Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вято́х ’апошняя квадра месяца’ (Байк. і Некр., Гар., Інстр. I, Карскі 2-3, Касп., КСП, КТС); ’месяц’ (Шатал.). Слова вядома на большай частцы беларускай тэрыторыі (за выключэннем поўдня). За межамі — рус. дыял. ветох ’тс’ (волх., смал., наўг., гарад., СРНГ); ’месяц’ (смал., СРНГ). Ад vetъxъ са зменай націску пасля субстантывацыі прыметніка (або ў выніку семантычнай кандэнсацыі канструкцыі vetъxъ měsenьcь). Гл. першаснае ветах.

Вятра́к ’ветраны млын’ (Байк. і Некр., БРС, Бяльк., Выг., Касп., КСТ, КТС, Маш., Шат., Яруш.). Укр. вітряк, рус. ветряк, польск. wiatrak, чэш. vetrák, větřák, славац. vetrák ’тс’. Паўночнаславянскае ўтварэнне ад асновы ветр‑ з суф. ак/ʼак. Улічваючы характар рэаліі, цяжка дапускаць старажытнасць утварэння. Параўн. яшчэ в.-луж. větrak ’вентылятар’, wětrak ’ветрагон’.

Вя́транка ’ветраная воспа’ (БРС, КТС, Інстр. II, Мат. Гом.). Рус. ветрянка ’тс’. Утварэнне на базе выразу ’ветраная воспа’ шляхам семантычнай кандэнсацыі з суф. ‑к‑; гл. Фасмер₁, 307, КЭСРЯ, 2, 78. Бел. вятранка, верагодна, з рус. мовы.

Вятро́ўка ’ятроўка’ (Жд., 2), ветроўка (КТС). Утвораны ад ятроўка (гл.) у выніку далучэння пратэзы в‑ (аб тэрыторыі распаўсюджання пратэзы гл. ДАБМ, к. 47). Параўн. вячай/ячай, вікона/ікона і інш. Больш падрабязна аб такой з’яве гл. пад вячай. Гл. яшчэ ватроўка ’ятроўка, жонкі родных братоў адна для другой’.

Вятро́ўкі ’басаножкі’ (Сцяц., Нар., Сцяц., З нар. сл., Жд.); ’жаночыя туфлі з адкрытай пяткай’ (Інстр. I, Сцяшк. МГ). Запазычана з польскай мовы; гл. Сцяц., Нар., 152; Крамко, З нар. сл., 85 (у апошняга «ў перыяд да 1939 г.»). Геаграфія слова (толькі заходняе) на карысць гэтай думкі. Параўн. польск. wiatrówka ’летняе адзенне’ (Верш. сл.).

