Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вясня́чка ’яравая пшаніца’ (слонім., Сцяшк. МГ) — вузка-рэгіянальнае ўтварэнне ад вясна́ (гл.) і суф. ‑ячк‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 182).

Вясталка ’жрыца старажытнарымскай багіні Весты — захавальніцы дамашняга агню’ (БРС, КТС), укр., рус. весталка, польск. westalka і г. д. Запазычана з польск. ці з рус. мовы; у якой < з франц. vestale (Фасмер, 1, 304) або непасрэдна з лац. (у канцы XVIII ст.) паводле Шанскага, 1, В, 74.

Вястун ’веснік, прадвеснік’ (БРС, КТС), рус. пск. вестуно́к ’веснік’, польск. zwiastun ’прадвеснік, вястун’. Бел. лексема — пранікненне польск. zwiastun (без прэфікса z‑, які, аднак, захаваўся ў слове звестка (гл.)). Да ведаць, весць (гл.). Сюды ж вясту́нка (БРС, КТС).

Вясціна ’вестка’ (КТС). Утворана пры дапамозе сінгулятыўнага суф. ‑іна ад весць (гл.).

Вясы1 ’вага, вагі’ (Бяльк., Інстр. III, Сцяшк. МГ) запазычана з рус. весы ’тс’ (Шанскі, 1, В, 77; КЭСРЯ, 77).

Вясы2 ’вага ў студні з жураўлём’ (б.-каш., ДАБМ) магло ўзнікнуць як перанос вясы1 або як пераклад бел. вага ’вага ў студні з жураўлём’ пад уплывам рус. весы ’вага’.

Вясьці ’весці, цягнуць’ (КТС, Бяльк., Касп., міёр., З нар. сл.), вясьці́сь ’весціся, быць, паводзіцца, устанавіцца звычаю’ (Бяльк.). Да ве́сці (гл.).

Вя́тка ’натоўп, гурт людзей, арцель, чарада’ (Гарэц., КСП, КТС, Нар. сл., Садоўскі, вусн. паведамл.). Рус. вятка ’тс’ (смал., Даль, пск., СРНГ); ’вячоркі’ (смал., Садкова, вусн. паведамл.). Слова з даволі вузкім арэалам распаўсюджання. Параўн., напрыклад, заўвагу Козырева: «Вятка… — специфически смоленская лексика» (Бел.-рус. ізал., 59). Недахоп даных прымушае выказаць толькі здагадку. Можна дапусціць, што гэта рэпрэзентацыя старой асновы jat‑ (‑iti) (параўн. серб.-харв. jȁtiti (se) ’збірацца’). Па форме (далучэнне пратэзы) гэта, у такім разе, утварэнне тыпу вячай, вятроўка (гл.). Да семантыкі параўн. паўднёваславянскую лексіку: серб.-харв. jȁto ’чарада, абшчына, брацтва’, славен. jȃta ’чарада, статак’, балг. ято ’чарада’ і да т. п., аб якіх гл. Скок, 1, 761. Вятка, такім чынам, дэмінутыў ад jat‑a або іначай суфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслоўнай асновы jat‑. Усю праблематыку апошняга гл. пад ятка2.

Вятлі́на (Байк. і Некр.). Укр. vetłýna ’Salix vitellina L.’ (Макавецкі, Sł. botan.); ’Salix viminalis L.’ (там жа), рус. дыял. ветли́на ’Salix L.’ Ад ветла з суф. ‑іна. Гл. ветла (там і літ-pa). Адносна суфікса ‑іна гл. ГБМ, 1, 115; Крывіцкі, З нар. сл.; Слаўскі, SP, 120–123. Усходнеславянскае ўтварэнне; рус. ветлина ’бульбоўнік і інш.’ або другаснае, або адлюстроўвае першасную дыфузнасць значэння.

Вятлю́к ’маладзік’ (Бяльк.). Па фармальнаму падабенству гэта ўтварэнне, якое з’явілася ў выніку дээтымалагізацыі першаснага вятох (аб магчымасці такога працэсу гл. вятух). Пэўныя цяжкасці выклікае, аднак, наяўнасць л. Дапускаючы суфіксацыю ‑юк, тыповую для гэтага раёна, можна думаць, што маглі ўзнікаць і трансформы *‑люк як вынік перараскладання слоў тыпу шчаўлюк, шаплюк, гаплюк, камлюк і да т. п.; параўн. асабліва ціцярлюк ’цецярук’ (Бяльк.), дзе л, праўда, магло ўтварыцца фанетычным шляхам. Параўн. яшчэ фармальна падобнае жаўтляк ’жоўты агурок’. Іншая версія — існаванне формы тыпу *ветлы (< *ветхлы?), якую, магчыма, пацвярджае н.-луж. wjatły ’зношаны, стары, струхлелы’. Ва ўсякім выпадку суфіксацыя памяншальная, і гэта тлумачыць значэнне ’маладзік’ разглядаемага слова.

Вято́к, веточок ’маладзік’ (Нас.; Чач.). Польск. wietek, wiotek, чэш. валаш. vetek ’першая або апошняя квадра месяца’, якія з прасл. vetъxъ ’стары’; больш падрабязна гл. пад ветах. Што датычыцца бел. вяток, то яно, зыходзячы з даных геаграфіі (гродз., вілен., Нас.), семантыкі і фанетыкі, запазычана з польскай мовы. Праблематычным застаецца час, калі адбылося запазычанне. Магчыма, гэта даволі новае слова перыяду моцнага польскага ўплыву, а магчыма, і вельмі старое кантактнае запазычанне, калі польск. wietek, wiotek займала больш шырокую тэрыторыю (зараз толькі на поўдні, гл. Купішэўскі, Słownictwo, карта 3 і ст. 47–48). У такім разе семантычныя змены тыпу ’стары месяц’ — ’маладзік’ і да т. п. адбываліся таксама рана. Параўн. яшчэ бел. паўн.-зах. вётак ’назва старога месяца’ (Маш., Atlas, 2, карта 1). Верагодна таксама дапускаць незалежнае ўзнікненне бел. слова як утворанага з памяншальнай суфіксацыяй ‑ок і пад. (параўн. вятлюк) або фанетычным шляхам; параўн. жанік < жаніх.