Вятлю́к ’маладзік’ (Бяльк.). Па фармальнаму падабенству гэта ўтварэнне, якое з’явілася ў выніку дээтымалагізацыі першаснага вятох (аб магчымасці такога працэсу гл. вятух). Пэўныя цяжкасці выклікае, аднак, наяўнасць л. Дапускаючы суфіксацыю ‑юк, тыповую для гэтага раёна, можна думаць, што маглі ўзнікаць і трансформы *‑люк як вынік перараскладання слоў тыпу шчаўлюк, шаплюк, гаплюк, камлюк і да т. п.; параўн. асабліва ціцярлюк ’цецярук’ (Бяльк.), дзе л, праўда, магло ўтварыцца фанетычным шляхам. Параўн. яшчэ фармальна падобнае жаўтляк ’жоўты агурок’. Іншая версія — існаванне формы тыпу *ветлы (< *ветхлы?), якую, магчыма, пацвярджае н.-луж. wjatły ’зношаны, стары, струхлелы’. Ва ўсякім выпадку суфіксацыя памяншальная, і гэта тлумачыць значэнне ’маладзік’ разглядаемага слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)