Вятро́ўнік ’Filipendula Mill., рус. лабазник’ (Кіс.), вятроўнік, ’Spiraea L.’, вятроўніца ’Spiraea L.?’, рус. таволга’ (БРС, РБС, КТС). Цяжка зразумець, якую расліну мелі на ўвазе складальнікі БРС, таму што рус. таволга адпавядае розным лац. тэрмінам. Параўн. Лек. расл., 6, 205, дзе рус. таволга і лабазник з’яўляюцца сінонімамі (ВСС, 1, 374, 845 і інш.). Кісялеўскі (125) рус. таволга разумее толькі як ’Spiraea L.’ Гэтыя ваганні тэрмінаў адлюстраваны і ў народнай мове; параўн. назвы спірнік, спірэй, спірэя лясная для Filipendula hexapetala Gilib. (Spiraea filipendula L.), гл. Кіс., 54; параўн. Макавецкі, Sł. botan., 153–154, 357. Бел. вятроўнік можна параўнаць з паўн.-рус. ветрянка ’дубец’, ветерье ’куст’, якія лічацца роднаснымі ст.-інд. vētráḥ ’чарот’, славен. vȋtra ’скрутак, лаза, парастак’; гл. Фасмер, 1, 307, якія далей да вить, ветвь. Да гэтага магчыма дадаць чэш. дыял. vitra ’жгут, дубец’ (< vi‑ti; гл. Махэк₂, 692–693). Бел. вятроўнік, магчыма, прымыкае да адзначаных слоў. Гэта пацвярджаецца яшчэ і наступным. Рус. лабазнік, тоеснае бел. вятроўнік, немагчыма аддзяліць ад рус. лабазка ’Spiraea ulmaria’ (Фасмер, 2, 443, іншая назва гэтай расліны — Filipendula ulmaria Maxim.). У сваю чаргу лабазка лічыцца роднасным словам тыпу рус. лабазина ’дубец, палка’, укр. лабуз ’сцяблы пустазелля’, польск. łobozg ’пустазелле’, łabuź ’вадзяныя расліны, трыснёг, чарот’; гл. больш ’падрабязна Фасмер, 2, 442–443. Параўн., дарэчы, у Даля: «Более известна под именем таволги Spiraea crenata, коей тонкие и крепкие прутья идут у нас на шомпола и кнутовища» (Даль, 4, 709) і назвы для Spiraea ulmaria — чертогрыз, топырка (Даль, 1, 135). Больш верагодным уяўляецца, аднак, што бел. вятроўнік утворана іншым шляхам. Параўн. укр. лем. вітерник ’хвароба, калі на скуры з’яўляюцца прышчы, высыпка’ і ’расліна для лячэння гэтай хваробы’. Аналагічна рус. дыял. ветреник ’Anemone silvestris L.’; ’расліна, якая ўжываецца для лячэння свербу’; ’Pulsatilla patens Mill. (= Anemone patens L.)’, якой лечаць жывёл ад свербу, ветренка (прострел!) ’Pulsatilla patens Mill.’, адвар і настой якога — добры сродак ад рэўматызму, ветрунок ’тонкія пялёсткі бяросты, якія калышуцца на ветры і якія выкарыстоўваюць як сродак ад фурункулаў’ (СРНГ). Бел. вятроўнік ’Filipendula ulmaria Maxim.’ ужываецца пры рэўматызме, падагры, хваробах скуры; гл. Лек. расл., 6, 209. Іншую матывацыю знайсці цяжка (параўн., праўда, лац. Anemone і рус. ветреница, гл. Заверуха, Квіти, 53), хаця, безумоўна, ёсць розныя прычыны, па якіх расліна можа атрымаць назву з такой асновай. У балгарскай мове, напрыклад, шмат назваў з асновай вятър‑ абазначаюць зусім розныя расліны: купену, валошку, зарніцу, касцянец, эспарцэт, букашнік і г. д.

Вятро́ўніца ’вятроўнік’ (РБС, КТС). Гл. вятроўнік.

Вятру́га ’моцны вецер’ (Байк. і Некр., КТС). Укр. вітрюга ’тс’ (Грынч.). Ад асновы ветр‑ і суф. ‑уга, у дадзеным выпадку з узмацняльным адценнем. Адносна словаўтварэння гл. Слаўскі, SP, 68.

Вятры́ла ’ветразь’ (КСТ). Хутчэй за ўсё, як і ўкр. вітрило (Шаўчэнка), запазычана з рускай мовы. Рус. ветрило са ст.-слав. вѣтрило; параўн. балг. дыял. ве́трило, ветри́ло ’парус, ветразь’. Рус. дыял. назвы тыпу смал. ветри́ло ’прыстасаванне для аховы стога ад ветру’ сюды непасрэдна не адносяцца.

Вятры́ска ’моцны вецер’ (КТС, Сцяшк.). Польск. wiatrzysko, wietrzysko ’віхар’, в.-луж. wětrisko ’жахлівы вецер’ н.-луж. wētśisko ’навальніца’ (Швеля), чэш. дыял. vétřisko ’моцны вецер’. Думку аб супольнай інавацыі гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 146–147. Адносна суфікса, які лічыцца запазычаннем у бел. мове з польск. (ГБМ, 1, 97), гл. Слаўскі, SP, 96. Адносна геаграфіі суфікса параўн. АЛА, мат. і дасл., 1971, к. 23.