; гарошынка; шарык і да т. п.’?

Е́мя ’ежа, харчы’ (Касп., Шат., Гарэц., Бяльк.). Рус. бранск. емье, рус. емень, ст.-рус. ѣмена (параўн. сѣмя/ѣмя = сѣмена/ѣмена). Зерне можа прызначацца на семена (насенне) або емена (на з’яданне). Такім чынам, зыходны назоўнік еме (< *ědmę) сустракаецца толькі на беларускай глебе і на бранскім сумежжы. Таму выклікае сумненне сцвярджэнне Трубачова (6, 42) аб балта-славянскай і нават індаеўрапейскай старажытнасці бел. емя (параўн. літ. ėdmeė́ ’ежа’, лат. ēdmenis, ст.-інд. adma ’тс’, якія адпавядаюць і.-е. edmen/edmṇ). Хутчэй бел. еме (гл. еміна) — рэзультат балтыйскай лексічнай інфільтрацыі. Гл. яшчэ Ваян, BSL, 59, 142; Экерт, SlW 54.

Му́ка ’фізічная або маральная пакута’, ’здзек, катаванне’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., ТС). Укр., рус. му́ка, польск. męka, чэш., славац. muka, славен. múka, mǫ́ka, moηka, manka, серб.-харв. му̏ка, макед. мака, балг. мъ́ка, ст.-слав. мѫка. Прасл. mǫka, роднаснае ад асновы męk‑ (> мягкі) і mǫka ’мука’ (гл.). (Бернекер, 2, 42; Траўтман, 184; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Бязлай, 3, 7).

Мука́ ’прадукт размолу збожжа’ (ТСБМ, Бес., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), мукоўня ’мучная каша’ (стол., Вешт.), муке́нны ’мучны’ (лід., Сл. ПЗБ), мука́ннае ’ежа з кіслага малака і грэцкай мукі’ (шальч., там жа). Укр., рус. мука, польск. mąka, н.-, в.-луж. muka, чэш. mouka, славац. múka, славен. móka, серб.-харв. му́ка, макед. дыял., балг. мука, ст.-слав. мѫка. Прасл. mǫka звязана чаргаваннем галосных з męk‑ъkъ ’мяккі’, męti ’мяць’. Роднасныя і.-е. паралелі: літ. mìnkyti ’мяць, мясіць’, mìnkle ’цеста’, mánkyti ’ціснуць, мучыць’, mankštyti ’размякчаць’, лат. mîcît ’ціснуць’, mĩceklis ’цеста’, ст.-в.-ням. mengen ’мяшаць’, ст.-грэч. μάσσω ’мну, мяшу’, ст.-інд. mácate ’раздрабляе’ (Бернекер, 2, 42; Траўтман, 184; Фасмер, 3, 6; Бязлай, 2, 192). З двух дзеясловаў (men‑ і melʼ‑) men‑ згубіў значэнне ’малоць, раздрабняць’. Такім чынам, прасл. mǫka азначае не ’мятае зерне’, а ’размолатае, раздробненае зерне’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 178). Аб семантычным размеркаванні лексем mǫka і boršьno ’мука’ гл. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изоглоссы, 31).

Аточыны ’нутраное сала’, ’ператоплены тлушч’ (Лекс. Палесся, 134, 136; слонім, Арх. Бяльк.). Укр. оточини ’кішачны тлушч’, ’зерне ці мука, што застаецца пасля прасявання праз рэшата’, рус. оточа, оточка ’агрызкі, смецце, што нагрызлі мышы’. Славац. дыял. otoky, otočky ’нутраное сала’, славен. obtòč ’клаака’ (ці сюды?). З суф. *‑iny (мн. л.) ад дзеяслова *otočiti; верагодна, паводле Вештарт, Лекс. Палесся, 136, першага ’кішачнае сала’, г. зн. тое сала, што аточвае, акружае кішкі’. Аднак і ’ператопленае сала’, хаця менш пашыраная назва, можа тлумачыцца ў сувязі са значэннем ’абцякаць’, нельга выключыць і сувязі з назвай клаакі, якая звязваецца з дзеясловам *odtočiti зліваць’. Параўн. тачыць ’ліць’.

Бу́снява жы́та ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (зах.-палес., Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што назва абумоўлена тым, што, як і Claviceps purpurea, буслу ў народных паданнях адводзіцца значнае месца (бусел ведае, які будзе ўраджай і г. д.) і прыводзіць серб.-харв. назву расліны — ро́дац. Але серб.-харв. ро́дац — гэта і ’бусел’ і тутавае дрэва’ (плады якога фіялетавыя, як і рожкі спарынні). Сувязь з буслам (што такая можа быць, сведчыць ням. назва для Claviceps purp. — Storchkorn, літаральна ’буслава зерне’; гл. Марцэль, Pflanzennam., 5 (4), 551) можа быць і іншай: па колеру дзюбы або ног бусла. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.

Зубы́1 ’карункі, звязаныя зубцамі’ (навагр., Нар. сл.), зубэ ’карункі’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.). Рус. разан. зубья, ніжнегар. зубцы́ ’тс’, н.-луж. zubki ’карункі на жаночых сукнях’. Перанос па падобнасці знешняга выгляду на карункі ад зуб1 з афармленнем па мн. л.

