Е́мя ’ежа, харчы’ (Касп., Шат., Гарэц., Бяльк.). Рус. бранск. емье, рус. емень, ст.-рус. ѣмена (параўн. сѣмя/ѣмя = сѣмена/ѣмена). Зерне можа прызначацца на семена (насенне) або емена (на з’яданне). Такім чынам, зыходны назоўнік еме (< *ědmę) сустракаецца толькі на беларускай глебе і на бранскім сумежжы. Таму выклікае сумненне сцвярджэнне Трубачова (6, 42) аб балта-славянскай і нават індаеўрапейскай старажытнасці бел. емя (параўн. літ. ėdmeė́ ’ежа’, лат. ēdmenis, ст.-інд. adma ’тс’, якія адпавядаюць і.-е. edmen/edmṇ). Хутчэй бел. еме (гл. еміна) — рэзультат балтыйскай лексічнай інфільтрацыі. Гл. яшчэ Ваян, BSL, 59, 142; Экерт, SlW 54.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)