Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пры́шва1 ’драўляны вал у ткацкім станку, на які навіваюць ніткі асновы або вытканае палатно’ (Касп.; Інстр. 2), ’пярэдні навой’ (рас., Шатал.), ’папярочная перакладзіна ў кроснах’ (лудз., Сл. ПЗБ), ’частка кроснаў’ (Дабрав., Кросны), прышва ’сувой’ (Мат. Гом.). Рус. пришва ’пярэдні вал у ткацкім станку для ўмацавання нітак асновы і намотвання вытканага палатна’, ’абрэзак палатна, да якога прымацоўваюцца ніткі асновы’. Як сведчыць апошняе, прышва ад прышыць, тут у значэнні ’далучыць, прымацаваць’. Гл. прышыцца.

Пры́шва2, мн. л. пры́швы, пры́шву ’пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і пярэднюю частку ступні; галоўкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Мат. Гом., ТС; ашм., Стан.), прышы́ва ’тс’ (Мат. Гом.), пры́швы ’новыя перады, галоўкі, прышытыя да старых халяў’ (Растарг., Інстр. 1), сюды ж з падобнай матывацыяй ’частка, прышытая да асноўнай’ — пры́шва ’частка (рыбалоўнай) сеткі; крыло ў жаку’ (петрык., нараўл., З нар. сл.; Маш.). Рус. при́швы ’новыя галоўкі, прышытыя да старых халяў; боты з новымі галоўкамі, прышвамі’, дыял. ’сеткавае палатно, дадаткова прышытае да крылаў невада’, укр. при́шви ’галоўкі ў ботах’, при́шивка, при́шовка ’кожны з кавалкаў сеткі, з якіх яна пасшываная’, польск. przyszwa ’саюзка’. Гл. прышва1, а таксама Банькоўскі, 2, 952.

Пры́шва3, прышвы, прішва, прішвы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’; ’жэрдка ў паплёце’ (Касп., Бяльк., паст., Сл. ПЗБ; ТС; полац., слаўг., чэрык., ЛА, 4), пры́швіна ’паплеціна, прывязка’ (ТС), прышыўка ’жэрдка, мацаванне крокваў’ (Мат. Гом.), прышывала ’жэрдка ў паплёце’ (паст., глыб., Сл. ПЗБ), прышывала, прышывалі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (паст., шарк., глыб., ЛА, 4). Рус. смал. пришва ’жэрдка, каб прыціснуць салому на возе7. Да прышываць ’прымацоўваць, прывязваць’, гл. прышыцца.

*Прышкару́пнуць, прышкору́пнуць ’прысохнуць’ (ТС). Да шкарупа (гл.).

*Прышклюдава́ць, прышклюдоваць ’абчасаць склюдам’ (ПСл). Да склюд (гл.).

Пры́шласць ’будучыня’ (Ласт.), пры́шласць (Арсеннева). Укр. при́шлість ’тс’. З польск. przyszłość ’тс’ (Кюнэ, Poln., 89). Апошняе ад przyszły ’такі, які прыйдзе, будзе’ (гл. прышлы). Паводле Банькоўскага (2, 952), у польскай мове слова распаўсюдзілася ў XVIII ст. як пераклад франц. lʼavenir ’будучыня’, параўн. лац. venire ’прыходзіць’.

Пры́шлей ’хутчэй; лепш; прыдатней; больш дарэчы, прыстойна’ (Нас.; Касп., Бяльк.), прышлі ’лепш, зручней’ (Юрч. Фраз., 1). Рус. смал. пришло ’прыстойна, як след; да твару’, пришлее, пришлей ’лепш, прыдатней’. Вышэйшая ступень ад прышлы (гл.). Семантычна можна параўнаць з падыходзіць, падыходзячы, больш падыходзячы.

Прышло́паць (прышломатэ) экспр. ’ледзь дайсці’ (драг., Нар. лекс.). Гл. шлёмаць, шлэмаць.

Прышло́піць ’прыхлопнуць’ (ТС). Да шлапаць, шлопаць (гл.).

Пры́шлы ’які прыйшоў адкуль-небудзь, нетутэйшы, чужы’; ’які прыйдзе, наступіць; будучы’ (Ласт., Байк. і Некр., Шат., ТСБМ; арш., шчуч., маст., зэльв., слонім., глус., добр., ЛА, 3), ’які прыйшоў, надышоў (аб часе)’ (Мал.), ст.-бел. пришлый ’будучы’. Рус. при́шлый ’нетутэйшы, чужы’, смал. ’наступны’, укр. при́шлий ’будучы’. Першапачаткова дзеепрыметнік на ‑л‑ ад дзеяслова прыйсці. Другое значэнне, магчыма, з польск. przyszły ’тс’, параўн., аднак, ст.-бел. пришлое ’будучае’ (1562 г.), якое Карскі (2–3, 42) разглядае як звыклы дзеепрыметнік прошлага часу. Гл. пры́шласць.

Прышману́ць, прышаману́ць, прышману́цца ’захацецца’ (ТС). Гл. шманаць.

Прышпіндэ́рыць ’прышыць’ (нясвіж., Жд. 1). Хутчэй за ўсё з рус. пришпандорить ’моцна прырабіць, прымацаваць; моцна і акуратна прышыць’, якое да шпандыр ’шавецкае прыстасаванне’ (гл.).