Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трайко́ ’трыко’ (пух., Сл. ПЗБ). Да трыко́ (гл.). Дыфтонг ‑ай‑ пры ад’ідэацыі лексемы ма́йка.

Трайко́нцік (тройко́нцік) ’трохвугольнік, выкладзены з камянёў, куды ідзе падуст на нераст і дзе яго ловяць’ (астрав., Сл. ПЗБ). З польск. trójkąt ’трохвугольнік’.

Трайла́, трэйло́, трала́ ’балбатуха, лапатуха; балбатун, лапатун’ (Сл. ПЗБ), тра́йла ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (ваўк., ЛА, 3), трайлава́ты ’балбатлівы’ (шальч., Сл. ПЗБ), трайло́чыць ’балбатаць’ (LKK, 1975, 16, 190). Параўн. польск. аргат. trajla ’трапло, балбатун’, trajlować ’плявузгаць, чмуціць, маніць’, літ. tráila ’пустамеля, пустамалот’. Меркаванні пра балтыйскае паходжанне (Зданцэвіч, LP, 8, 350; Лаўчутэ, Балтизмы, 73 і 85; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 112) патрабуюць дадатковай аргументацыі, паколькі літоўскія словы маюць гукапераймальнае паходжанне, параўн. tralė ’вясёлыя песенькі’, tráiloti ’спяваць вясёлыя песенькі’ і пад., параўн. выклічнік тра-ля-ля, трэліць ’плявузгаць, балбатаць’ (гл.); такое ж паходжанне можна дапусціць і для славянскіх слоў.

Трайлі́ць ’траіць, трэці раз араць на зіму’ (шчуч., Сл. ПЗБ). З трайні́ць (з менай нʼ > лʼ). Да траіць, гл.

Трайні́к ’прадмет, які складаецца з трох частак’ (ТСБМ), ’вілы з трыма зубамі’ (Абабур.), ’рыбалоўны кручок з трох кручкоў’ (Мат. Гом.), ’вялікі кручок на тры зубы ў выглядзе якара’ (мёрск., Жыв. НС), ’трохпудовая гіра’ (Касп., Мат. Гом.), ’рыбалоўная крыга з двумя гегнямі (у выглядзе палазоў)’ (паст., шарк., ЛА, 1; брасл., ігн., лудз., паст., Сл. ПЗБ; ЖНС), ’камізэлька’ (Мат. Гом.), ’бёрда на 13 пасмаў’ (ТС). Утворана з трайны́ (< прасл. *trojьnъ‑jь < *troje) ’які складаецца з трох аднародных ці падобных частак’, ’які паўтараецца тры разы, у трох відах або павялічаны ў тры разы’ (ТСБМ), параўн. тройны́е вілкі́ ’трохзубыя вілы’ (ТС). Сюды ж: трайча́к ’рыбалоўная крыга’ (круп., шчуч., ЛА, 1), трайня́к ’моцны пітны мёд’ (Нас., Байк. і Некр.), якое, аднак, можа быць паланізмам, параўн. польск. trójniak ’сорт напітку з мёду’. Меркаванні Лаўмане (Лекс. балтызмы, 18) пра калькаванне лексемай трайні́к ’рыбалоўная прылада, крыга’ літ. tribradis, лат. trīnis, trijbridis ’тс’ не пераконвае, хутчэй гэта міжмоўнае арэальнае ўтварэнне з нявызначаным цэнтрам інавацыі.

Трайні́ла, трайня́, трэйня́ ’вілкі, што злучаюць задок воза з перадком’ (Сл. ПЗБ; гродз., кам., чавус., касцюк., ЛА, 2), параўн. польск. дыял. trei̯niła ’кавалак дрэва з развілкай’. Меркаванне пра запазычанне з літ. trainìlas ’тс’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 112) не пераконвае, параўн. трайня2.

Трайну́ць — пры гульні “ў куля” кароткую палачку — куль — падкінуць уверх і двойчы ўдарыць, за што залічваецца тры ачкі (Юрч. Вытв.). Магчыма, балтызм, параўн. літ. trẽjinti ’траіць, павялічваць у тры разы’.

Трайню́шка ’церніца’ (навагр., ЛА, 4), польск. дыял. trójnia, trojaczka ’церніца з падвойным (двухрэбравым) білам’. Відаць, балтызм. Параўн. літ. tráinioti ’церці, мяць’.

Трайня́1, трайня́ты ’тройня, дзеці, якія нарадзіліся ад адной маці ўтраіх адначасова’ (ТСБМ, Растарг.; астрав., Сл. ПЗБ), троеня́та, тройня́та ’тс’ (ТС). Укр. трійня́, трійня́та, рус. тро́йня. Усходнеславянскае ўтварэнне ад асновы трой‑ (зборнага назоўніка *troje) і суф. ‑ня (< прасл. *‑ьnʼa), параўн. аналагічныя па ўтварэнню дво́йня, двайня́ты ’блізняты’ (ТСБМ), двайня́ты ’тс’ (Янк. 2), з іншай суфіксацыяй трайнюкі́ ’тройня’.

Трайня́2, трыйня́, тройня́ ’аснова воза, падоўжаны брус у калёсах, які злучае пярэднюю вось з задняй’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Варл., Янк. 2, Бір. Дзярж., Маш., ТС, Сержп. Земл., Дэмб. 2, Пятк. 2, Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), тро́йня ’тс’ (ТС, Сл. Брэс.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 113), гэта балтызм, параўн. літ. trainỹs, treĩnė ’тс’ (дадамо яшчэ лат. treiliņš, treilis ’тс’), аднак Смачынскі (684) адносіць літоўскія лексемы treinijà, trajnijà, treinỹs альбо trajnỹs, treinė і trainė, а таксама лат. treĩnis ’тс’ да слоў, запазычаных з бел. трайня́ ’тс’ (ці з рус. тройня́). Сюды ж: трайняш ’тс’ (Мат. Гом.). Параўн. таксама трайніла, гл.

Тра́йстка ’невялікі мяшок, сумка’ (Касп.). У выніку перастаноўкі ‑р‑ з тайстра ’кайстра, торба, клунак’ (гл.). Параўн. таксама кайстра2 ’тс’, гл.