Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тава́ранка ’назва грыба’ (Нар. Гом.), тава́рынка, тава́ранак ’грыб малачай звычайны, Lactarius trivialis Fr.’ (мазыр., рагач., Сярж.–Яшк.). Да тавар1 (гл.), параўн. таварачы; відаць, з-за малочнага соку, які выдзяляецца на зломе, параўн. іншыя назвы гэтага віду грыбоў: кароўка, кароўнік і пад.

*Тава́рач, това́рач ’расліна шальнік, Alisma’ (ельск., Жыв. сл.). Няясна, магчыма, да наступнага слова (гл.) з семантыкай ’неядомы, шкодны’, таму што ён атрутны, параўн. укр. жабник ’шальнік’.

Тава́рачы, тавараччы ’каровін’ (Мат. Гом.), това́рэчы ’каровін, каровячы’ (ТС), сюды ж словаспалучэнні з прыметнікам: тава́рачы рыжок, тава́рычы рыжкі́ ’грыб ваўнянка, Lactarius torminosus Fr.’ (ельск., ЛА, 1; Расл. св.), тава́рачы грыб, тава́рачыя грыбу́ ’грыбы, якія ядуць каровы, авечкі’ (мазыр., Жыв. сл.), това́рачы бобо́ўнік ’расліна бабок трохлісты, Menyanthes trifoliata’ (лельч., Нар. лекс.). Утварэнні ад тавар1 (гл.), прыметнік таксама ў пераносным значэнні ’неядомы, шкодны, дзікі’, параўн. назвы грыбоў і раслін з азначэннямі конскі, сабачы, воўчы, жабечы, вужовы і благі, дрэнны, паганы, нічогі.

Тавары́ства ’сукупнасць людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.), ’група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі’, ’блізкасць, заснаваная на такіх адносінах’, ’арганізацыя, у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі’ (ТСБМ), ’асацыяцыя, суполка’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’кампанія; людзі аднаго ўзросту’ (Сержп. Прымхі; узд., Жд. 1), тавары́ство ’аднагодкі, равеснікі’ (іўеў., чэрв., капыл., лях., пух., Сл. ПЗБ), ’дружбакі, сябры’ (ваўк., лях., пух., Сл. ПЗБ). Дапускаецца запазычанне з польск. towarzystwo з шырокім колам значэнняў, аднак, паводле Векслера (Гіст., 176), у выніку адзначанага ў XV-XVI стст. спрашчэння збегу зычных шляхам адпадзення пачатковага ш перад с: таварыш > таварыства, параўн. у Насовіча: тавары́шства (товари́шство) побач з тавары́ства (товари́ство) ’прыяцельства, сяброўства’, ’група людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.). Гл. наступнае слова.

Тава́рыш ’друг, прыяцель, паплечнік, калега’, ’равеснік, аднагодак’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), това́рыш ’сябар’ (ТС), товарышо́к ’пры неафіцыйным звароце’ (Нар. Гом.), сюды ж карэляты ж. р. тава́рышка ’сяброўка, саўдзельніца’, ’спадарожніца’, ’равесніца, з якой таварышавала’ (Янк. 2), ’сяброўка, аднагодка’ (Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, Жд. 2), товары́шка ’тс’ (ТС), таварышава́ць ’сябраваць, дружыць’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі), таварышкава́ць ’тс’ (Сцяц.), товарышова́ць, товары́шыць ’тс’ (Нас., ТС), ст.-бел. товаришь ’прыяцель; супольнік’ (Альтбаўэр), товаришъ, това́рышъ, таваришъ, таварышъ, товарышка ’супольніца’, товаришити ’дружыць, быць у адной суполцы’ (Карскі 2-3, 277, 394). Укр. това́риш ’прыяцель, супольнік’, рус. това́рищ ’тс’, польск. towarzysz ’тс’, каш. towařëš, н.-луж. towariš ’тс’, в.-луж. towarš ’тс’, ст.-чэш. tovaryš, towařiš, чэш. tovaryš ’падмайстар’, ’супольнік’, славац. towariš, славен. towȃriš ’тс’. Адзінага меркавання адносна паходжання слова няма. Чарных (2, 247) выводзіць са стараж.-рус. товаръ (гл. тавар1) з, магчыма, старэйшым на ўсходнеславянскай глебе значэннем ’стан; вайсковы лагер’. Суфікс ‑išč‑ь замест *‑iš‑ь/*‑yš‑ь, які адзначаецца ў іншых славянскіх мовах і сярэднерускіх гаворках, можа, такім чынам, тлумачыцца ўплывам стараж.-рус. това́рище ’стан’ (паводле Сразнеўскага, найбольш ранняя фіксацыя пад 992 г.), паводле Карскага (2–3, 394), апошнія ў выніку спрашчэння. Часцей слав. *tovarišь або *tovoriščь лічыцца запазычаннем з цюркскіх моў, у якіх слова складаецца з дзвюх частак: тур., чагат. tavar ’маёмасць; скаціна; тавар’ і () ’сябар, таварыш’ (Фасмер, 4, 68; ЕСУМ, 5, 586; Борысь, 639).

Таво́т ’густая змазка для машын і механізмаў’ (ТСБМ), ’салідол’ (Сцяшк.). Праз рус. таво́т або польск. towot ’змазка’. SWO першакрыніцай лічыць французскае прозвішча Tovotte, аднак сувязь з апошнім не патлумачана.