Зубы́2 ’спарыння’ (пухав., Жыв. сл.), зуб ’буйное чорнае зерне ў жыце’ (чэрв., Нар. лекс.). Слова зуб1 уваходзіць у шэраг назваў раслін у слав. мовах, напр. у чэш., славен., верагодна, па падобнасці лісця ці насення. Бел. зубы паводле формы ражкоў, што ўзнікаюць на жыце і ў іншых каласах замест зярнят (хвароба злакаў Claviceps purpurea). Лекс. Палесся, 71.

Мотлах, мо́тлух, мо́тлох, мотлахі ’вытраскі, атрэп’е, анучы, акраўкі’, ’пыл, прах’, ’дробная бульба’ (Нас., Грыг., Гарэц., Растарг., ТС; кобр., Нар. лекс.), у мотлах ’на кавалкі’ (усх.-маг., КЭС), ст.-бел. мо́тлохъ ’натоўп, зброд’ (XVI ст.) — апошняе Булыка лічыць запазычаным са ст.-польск. (Лекс. запазыч., 37). Укр. мо́тлох, рус. бран., кур. мотлах, польск. motłoch, motłota. Брукнер (345) звязвае польск. лексему з mietlica ’пустазелле’, у чым Махэк₂ (561) сумняваецца пры разглядзе чэш. smotlacha ’пустазелле’, зах.-славац. šmatluha, валаш. smotlaka ’нячыстае зерне’. Мяркулава (Этимология–1974, 71–74) узводзіць іх да прасл. telkti ’таўчы’ і прызнае наяўнасць экспрэсіўнага прэфікса mo‑ (з варыянтамі ma‑, me‑, mu‑). ЕСУМ (3, 522) звязвае з motati, metati.

Зрані́ць, зро́ніваць ’заўчасна нарадзіць нежывое дзіця’ (Нас.). Рус. валаг. изроня́ть ’страціць’, вяцк. изрони́ть ’пражыць у бядзе’, укр. зрони́ти ’не ўтрымаць, упусціць’, ’сказаць’, польск. zronić ’упусціць’, ’нарадзіць заўчасна’, чэш. zroniti ’змачыць (слязьмі, потам)’, славац. zroniť ’скінуць уніз, забіць’, в.-луж. zronić ’упусціць’, н.-луж. zroniś ’упусціць, рассыпаць’, серб.-харв. изро̀нити ’выйсці з-пад вады на паверхню’, ’выйсці на свет’, ’узнікнуць’, ’праліць, прасыпаць’, балг. изо̀нвам (се) ’крышу́ на дробныя часцінкі’, ’падаю (пра лісце, пот, зерне, слёзы)’, макед. изрони ’тс’. Ст.-рус. изронити ’дазволіць упасці, утраціць’ (XII ст.). Прасл. jьz‑ron‑i‑ti верагодна, мела значэнне ’ўпусціць, праліць, прасыпаць’, якое развілося ў бел., польск. да значэння ’нарадзіць заўчасна’ (аналагічнае развіццё ў выкінуць).

Су́спіца ’адходы пры веянні збожжа (з дробных зярнят і пустазелля)’ (слуц., усх.-палес., Сл. ПЗБ; ЛА, 5, Шымк. Собр.), ’супражка, складчына’ (Касп.), сусьпіца, суспіца ’змешаная жытняя мука’ (Пятк. 1, ЛА, 4). Укр. дыял. су́спиця ’змешанае зерне (напр., жыта з пшаніцай, жыта з ячменем і пад.)’, рус. паўдн. су́спица ’адходы пры веянні збожжа’, старое польск. suspica ’сумесь мукі розных культур’. Паўн.-прасл. *sǫsъpъ, параўн. яшчэ стараж.-рус. сусъпъ ’складчына’, таксама польск. тапонім Sąspów (з XV ст.), аддзеяслоўны дэрыват ад *sъ‑suti ’ссыпаць разам’. Борысь (Prefiks., 107), Фасмер (3, 810), ЕСУМ (5, 484) разглядаюць як дэрыват з прыст. су- < *sǫ‑ ад асновы *sъp‑, якая звязана чаргаваннем з *suti, *sъpǫ ’сыпаць’. Гл. таксама шушпіца.

Пра́жыць, прэ́гчы, прагці́ ’падпякаць перад полымем’, ’апрацоўваць зерне, арэхі, насенне моцным жарам перад спажываннем’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Бір. Дзярж., Гарэц., Нік. Очерки, Яруш., Касп., Клім.). Рус. зах. пря́жить, пря́гу ’смажыць (у масле)’, укр. прягти, пряжу́, ц.-слав. пръжити, пражити ’смажыць, сушыць’, польск. prażyć, в.-луж. pražić, н.-луж. pšažyś ’падсмажваць, паліць, сушыць’, чэш. pražiti ’падпякаць, смажыць арэхі’, славац. pražiť ’падсмажваць, паліць, сушыць’, серб.-харв. пр̏жити, славен. prážiti, pŕžiti ’смажыць, падпякаць’, балг. пъ́ржа ’тс’, макед. пржи ’тс’. Прасл. *pražiti; ‑ŕa‑ ў рус. і ўкр. гіперграматычнае. Роднаснае літ. spraga, spragė́ti ’смажыцца’, ’трашчаць (аб драўніне’), нарв. spraka ’трашчаць’, ст.-інд. sphūrjati ’бурчыць, грыміць, вырываецца надвор’, авест. sparja ’парастак’ (Фасмер, 3, 383; Траўтман, 276 і наст.; Махэк₂, 482, Брукнер, 434). Гл. таксама прагнуць.