Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Квасо́к1 ’кісліца’. Гл. квасец.

Квасо́к2 ’шчаўе і страва з яго’ (Вешт., ТС), ’грыбны суп’ (Сцяшк.). Гл. квасок1.

Квасо́к3 ’квас’ (Бяльк.). Гл. квас.

Квасо́ліна ’фасоліна’ (Янк. II, Мат. Гом.). Да фасоліна (гл. фасоля).

Квасо́ль ’фасоля’ (Юрч., Гарэц., Жд. 3, Бяльк.). Гл. фасоля.

Квасо́лька ’фасоліна’ (ТС). Гл. квасоль.

Квасо́льнік ’лісце фасолі’, ’фасолевы суп’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Шатал.). Гл. квасоль.

Квасо́ля ’фасоля, Phaseolus vulgaris L.’ (Касп., ТС, Некр., Янк. II, Юрч., Мат. Маг., Ян.). Гл. фасоля.

Квасо́ўка ’кіслы крупнік’ (ТС, Ян., Вешт., Мат. Гом., З нар. сл., Сцяц., Бел. нар. сл.), ’кампот’ (Сцяшк. Сл.), ’страва з круп і сушанай садавіны’ (Нар. словатв.). Да квас (гл.).

Квась ’кіслата’ (Сл. паўн.-зах., Жд. 2, 3). Архаізаванае словаўтварэнне на ‑ǐ, характэрнае для адпаведных пар назоўнік — дзеяслоў (кваськвасіць).

Кватарава́ць ’часова жыць у каго-н., наймаючы кватэру, памяшканне’ (ТСБМ, КЭС, лаг., Янк. I), ’размяшчацца, быць на пастоі (пра войска)’ (ТСБМ). Гл. кватэра1.

Кватара́нец ’кватарант’ (Сцяшк., Янк. I, Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. кватарант. У адпаведнасці з Сцяцко, Афікс. наз., 147 суфікс ‑анец утварае назвы асобы па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам. У іх ліку кватаранец як канчанец ’жыхар супрацьлеглага канца вёскі’. Мяркуючы па братанец ’няродны брат’ (< братан), кватарант успрымалася як *кватаран, параўн. гаршчан ’ганчар’ (там жа). Тады паводле брат > братан > братанец, кватэра > кватаран(т) > кватаранец.