Руле́т ’кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы’, ’ежа з сечанага мяса ці бульбы з якой-небудзь начынкай, запечаная ў выглядзе прадаўгаватага кавалка, звычайна акруглай формы’, ’пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай’ (ТСБМ). Рус., укр. руле́т, балг. руле́т, ру́ло, рулад. З заходнееўрапейскіх моў, крыніца распаўсюджання — франц. roulette ’колца; ролік; рулетка’ < rouler ’каціць; катаць; скочваць’. Чаму ў пералічаных славянскіх мовах значэнне ’рулет’ атрымала франц. roulette ’кольца’, а не roulade ’рулет’ (> ням. Roulade ’рулет’) — невядома, магчыма, таму, што скрылёк рулета нагадвае кола (Чарных, 2, 127).
Руле́тка ’вузкая стужка (пераважна стальная) з дзяленнямі, якая накручваецца на валік’, ’прыстасаванне для азартнай гульні’ (ТСБМ). З франц. roulette ’колца’ < roul ’кола’ праз рус. руле́тка, у Расію слова трапіла ў XIX ст. (Фасмер, 3, 518).
Руле́я ’ліра (музычны інструмент)’ (ТС). Магчыма, з ліра (гл.) у выніку метатэзы плаўных пад уплывам літ. rylà ’шарманка’.
Рулі́ 1 ’страва, прыгатаваная з накрышанага хлеба ў малако ці падсоленую (з алеем) або падсалоджаную ваду’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. ПЗБ; парыц., Янк. Мат.; докш., Янук.); ру́лі ’малако з пакрышаным хлебам, булкай (дзяціная ежа)’ (мядз., Нар. словатв.; петрык., Яшк. Мясц.). Паводле Краўчука (пісьм. павед.), праз польск. lura ’дрэнны напой’ шляхам метатэзы плаўных з с.-в.-ням. lura, ням. Lauer, што з лац. lōra ’віно, разрэджанае вадой’ (Брукнер, 304; Махэк₂, 342). Гл. таксама Анікін, Опыт, 269 (адводзіцца параўнанне з смал. жу́ли ’талакно, разбоўтанае ў вадзе’).
Рулі́ 2 адз. л. руль ’бульба, якая зімуе на полі’, ’цвёрдыя кавалкі бульбы ў кашы’ (Сл. ПЗБ), ’бліны, аладкі, спечаныя з рулёў’ (докш., Янк. Мат.). Няясна, магчыма, да папярэдняга слова. Параўн. таксама рульба (гл.).
Руло́н ’скручаная ў трубку папера, тканіна, цэлафан і пад.’ (ТСБМ). З франц. rouleau ’звітак, трубка’ праз рус. рулон ’тс’.
Руль 1 ’прыстасаванне для кіравання рухам’ (ТСБМ). Праз рус. руль ’тс’ з нідэрл. roêr [rur] ’руль’. У выніку міжскладовай дысіміляцыі плаўных р > л у рускай мове, як у рус. февраль ’люты’ < феврарь < лац. februārius ’тс’ (Чарных, 2, 127). Не выключаны таксама ўплыў польск. rudel ’стырно’ (з нова-в.-ням. Ruder, гл. Нававейскі, Zapożyczenia, 143, 261), дзе, асабліва ва ўскосных склонах, спалучэнне ‑dl‑ магло быць заменена беларускім лʼ.
Руль 2 ’крывулька, кіёчак з сучком, на які вешаюць пасудзіну над агнём’ (ТС). Няясна. Магчыма, звязана з наступным словам.
Ру́льба, ру́льбіна ’тоўстая трэска’, сюды ж рульбава́ць ’шчапаць, рэзаць на кавалкі’ (Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка выводзяць з літ. liùrba ’тоўстая трэска’ (вынік метатэзы плаўных).
Ру́ля ’дула’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Шымк. Собр.), ру́лька ’тс’ (ТС). Відаць, з ру́ра ’труба’ (гл.), параўн. ст.-бел. pypa, рула, руля ’труба’ з ст.-польск. rura, што ў сваю чаргу з с.-в.-ням. roere, rōre, с.-ням. rūre ’тс’ (Булыка, Запазыч., 289; Лекс. запаз., 93; Нававейскі, Zapożyczenia, 261). Сюды ж ру́ля ’трубка вытканага палатна’ (чэрв., Гіл.), ’труба (вадаправодная і інш.)’ (ашм., Стан.).