Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыкме́ць ’набыць’ (Мат. Гом.). Верагодна, кантамінацыя дзеясловаў прыкме́ціць і (зай)ме́ць/прыйма́ць (гл.).

Прыко́зелкі (прыко́зэлкі) ’злучаныя парамі накрыж кароткія жэрдкі, якімі прыціскаюць салому ці кастрыцу на вільчыку’ (іван., пін., стол., Нар. сл.). Да ко́зелкі, памянш. ад казёл3 ’умацаванне саламянай страхі’ (гл.) < прасл. *kozьlь са значэннем ’прыстасаванне (драўлянае) паводле падабенства да (рагоў) жывёлы’ (ЭССЯ, 12, 32–33).

Прыко́л ’паля, кол, убітыя ў зямлю (для прычалу, для прывязвання жывёлы і пад.)’ (ТСБМ, ТС), прыка́л ’тс’ (Ян.). Няясна. У якасці дэрывацыйнай крыніцы прапануецца прыкало́ць, гл. калоць (ССБМ, 281), што наўрад ці адпавядае семантычнаму развіццю. Магчыма, да кол (гл.) ці ад калаці́ць (гл.). Параўн. ст.-рус. приколъкъ ’калы, убітыя ў дно для ўмацавання рыбалоўных сетак, закол, забой’ (Сразн.), рус. дыял. прико́л ’калок, убіты ў дно ракі для затрымання сеткі ў неабходным становішчы падчас рыбнай лоўлі’; ’рыбалоўны закол’, укр. при́кол ’невялікі калок, убіты ў зямлю’, при́кі́лок ’калок’.

Прыко́мкаць экспр. ’пазабіваць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Да ко́мкаць ’камячыць’, якое ад ко́м (гл.) з экспрэсіўным пераносам значэння ’збіць у камяк’. Параўн. рус. смал. прико́мкать ’завалодаць чужым, прысвоіць’.

Прыко́нец (прыко́нэц) ’сплеценая з конскага воласу вяровачка, якая прывязваецца да арапніка (пры ўмелым размаху гучна ляскае)’ (пін., Нар. лекс.), прыконе́чнік ’тонкі раменны кончык пугі’ (ТС); сюды ж фалькл. прыку́ньчик: прыкуньчика прыточу (Доўн.-Зап., Пін.). Лексікалізацыя словазлучэння пры канцы́. Параўн. аналагічнае укр. приконе́чник ’канец (пугі, бізуна)’.

Прыко́пак ’малая ўкладка сена на сенажаці’ (нясвіж., ЛА, 2), пріко́пык ’невялікая капа, складзеная асобна або каля вялікай капы ці стога’ (Юрч., Мат. Маг.). Да капа́ (гл.).

Прыко́снік ’клінок для замацавання касы’, прыко́сься ’лучок, прылада да касы, калі косяць збожжа, каб скошанае зграбалася і клалася касой у адну кучу’ (Бяльк.). Да каса́2 (гл.), параўн. рус. варонеж. при́кос ’клінок для замацавання ляза касы на касільне’, при́косок ’тс’.

Прыко́цаць ’забіць’ (віл., Сл. ПЗБ). Няясна. Фіксацыя слова дазваляе суаднесці з літ. kùcas ’дубіна, палена’. Не выключана і кантамінацыя з незафіксаваным гукапераймальным о́цаць < ко́каць/ко́кнуць (гл.).

Прыкра́сіць ’аздобіць, упрыгожыць’; перан. ’упрыгожыць выдумкай, перабольшаннем апавяданне, пераказ’; ’дадаць у ежу што-небудзь для каларыйнасці або смаку; закрасіць’ (Нас., ТСБМ); сюды ж сінанімічныя аддзеяслоўныя назоўнікі: прыкра́са, часцей мн. л. прыкра́сы ’аздоба, упрыгожанні; перабольшанне, выдумка’ (ТСБМ), прікра́са ’аздоба’ (Бяльк.), прыкра́са ’тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.; закраса)’ (Нас., ТСБМ). Параўн. з антанімічнымі значэннямі, што надаюцца семантыкай прыстаўкі, якое ў дадзеным выпадку з’яўляецца сінанімічным значэнню прыстаўкі пера- ’давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку’: прыкрасі́цца ’паблякнуць’: краса прыкрасіцца, а розум прыгадзіцца (шуміл., Сл. ПЗБ), прыкра́са, перэкра́са ’непрыгожая дзяўчына’ (Растарг.). Да слаба адлюстраванага — і толькі на ўсходзе — мглін., зах.-бранск. кра́сіць ’упрыгожваць’ (Кос., Растарг.), якое яшчэ ў прасл. *krasiti набыло значэнне ’дадаць у ежу’ (ЭССЯ, 12, 99–100). Параўн. рус. дыял. прикра́сить ’прыправіць, закрасіць (пра страву)’, ’пахваліць некага’, укр. прикра́сити ’ўпрыгожыць, зрабіць прыгажэйшым’.

