Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рука́ ’верхняя канечнасць чалавека або малпы’ (ТСБМ). Укр., рус. рука́, польск. ręka, палаб. rǫkǎ, чэш., славац. ruka, славен. roka, серб.-харв. ру́ка, макед. рака, балг. ръка́. Прасл. *rǫka і і.-е. адпаведнікі: літ. rankà ’рука’, лат. rùoka, ст.-прус. rancko ’рука’, а таксама літ. riñkti ’збіраць; набіраць; выбіраць’, paranka ’збор, збіранне’ (параўн. грэч. паралель ἀγοστός ’далонь, кісць рукі, рука’ і ἀγείρω ’збіраць’) сведчаць пра тое, што на і.-е. узроўні *uronkā (*wronkā́) мела першапачатковае значэнне ’тое, чым збіраюць, зграбаюць, хапаюць’ < і.-е. *u̯er‑ ’браць, хапаць’ (Фасмер, 3, 515; Чарных, 2, 127; Глухак, 534; ESJSt, 13, 781; Рэйзак, 549). Выказаныя раней меркаванні пра магчымае запазычанне з балтыйскіх моў у праславянскую (Развадоўскі, RS, 5, 35; Бернштэйн, Фонетика, 91–92) з-за адсутнасці ў апошняй зыходнага дзеяслова не прымаюцца большасцю даследчыкаў, гл. Анікін, Опыт, 18 (з літ-рай); Жураўлёў, Язык и миф, 580.

Рукава́ць ’мяшок у выглядзе клінка дня прыгатавання сыру’ (Сл. Брэс.). Гл. рукаяць, рукаятка.

Рукаві́цы ’адзенне на кісці рук’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), рукаві́ца, рукові́цы ’тс’ (ТС). Рус., укр. рукави́ца, польск. rękavica, н.-луж. і в.-луж. rukajca, чэш. rukavice, славац. rukavica, славен. rokavica, серб.-харв. рука̀вица, балг. ръкави́ца. Прасл. *rǫkavica ’рукавіца’ < *rǫkavъ ’рукаў’ (гл. рукаў).

Рукадзе́лле ’шыццё, вязанне і падобныя віды ручной працы’, ’рэч, выкананая шыццём, вязаннем і пад.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. рукодѣлье ’справа рук’ (Альтбаўэр), сюды ж рукадзе́льнічаць ’займацца рукадзеллем’, рукадзе́льніца ’жанчына, якая займаецца рукадзеллем, майстар гэтай справы’ (ТСБМ). Складаны назоўнік ад рука (гл.) і *дзелаць ’рабіць’ < прасл. *dělati ’рабіць; працаваць; дзейнічаць; абчосваць’.

Рукапа́шны ’які ажыццяўляецца без зброі або халоднай зброяй (пра бой, сутычку)’, рукапа́шная ’бой, сутычка без прымянення зброі або з халоднай зброяй’ (ТСБМ), рукапа́шны ’ручной работы, самаробны’, руко́паш ’уручную’ (ТС). Ц.-слав. і стараж.-рус. рукопашь. Ад *rǫka (гл. рука) і *paxati (гл. пахаць) (Фасмер, 3, 220, 515).

Ру́капіс ’тэкст, напісаны ад рукі або на друкавальнай машынцы’, ’рукапісны помнік старажытнай пісьменнасці’ (ТСБМ). Складаны назоўнік ад рука (гл.) і пісаць (гл.).

Рука́ты ’рукасты’ (ТСБМ), ’здольны, майстэрскі’ (ТС), ’умелы’ (Сл. ПЗБ). Ад рука (гл.).

Рука́ў ’частка адзення, якая пакрывае руку’, ’адгалінаванне ад галоўнага вусця ракі’, ’труба ці кішка для адводу вадкасцей, газаў, сыпучых целаў’ (ТСБМ), ’частка адзення’ (Сл. ПЗБ, ТС), рукаво́ ’рукаў’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сюды ж рука́ўніна ’вузкае самаробнае палатно для рукавоў сарочак’ (гродз., Нар. сл.), рукоўя́нка ’камбінаваная сарочка’ (ТС), рука́ўчык ’невялікая торбачка’, рукове́ц ’нарукаўнік’ (там жа). Укр. рука́в, рус. рука́в, польск. rękaw, н.-луж. і в.-луж. rukaw, чэш. і славац. rukáv, славен. rokáv, серб.-харв. ру̀ка̑в, балг. ръка́в. Вытворныя ад рука (гл.), Фасмер, 3, 515.

Рука́ўка ’рукавіца’ (Касп.), руко́ўка ’тс’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск. гіст. rękawka ’магіла — капец з пяску, што прыносяць у рукавах’ (Віл. сл.). Гл. рука.

Рука́цца ’вітацца, паціскаючы адзін аднаму руку’ (ТСБМ), руча́цца ’вітацца за руку’ (Касп.). Ад рука (гл.).