Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пярво́сцінка, пярву́сцепка ’карова першага ацёлу’ (маг., віц., ЛА, 1), пярву́шчанка ’тс’ (гом., ЛА, 1, Бар. сл.), пярву́стка ’тс’ (клім., ЛА, 1), пярву́сцінак ’тс’ (Мат. Гом.), пярэсцінка ’тс’ (тамсама), пярсцёнка, пярвёсянка ’тс’ (Шатал.); рус. пёрвёстинка ’тс’, макед. първостинка ’авечка, якая акацілася першы раз’, ’першароднае дзіця’, пьрвостин ’першае дзіця’. Паводле Трубачова (Проспект, 75–76), да праслав. *pervest(b)nьjь < *pervestь ’першасць’, параўн. укр. первісний ’першапачатковы’, рус. пёр- востный ’тс’ і пад. Гл. таксама пёрвісінка.

Пярвя́стак (первясток) ’першы пачатак чаго-небудзь’, ’першынец’ (Нас.), ст.-бел. первястка ’першародка’ (1627). Запазычана з польск. pierwiastek, ст.-польск. pierwiastka паводле фанетычнай прыкметы — і > я (Цвяткоў, Запіскі, 2, 54), зыходны назоўнік *pьrvěstь ’першасць’ адлюстраваны ў прыметніках тыпу ўкр. первісний ’першапачатковы’.

Пярга́ ’пылок з кветак, сабраны пчоламі і прынесены ў вулей для падкормкі маладых пчол’ (лід., слуц., Сл. ПЗБ; Скарбы), перга́ ’тс’ (дзятл., барыс., рагач., Сл. ПЗБ; петрык., калінк., Шатал.; брэсц., навагр., ЛА, 1), ’пылок, перамешаны з мёдам’ (ПСл, Ян.), пэрга́, пырга́ ’пылок, корм для маладых пчол’ (Сл. Брэс., Клім.), pýrha ’пылок, якім пчолы засыпаюць соты’ (Маш.); сюды ж пярха́ ’ношка на лапках пчалы’ (ЛА, 1), укр., рус. перга́, польск. pierzga ’тс’, дыял. percha ’тс’ (відаць, з укр.). Мяркуецца, што не можа разглядацца асобна ад перга́ ’перхаць’ (лельч., петрык., ЛА, 1; ТС), пе́ргоць ’тс’ (ТС), рус. перга́ ’парша, перхаць, кароста’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьrga з агульным значэннем ’тое, што аддзяляецца, адскоквае’, хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік да *pьrgati, *pьrgnǫti ’растрэсквацца (пра скуру, кару), лушчыцца, абсыпацца’, параўн. польск. pierzgnąć ’абсівераць, стаць шорсткім (пра скуру)’, магчыма, і pierzchnąć ’стаць шорсткім, лушчыцца (пра скуру)’, а таксама ’пырснуць, адляцець; уцячы’ (Брукнер, 405, 411); паводле Банькоўскага (3, 562), апошняе з *pьrxati, pьršeti, гл. пярхаты. Суадносяцца з літ. spìrgii ’трэскацца, распадацца’, лац. spergere ’аддзяляць, раскідваць, рассыпаць’, што да і.-е. *(s)perg‑ ’адлучаць, рассыпаць’ (Банькоўскі, 2, 563), прадстаўленага і ў пірга́ць ’штурхаць’, гл. (Гарачава, Этимология–1985, 69–70; Варбат, Этимология–2000–2002, 24–25). Можна супаставіць з *pьrxa як варыянтам ад і.-е. *per‑ з іншым дэтэрмінатывам (Траўтман, 206; Шульгач, RS, 51, 96). Сувязі з серб.-харв. дыял. пр̏га ’мука з расліны Sorghum; каша з такой мукі’, славен. pŕga ’казіныя бубачкі; насенне’ і ’мука з сушанай садавіны; ляпёшка’ (разглядаюцца як амонімы, гл. Фурлан–Бязлай, 3, 118–119, на думку Куркінай, Этимология–1994–1996, 200, беспадстаўна, бо ўзыходзяць да *pьrga ’нешта дробнае’ ), балг. пъ́рга ’жыта, якое пачало толькі спець, але яшчэ не зацвярдзела’, ст.-слав. пръга ’пражмо’, стараж.-рус. перга ’тс’, чэш. prha ’расліна Атака; хлеб з мукі, змолатай з падсушанага новага зерня’, што параўноўваюцца з літ. spirgà ’гарачыня’, spirgéti ’пражыцца, пячыся’, spróga ’адростак, атожылак’, spùrgas ’пупышка’, грэч. ασπάραγος ’парастак’ і інш., акрамя ст.-інд. parāgas ’пылок з кветак’ (гл. Фасмер, 3, 235; Махэк₂, 483; Скок, 3, 38–39; БЕР, 6, 77), застаюцца семантычна далёкімі. Гл. і пе́рга, пярха́.

Пярдзе́ць ’pedere’ (Федар. 6), сюды ж пярдзі́на ’від грыбоў’: ета пярдзіна, ён — як атрава (Бяльк.), укр. перді́ти ’pedere’, рус. перде́ть, польск. pierdzieć, палаб. pohrde, чэш. prděti, славац. pdieť, в.-луж. pjerdźeć, н.-луж. pjerźeś, серб.-харв. пр́дети, славен. prdẹ́ti, балг. пърдя́, макед. прди ’тс’. Прасл. *pьrděti, параўн. літ. pérsti, pérdžiu, лат. pir̃st, pęr̃du, ням. furtzen, ст.-інд. párdatē, грэч. πέρδομαι ’тс’ (Фасмер, 3, 235–236; Скок, 3, 29–30; Шустар-Шэўц, 2, 14, 1080; Махэк₂, 482–483; БЕР, 6, 81; Банькоўскі, 2, 557).

