Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ка́мера ’ізаляванае памяшканне спецыяльнага прызначэння’, ’пустая ў сярэдзіне частка прыбора, машыны’, ’унутраная абалонка шыны, мяча’ (ТСБМ), ’дзірка ў верхнім камені жорнаў’ (лаг. Шатал.). Новае запазычанне з с.-лац. camera ’пакой’ (або з ням. Kammer ’камора’) праз польск. ці рус. мовы (Слаўскі, 2, 390–392; Фасмер, 2, 174; Шанскі, 2 (К). 36–37). Больш старое запазычанне ў бел. гаворках і больш пашыранае камора (гл.).

Каме́чыць ’мяць, комкаць’ (Некр.), камя́чыць ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.). Утворана ад камя́к, якое з ком (гл.).

Каме́шнік ’качарэжнік’ (Янк. 1, Янк. 2, Шушк., Ян., Сцяш. Сл.; бабр., петрык. Шатал.; Сержп. Прымхі; Жд. 2; рэчыц. Нар. сл.; ст.-дар., Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.), да каяння (гл.).

Камёзы. Гл. камель2.

*Камідормна, кымідорына (Яўс.), сапсаваная форма да памідорына < памідор (гл.).

Камізэ́лька ’кароткая адзежына без рукавоў і каўняра, якую надзяваюць на сарочку або блузку’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., Бес., Тарн., Мядзв., Малч., Гарэц.), камзэ́лька ’тс’ (Сцяшк.; смал., КЭС), камізолка (глус., КЭС), камызэлька (Нік. Очерки; віц., карэліц., Янк. 1, Жд. 2) камузэ́лька (Сцяц.). Запазычана з польск. kamizelka ’мужчынская жилетка пад пінжаком’ < франц. camisole ’каптан’ < італ. camiciola — памяншальнае ад camicia ’кашуля’ < лац. camīsia (Слаўскі, 2, 38–39).

Камі́н ’пакаёвая печ з адкрытай топкай пры падлозе’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. ками́н — новага запазычання (з пач. XVIII ст.) з ням. Kamin < італ. camino ’комін’ < н.-грэч. κάμινος ’печ, комін’ (Слаўскі, 2, 385).

Камі́нак, каміно́к, камяно́к ’выемка ў печы, месца ля чалеснікаў, дзе раскладалі агонь для асвятлення хаты’ (ТСБМ, КЭС, лаг.; Інстр. I, Сцяшк.), ’пярэдняя частка печы’ (Яруш.), ’выступ на коміне для запалак, гзымс’ (Сцяц.; Мат. Маг.; в.-дзвін. Шатал.; Сцяшк.) ’шкло ў газавай лямпе’ (мін., Кар.; Жд. 2; КЭС, лаг.; Інстр. I; жытк., Жыв. сл.). Запазычана з польск. kominek. Да комін (гл.). Сюды ж каміна́р ’чысцільшчык комінаў’, ’запэцканы ў сажу’ (ТСБМ, Некр., Сцяц., Жд. 3, Гарэц., Сцяшк.) і камінарнік ’тс’ (стаўбц., Жыв. сл.; шчуч., Нар. лекс.; вілей., Нар. сл.; Сцяшк.).

Каміса́р ’кіруючая асоба з грамадска-палітычнымі, адміністрацыйнымі функцыямі’, ’паліцэйскі, прыстаў’ (ТСБМ), камысар (Сержп. Казкі), кыміса́р (Бяльк.), ст.-бел. комисаръ, коммисаръ (пач. XVI ст.) ’ураднік са спецыяльнымі абавязкамі’ < ст.-польск. komisarz < ням. Kommisar < с.-лац. commissarius (Булыка, Запаз., 163).

Камі́сія ’група людзей як орган выканання пэўных задач’, ’орган дзяржаўнага кіравання’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк.), ст.-бел. комисия, комисея, комисыя, коммиссия, конмисия ’камісія’ запазычаны са ст.-польск. komisja < ням. Kommission < франц. commission < лац. commissiō ’даручэнне’ (Слаўскі, 2, 386; Булыка, Запазыч., 164).