Руч (ручь) ’выгода’, ’парука’, сюды ж рука́ ’выгода, зручнасць’: тобе рука тыды ѣхаць (Нас.), ’у самы раз, спадручна’ (ТС). Прыслоўнае ўтварэнне ад рука (гл.) па тыпу аберуч ’дзвюма рукамі’, насустрач і пад. (гл. Карскі 2-3, 71).
Руча́й ’невялікі вадзяны паток’ (ТСБМ, ТС), руча́й, ручэ́й ’тс’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк.). Сюды ж ручаі́на ’невялікі ручай’ (ТСБМ), ст.-бел. ручавина ’невялікі ручай, раўчук’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. руча́й ’ручай’, рус. руче́й ’тс’, польск. ruczaj ’тс’, чэш. паэтычнае ručej ’горная ручаіна, ручай’ (пры звычайным potok ’ручай’), славац. ručej, ručaj ’ручай’, в.-луж. ručej ’тс’, балг. ру́чей ’тс’. Стараж.-рус. ручаи (Аповесць мінулых гадоў), ручии, ручьи > ручей (Сразн., 3, 199–200). Прасл. *rečajь < *rukējь, дзе ‑ēj(ь) — суфікс (як у *lišajь, *obyčajь і інш.) і той жа корань, што ў прасл. *rykati/*ryčati ’рыкаць’. Параўн. славен. rukati (пра аленя) ’раўці ў час цечкі’; славац. ručať ’мычаць’, в.-луж. ryčeč ’рыкаць’ (Чарных, 2, 129) і асабліва балг. руча́ ’бурчаць, булькатаць’, ру́квам ’раптоўна пацячы’ < прасл. *ruk‑ (гл. БЕР, 6, 341, 357; Фасмер, 3, 524).
Руча́йка ’верацяно з наматанымі на яго ніткамі’; ’жменя лёну (валакна)’ (ТСБМ), ручэ́йка ’пачынак, пража на адно верацяно’ (бялын., Нар. сл.; лаг., Гіл.), ’скрутак ачышчанага валакна’ (маладз., Янк. Мат.). Магчыма, з першаснага значэння ’жменя’, ’рука’ развіліся астатнія. Да рука (гл.), параўн. балг. ръко́йка ’жменя калоссяў, якую можна захапіць адной рукой’.
Руча́йнік, руча́сьцік ’збан з двума дзяржаннямі’ (Касп.). Да рука (гл.).
Ручанцы́ ’дванаццаць дзён пасля з’яўлення на свет (пра маладняк свойскай жывёлы)’ (Юрч. Фраз.). Гл. рачанцы.
Ручаны́ ’апоры для драбін у возе’ (Сл. рэг. лекс.). Да ручка, рука.
Руча́цца 1 ’запэўніваць, гарантаваць, прымаць на сябе адказнасць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), руча́ць ’запэўніваць у чым-небудзь, як бы даючы руку ў знак вернасці’ (Нас., Бяльк.), параўн. народны выраз гарантыі або праўдзівасці: даю руку на адсячэнне. Да рука (гл.), параўн. даручы́ць, заручы́цца і іншыя вытворныя, літаральна ’падаючы руку, пацвердзіць праўдзівасць (дамову, заданне і пад.)’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1251; Бязлай, 3, 189. Паводле іншай версіі (параўн. Глухак, 532), для паўднёваславянскага арэала рэканструюецца прасл. дыял. *ručati, запазычанае з прагерманскага *rōkjan ’забяспечыць, даставіць’ (> ст.-в.-ням. ruohhjan, ruochen ’тс’), што на фоне шматлікіх фактаў, якія тлумачаць першую версію, падаецца малаверагодным.
Руча́цца 2 ’вітацца за руку’ (Касп. Віц.). Гл. рукацца.
Ручво́ ’самае глыбокае цячэнне ракі’ (Ластоўскі, Выбр. тв., 421), ’вадацёк па ўпадзіне, жолабу’ (Ласт.). Таго ж паходжання, што і ручай (гл.). Магчыма, штучна створаны адпаведнік для называння фарватару, параўн. ручво́ ’кассё’: узяў яе [касу] на плячо ручвом (Воранаў, Полымя, 1971, 5, 120).
Ру́чка 1 памянш.-ласк. ’рука’, ’дзяржанне’, ’пісьмовая прылада’ (ТСБМ), сюды ж ру́чку звяза́ць ’павянчаць, абручыць’ (брасл., Нар. сл.), ру́чкі ’драбіны ў возе’ (міёр., Нар. сл.; Маслен.), ру́чыца ’ручка, дзяржанне’ (ТС). Усё з метанімічным пераносам да рука (гл.).
Ру́чка 2 ’ручайка’ (Сл. Брэс.). Да рука, гл.
Ручні́к ’вузкі прадаўгаваты кавалак тканіны, спецыяльна прызначаны для выцірання твару, рук, цела ці посуду’ (ТСБМ), рушні́к ’тс’ (ТС, Касп.), ’ручнік для ўпрыгожвання хаты’ (капыл., саліг., клец., слуц., З нар. сл.). Уласнае ўтварэнне ад ручны ’для рук’ або з польск. ręcznik ’ручнік’. Гл. рука.