Камора, каморка, комора, кумора ’кладоўка, халоднае памяшканне пры хаце для захоўвання запасаў ежы, адзення’, ’бакоўка, прыбудоўка ў вясковай хаце, дзе спяць, стопка’ (Нас., ТСБМ, Чуд., Мал., Сцяшк., Сцяц. Нар., Жд. 3, Сержп. Грам., Сцяц.; карэліц., докш., Янк. I; В. В., Яруш., Бяльк., Гарэц., Тарн.; шаркаў., Нар. сл.; Рам. 8, Сл. паўн.-зах.)’, кантрольны пункт лясніцтва’ (ТСБМ, Інстр. III; Яшк.); ’будынак для складвання сена’ (Яшк.), ’асобная клетачка ў сотах’ (ваўк., Сл. паўн.-зах.; ашм., З нар. сл.), навагр. каморкі ’складкі ў смаржках’ (Жыв. сл.). Ст.-бел. камора ’тс’ і ’таможня’ (XV–XVIII ст.). Лексема ёсць ва ўсіх слав. мовах. Вельмі старое запазычанне з лац. camera (camara) ’скляпеністая столь’ (зрэшты такое значэнне ёсць і ў ст.-рус. комора, камора побач з іншымі: ’дом, жыллё’, ’пакой’, ’кладоўка’, ’гандлёвая пабудова’) < ст.-грэч. καμάρα ’скляпенне’ (Слаўскі, 2, 390–392); Фасмер (2, 305) выводзіць гэта запазычанне з-за націску са ст.-грэч. καμάρα, а не з лац.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)