Наро́д ’народ, людзі, нацыя’ (Яруш., Бяльк., ТСБМ, Сл. ПЗБ), укр. народ, рус. народ, польск. naród, чэш., славац. naród, в.-, н.-луж. naród, славен. naród, серб.-харв. на́род, балг. наро́д, макед. народ. Прасл. *narodъ, аддзеяслоўны назоўнік (< *na‑roditi) першапачаткова з шырокім спектрам значэнняў, параўн. ст.-слав. народъ ’нараджэнне, паходжанне, парода’, а таксама ’народжаныя, нашчадкі, род’: народъ людии, народъ оученикъ, ст.-бел. народоу людско (XVI ст.), што магло адносіцца і да іншых жывых істот, параўн. чэш. národ rybí і пад.; пазней значэнне звузілася да ’людзі; пэўная супольнасць людзей’ (Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 991; Фасмер, 3, 45; Бязлай, 2, 214–215; Дегцяроў, Этимология–1974, 90; ESSJ SG, 1, 121). Значэнне ’нацыя’ ўзнікла на базе ’мноства, тлум’, ’насельніцтва краіны’ ва ўсходніх славян толькі ў XVIII–XIX стст. (гл. Ларын, Ист. рус. яз., 25). Гл. род.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)