Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Напэ́рло ’чыста’, напэрло памый падлогу (дзятл., Сцяшк. Сл.). Відаць, ад перла з польск. perła ’перл, перламутр’, параўн. блішчыць, як шкельца (пра нешта чыста вымытае); ёсць таксама звесткі аб выкарыстанні ракавін пярловіцы (бяззубкі) для шаравання падлогі.

Напярэ́спяхі ’навыперадкі’ (зэльв., Жыв. сл.), на‑піраспехі ’наперагонкі, хто каго перагоніць у чым-небудзь’ (Нік., Оч.). Ад незафіксаванага *пярэспех ад спех ’спешка’, гл. спяшацца.

Напярэ́сцігі ’напярэймы, наперарэз’ (Сцяшк.; зэльв., Жыв. сл.; карэл., Янк. 1), напярэ́сцікі ’наўпрасткі, карацейшым шляхам, наперарэз (ісці, бегчы)’ (Янк. 1). Ад незафіксаванага *пярэ́сціг ’абгон’, да рэдкага ў беларускай мове — сці́гнуць ’дагнаць, дасягнуць’ (прасл. *stignǫti), параўн. насці́гнуць ’нагнаць’ (Некр. і Байк.) і пад.; утворана па тыпу наперахопкі ’навыперадкі’, наперагонкі ’тс’ і г. д., формы з ‑к‑ замест ‑г‑ пад уплывам апошніх.

Нара́ ’нара, дзірка ў зямлі ці інш.’ (Яруш., Байк. і Некр., ТСБМ), таксама но́ра ’тс’ (Янк. 3.), нура́ ’тс’ (віл., Сл. ПЗБ), нора́ ’нара, глыбокая яміна з вадой’ (ТС), укр. нора, рус. нора, польск. nora, nura, чэш., славац. nora ’тс’; славен. nora ’яма, пячора’ лічаць запазычаннем (параўн. Копечны, Zákl. zásoba, 275), аднак наяўнасць адпаведных мікратапонімаў пярэчыць гэтаму (Бязлай, 2, 227). Відаць, лакальнае ўтварэнне па тыпу жара́ (гл. жа́рыць) ад прасл. *noríti, гл. тураўск. нора́ць, норня́ць ’даваць нырца’ (ТС), укр. пори́ти ’рыць норы’, параўн. польск. norzyć ’ныраць, заглыбляцца’, чэш. nořiti, славац. noriť, в.-луж. norić, славен. noríti, серб.-харв. но̀рити (з метатэзай ро̀нити), балг. дыял. но́рвам, макед. норка ’тс’, нарне ’рынуцца’; праблематычна суаднясенне з ныраць ’тс’, роднасным да літ. neriù, nė́rti, nė́riau, nãras ’нырнуць, уцячы ў нару’, лат. nìrt, nirstu ’ныраць’ і інш. (гл. Фасмер, 3, 82; Махэк₂, 401; Брукнер, 365–366, а таксама: РР, 1975, 1, 101–103).

Нараві́ць ’імкнуцца, намагацца, старацца’ (мін., Жыв. сл.; слонім., Нар. словатв.), ’дагаджаць, гадзіць’ (Нас., Федар., Сцяшк.), ’уступаць, саступаць’ (навагр., З нар. сл.; Юрч.), ’чакаць’: цѣлый часъ норовивъ цебе (Нас.). Гл. нораў.

На́рад ’нашчадкі’ (Сержп. Грам.). Ад нарадзі́ць ’радзіць, даць жыццё’; магчыма, архаізм, у якім захавалася першаснае значэнне ’ўсе народжаныя, нашчадкі, род’, параўн. народ (гл.).

Нара́д1 ’падрыхтаваныя да ткацтва кросны’ (мсцісл., Жыв. сл., Лебед., Мат. Гом.), ’увесь набор ткацкіх прылад’ (дзярж., З нар. сл.). Ад нарадзі́ць ’падрыхтаваць кросны да ткацтва’, да рад (гл.).

Нара́д2 ’воз без драбін для вывазкі сена’ (Сержп. Земл.), нара́дка ’воз, у якім возяць гной’ (Жд. 2). Ад нарадзі́ць ’прыстроіць, падрыхтаваць’, гл. рад.

Нара́да (Гарэц., Байк. і Некр., ТСБМ). Гл. ра́да, ра́дзіць.

На́радзень ’зародак (у яйцы)’ (Шпіл.). Ад нарадзіць, гл. радзіць.

Нара́дка ’чары’ (чач., Жыв. сл.). Магчыма, да рад ’намер’ ці да рида ’работа’, параўн. нарабіць ’наваражыць’.

Нара́духа ’вясёлка’ (ТС). Відаць, народнаэтымалагічна асэнсаванае ридуга, збліжанае з нарадзіць, нараджиць ’упрыгожваць, прыбіраць’.