Пярло́ўка, парло́ўка ’ячныя крупы’ (в.-дзв., бяроз., Сл. ПЗБ). Да пе́рл ’жэмчуг’ (гл.) з-за падабенства колеру круп да жэмчуга, хаця больш праўдападобна запазычанне з рус. перло́вка ’ячныя крупы’, што як і польск. kasza perłowa з ням. Perl‑graupen ’ячныя крупы’, гл. пе́рла (пэ́рла) ’тс’. Пярловыя маціцы ’каралі з жэмчуга ці падробак пад жэмчуг’ (Малч., 162) таксама з’яўляюцца дакладным перакладам ням. Perlemutter, гл. перламутр.

Пярна́т (перна́т) ’пухавік’ (Нас.), ’пярына’ (Бяльк.), pirnát ’вялікая падушка з пер’я на ўвесь ложак’ (Варл.), пярна́ты ’падушкі’ (Шат.), пырна́ты, перна́ты ’пярына’ (Булг.). Запазычана з польск. piernat ’матрац, напоўнены пер’ямі’ (Кюнэ, Poln., 86), што, відаць, уяўляе субстантываваную кароткую форму прыметніка *perьnatъ, параўн. ст.-бел. пернатыи (Скарына), укр. перна́ткий ’пакрыты пер’ямі’, рус. перна́тый ’тс’, чэш. pernatý, ст.-чэш. peřnatý, славен. pernat, балг. перна́т ’падобны да пяра’, ст.-слав. перьнатъ ’пакрыты пер’ямі’. Польскае слова, паводле Банькоўскага (2, 558), выводзіцца з дыял. piernaty, pierznaty < *pierzynaty, ад *perina, гл. пяры́на ’пяро’, што неабавязкова, параўн. балг. пе́рен ’перысты’ (< *perьnъ) з далучэннем суфікса носьбіта прыкметы — перна́тка; у народнай песні: патки пернатки ’пёрыстыя качкі’ (БЕР, 5, 177).

Пярну́ць ’моцна ўдарыць’ (бялын., Янк. Мат.; Яўс.), пя́рнуць ’тс’ (круп., Жыв. сл.). Аднакратны дзеяслоў да пе́рыць ’біць’ (гл.).

Пяро́ ’пяро птушкі; пяро для пісання; зялёны ліст цыбулі ці часнаку; лопасць у інструментах’ (ТСБМ), ’птушынае пяро’ (Шымк. Собр., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’плаўнік’ (свісл., Шатал.), перо́ ’пяро ў птушкі’ (Сержп., Каз.), ’лапатка ў вясле; перыстая трава; плаўнік у рыбы’ (ТС), ’лускавінка ў шышцы; сцябло цыбулі’ (ПСл), пэро́ ’шырокая частка вясла’ (Маслен.), ж. р. пяра́ ’птушынае пяро’ (даўг., Сл. ПЗБ), пяры́на ’адно птушынае пяро’ (ТСБМ), пяры́нка ’пёрка’ (Бяльк.), укр. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік’, піры́на ’адно пяро’, рус. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; шырокая частка вясла’, польск. pióro ’птушынае пяро; крыло; пяро для пісання; лопасць’, чэш. pero, péro ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, славац. pero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, палаб. perü ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, в.-луж. pjero ’пяро; плаўнік’, н.-луж. pjero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, славен. perȏ ’птушынае пяро; пружына гадзінніка; пяро для пісьма; вастрыё пілы; язычок ключа’, серб.-харв. пѐро ’птушынае пяро; плаўнік; ліст’, балг. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; ліст расліны; лопасць; зялёны ліст цыбулі’, макед. перо ’птушынае пяро; восць коласа; ліст кукурузы; пяро для пісання’. Праслав. *pero ’пяро’, роднаснае літ. spar̃nas ’крыло, лопасць’, лат. spàrns ’тс’, ст.-інд. parnám ’крыло, пяро’, авест. parəna‑ ’пяро, крыло’, перс. parr ’тс’, ням. Farn ’папараць’, што ўзыходзяць да і.-е. *per‑/*sper‑ гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання (перадае трымценне), параўн. Фасмер, 3, 243; Шустар-Шэўц, 2, 1081; Глухак, 475. Менш верагодная іншая версія, згодна з якой праславянская форма параўноўваецца з грэч. πτερόν ’пяро, крыло’, πέιομαι ’ляцець’, ст.-інд. pátram ’крыло, пяро’, лац. penna ’тс’, ст.-в.-ням. fedara ’пяро’, ням. Feder ’тс’, што да і.-е. *ptero < *pet‑ ’ляцець’, параўн. Бязлай, 3, 27; Сной₂, 507; БЕР, 5, 179, насуперак ESJSt, 11, 636, дзе па словаўтваральных крытэрыях аддаецца перавага апошняй версіі.

Пяро́д ’вузгалоўе (у возе)’ (ЛА, 2), пэро́д ’раней’ (пін., Сл. ПЗБ), перэ́д ’перадок (ботаў)’ (ПСл). Гл. перад.

Пяро́чка ’папярочка’ (Шат.; пух. Сл. ПЗБ). Гл. пе́рак.