Руда́к ’рыжавалосы’; тое ж рудзі́ла м. і ж., руду́ха ж., pyжо́ня ж. (міёр., З нар. сл.). Ад руды (гл.).
Руда́ўка ’балотная рыжая вада’ (ТСБМ). Ад руды (гл.) як сіняўка ’сіняк; грыб паганка’, кісляўка ’яблыня з кіслымі пладамі’.
Рудзя́га ’парыжэлае ад дажджу сена’ (ТС). Ад руды (гл.).
Рудзяне́ц ’травяністая лекавая расліна з бледна-жоўтымі кветкамі, барадаўнік’ (ТСБМ, Кіс.). У якасці лекаў ужываюць карэнне, лісце і насенне расліны, так што назва можа быць матываваная рудым колерам адвару. Не выключана таксама, што Lapsana, якая ў народзе яшчэ называецца бародаўнік, утрымлівае аранжава-жоўты сок, як і падтыннік Chelidonium majus.
Рудзя́ны ’брудны’: рудзянец авечка — мыць трэба (Касп.), рудзя́ный ’брудны да чарнаты’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Да руда 3 (гл.).
Рудля́ ’узаранае поле’ (Сл. Брэс.). Спаланізаванае ралля (гл.).
Рудні́к ’сістэма збудаванняў для здабывання карысных выкапняў’ (ТСБМ). Укр., рус. рудни́к, славен. rudnik, серб.-харв. ру̂дни́к, балг. ру́дник. Утварэнне з суфіксам ‑нік ад руда (гл.), характэрнае пераважна для ўсходне- і паўднёваславянскіх моў. У заходнеславянскіх мовах назвы з тым жа коранем, але іншымі суфіксамі: польск. rudnia, в.-луж. rudnica, чэш. rudný důl (Чарных, 2, 126).
Ру́дня ’прамысловае прадпрыемства, дзе здабывалі або плавілі руду’ (ТСБМ, Нас.), ’месца выплаўкі жалеза’ (ТС), рудня́, ру́дніца ’тс’ (Ласт.), руднікі́ ’жыхары вёскі Рудня’ (ТС). Ад руда (гл.) як судня ’месца, дзе быў суд’, пчольня, кветня ’кветнік’.
Руды́ ’ружова-карычневы’ (ТСБМ), ’карычневы’ (докш., Янк. Мат.), рудава́ты ’трохі руды, не зусім руды’ (ТСБМ), рудова́ты ’карычневы, рыжаваты’ (ТС), руды́ ’рыжы’ (мазырск., З нар. сл.), руды́й ’нябелены’ (Сл. Брэс.), ’колер нябеленага палатна, загарэлага цела, светла-русы колер валасоў, поўсці’ (Клім.). Укр. руди́й ’руды’, рус. дыял. ру́дый ’крывава-чырвоны’, польск. rudy ’рыжы’, в.-луж. rudy ’буры’, чэш. rudý ’чырвоны, рыжы’, славен. rûd ’чырвоны, карычневы’, серб.-харв. ру̂д ’рыжаваты’, балг., макед. руд ’буры’. Прасл. *rudъ(jь) ’рыжы; чырвоны’ роднаснае да літ. raudónas ’чырвоны’, raũdas ’чырвоны, буланы’, rùdas ’буры’, лат. raũds ’чырвоны, рыжаваты, карычневы’, гоцк. rauþs ’чырвоны, рыжы’, ст.-в.-ням. rōt (сучаснае ням. rot), ст.-інд. rṓhitas ’чырвоны, рыжаваты’, лац. rūfus ’чырвоны’, ruber ’тс’, грэч. ἐρυθρός ’чырвоны’, якія выводзяць з і.-е. *roudh‑o‑s ’чырвоны’ (Фасмер, 3, 513; Глухак, 532).