Тага́н1 ’падстаўка на ножках пад кацёл, чыгунок, вядро і пад. пры гатаванні ежы на агні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ’трыножак, на які вешаюць калыску з дзіцем у час жніва’ (леп., ЛА, 3; Ян.), таганы́ ’тс’ (ТСБМ, Касп.; докш., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ушац., леп., ЛА, 3), ’трыножнік для падвешвання ў полі люлькі, катла’ (ТС), тагано́к ’невялікі металічны кацялок з дзяржаннем для варкі ежы ў полі’ (Растарг.). Укр. тага́н ’трыножнік для катла’, тагани́ ’прыстасаванне для падвешвання калыскі ў час працы на полі’, рус. тага́н ’падстаўка для катла, трыножнік’, серб.-харв. тѝга̄њ ’патэльня’, балг. тига́н ’тс’, ст.-слав. таганъ, тиганъ ’тс’. З цюркскіх моў, дзе тат. qazan taɣany ’козлы для падвешвання катла’, крым.-тат. tyɣan ’жароўня’, якія далей звязваюць з грэч. τηγανον ’патэльня’, новагрэч. τηγάνι(ον) ’тс’ (Фасмер, 4, 9; ЕСУМ, 5, 502; Анікін, 521).

Тага́н2 ’катаванне, строгі допыт’: возьми его на таганъ, дакъ и прызнаецца (Нас.). Рус. смал. натага́н ’у розныя бакі, урасцяжку’, ’на расправу’ (Дабр.). Відаць, да папярэдняга слова (гл. таган1), якое мела і спецыфічнае значэнне ’прылада для катавання’, захавалася толькі ў спалучэннях з прыназоўнікам (прыстаўкай) на: на тага́н, натага́н ’паддаць расправе, катаванню’.

Тага́ніць ’цягаць’(Нас.), тъга́ніць ’несці, валачы’ (мёрск., Нар. лекс.). Да тага́н (гл.) з мяркуемым значэннем ’расцяжка’. Параўн. натаганіць (гл.).

Тага- (таго‑) — ненаціскны элемент складаных слоў тагабо́чны ’які жыве на тым баку’, тагаго́дні ’мінулагодні’, тагаро́чны ’тс’ (Нас.), тагасве́тны ’незямны, пасмяротны’, тагача́сны ’які існаваў у мінулым’ (ТСБМ), тагоча́сны ’тадышні’ (Ласт., Бяльк.). Да той (гл.), на базе спалучэнняў з таго боку, з таго свету, з таго року і пад., параўн. таго‑часу ’зараз жа’ (Нас.). Гл. таго.

Тагды́ ’тады; часам, калі-нікалі’ (ТСБМ), ’тады; потым’ (Сцяц., Ян.), ’тады’ (Сержп. Прымхі; віл., Жд. 3), ’у той час, перыяд’ (Сл. ПЗБ), тогды́ ’тс’ (ТС, ПСл), ’у той час, пасля таго’ (пруж., беласт., Сл. ПЗБ), тогды́‑сёгды́ ’час ад часу’ (ТС), тагды́‑сягды́ ’калі-нікалі’ (в.-дзв., Шатал.), сюды ж фанетычныя варыянты тагдэ́ ’пасля таго, потым’ (Сл. ПЗБ), тогдэ́ ’ў той час, пасля таго’ (кам., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), тоўды́ ’тс’ (ПСл), товді ’тс’ (Сл. Брэс.), а таксама тагды́шні ’тадышні’ (Нас.); ст.-бел. тогды, тагды ’тады’ (Альтбаўэр, КГС). Укр. тогді́, дыял. товді́, тоўді́, рус. тогда́, дыял. тогды́, товды́, то́жды, стараж.-рус. тогда, тъгда, тъгды, тогды, толды, ст.-польск. tegdy, в.-луж. tehdy, н.-луж. tegdy, чэш., славац. tehda, tehdy, балг. тога́(ва), макед. тога, тогай, тогаш, ст.-слав. тогда, тъгда, тогъда, тьгда, тодга ’тады, у той час’. Прасл. варыянты *togdy/*tъgdy ’тады’ з указальнага займенніка *to (Шустар-Шэўц, 1502 да *to‑ дадае яшчэ *te‑ і tъ‑ з дыялектнай дыферэнцыяцыяй у славянскіх мовах яшчэ з праславянскіх часоў) і фарманта ‑gdy (ESSJ SG, 2, 667–671) або *gъdy (Борысь, 630). Паводле Карскага (2–3, 417), тут выступае форма Тв. скл., як і ў ст.-бел. всегды ’заўсёды’, иногды ’часам’ і пад. Першая частка звычайна супастаўляецца з літ. tadà, tad ’тады’, усх.-літ. tadù, ст.-інд. tadā́, вед. tadānīm, tadāmm, авест. taẟa (Фасмер, 4, 68–69; ЕСУМ, 5, 590). Адносна другой часткі *‑gdy на падставе лат. tagad (< *tagadi) ’цяпер’, укр. тогід ’у мінулым годзе’ мяркуецца, што гэта склонавая форма ад прасл. *godъ, менавіта Р. скл. адз. л. *goda (Мюленбах-Эндзелін, 4, 122–123; другасны ўплыў іменных склонавых флексій у адносінах да фіналі прасл. *kǫdy дапускае ЭССЯ, 12, 53; гл. таксама Карскі, 1, 103), але невытлумачальным, на думку Фасмера (там жа), застаецца перасоўванне націску на канчатак. Верагоднасць іншых версій (кантамінацыі *toga/*tъga + *toda/*tъda ці існаванне зыходнага *to‑kъda) цяжка давесці. Гл. тады́.