Пры́кры, пры́крый, прі́крый, пры́клы ’непрыемны, брыдкі; крыўдны; надакучлівы, нязносны; прытарны, агідны; нясмачны’ (Нас., Нік. Очерки, Бес., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ; смарг., шальч., баран., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС, ЛА, 3), пры́кра ’непрыемна, брыдка; крыўдна; надакучліва, нязносна; прытарна, агідна’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Нік. Очерки, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Бяльк., ТС), ’горка’ (Байк. і Некр.), прі́кра ’прыкра; горка’ (Бяльк.). Сюды ж з іншымі архаічнымі значэннямі: пры́кры ’стромы (бераг)’ (Мат. Гродз., Сцяшк.), пры́кры, пры́крый ’абрывісты, круты (бераг)’ (лід., іван., пін., Сл. ПЗБ; ЛА, 2, ТС), прэ́кры, прэ́крый ’круты, стромкі (пра бераг)’, прэ́кро ’крута, стромка’ (Сіг., ЛА, 2). Таксама сюды ж вытворныя назоўнікі і дзеясловы, якія захоўваюць семантыку прыметнікаў: пры́красць, прікрысь, прікрысць ’непрыемнае пачуццё, непрыемнасць’ (Нік. Очерки, Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), пры́кросць ’прыкрасць, непрыемнасць’, ’круцізна, абрывістасць’, прыкрэ́ц ’круты бераг’ (ТС), са стратай каранёвага ‑р‑ пры́кун ’круты бераг’ (Мат. Гродз.); пры́крыць ’надакучваць; назаляць; рабіцца прытарным, агідным’ (Нас., Нік. Очерки, Байк. і Некр.), прыкрэ́ць ’рабіцца прытарным, больш салодкім’ (Нас.), прі́кріцца ’апрыкрыць, надакучыць’ (Бяльк.), пры́крыць ’рабіць непрыемнасці’ (ашм., Сл. ПЗБ); ст.-бел. прикрии, прыкрыи ’круты’, прыкрыи ’непрыемны’, прикритство ’строгасць, жорстскасць’ (Сл. Скарыны). Параўн. укр. при́крий ’непрыемны; моцны, надзвычайны; рэзкі (пра колер); злы; круты; стромы’, рус. дыял. при́крый ’прытарны’, ’цяжкі, недаступны, недасягальны (пра шлях, работу і пад.)’, польск. przykry ’прыкры, аскомісты’, чэш. příkrý, славац. príkry ’прыкры, брыдкі, непрыемны, аскомісты, востры’. Узыходзіць да прасл. *prikrъ(jь) ’круты; востры, горкі; непрыемны; рэзкі і г. д.’, якое калі не спрадвеку было полісемічным, то набыло шэраг значэнняў (аб якіх падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1983, 43–45; тут таксама крытычны агляд папярэдніх версій і аналіз семантыкі) даволі рана, што, безумоўна, можа быць звязана з патэнцыяльна невычэрпнай семантыкай і.-е. *qer‑ ’рэзаць’, да якога (з прэфіксам pri‑) праславянскае слова ўзводзіў яшчэ Петарсан (гл. Фасмер, 3, 364; Пятлёва, там жа). Іншыя версіі (Міклашыч, 264; Голуб-Копечны, 301; Махэк₂, 493) падаюцца пэўнымі ў значна меншай ступені. Кюнэ (Poln., 89) па лінгвагеаграфічных прычынах лічыў польскім запазычаннем у беларускай мове, што не мае падстаў у сувязі з народным характарам слова.