Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Герэ́зыя ’ерась, брахня’ (Нас.). Ст.-бел. герезия, герезыя, гереза ’тс’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). З польск. herezja ’тс’ (< лац. haeresis сі рэч. αἵρεσις). Падрабязна Слаўскі, 1, 416–417. Параўн. рус. е́ресь, бел. е́рась, ст.-слав. ѥресь < грэч. (Фасмер, 2, 24). Паланізмам з’яўляецца і бел. (Нас.) герэты́к (ст.-бел. геретикъ, геретыкъ, гл. Булыка, Запазыч.) < польск. heretyk < лац. haereticus (гл. Слаўскі, 1, 416).

Герэты́к ’ерэтык’. Гл. герэ́зыя.

Ге́стка ’какетка’ (БРС), ’верхняя частка адзення’ (Касп.), ’жаночая кофтачка’ (Шат.), ґе́стка ’гестка’ (Сцяшк.), ’какетка, кофта’ (Сл. паўн.-зах.), ге́ста ’сукенка’ (Бяльк.). Паходжанне слова не вельмі яснае. Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з ням. Gäschen ’прарэх’, Geschke ’камізэлька’.

Ге́та ’гета’ (БРС). Рус. ге́тто, укр. ге́тто. Запазычанне з рус. ге́тто. У рус. мове слова ўзята (у XIX ст.) з іт. ghetto (падрабязна аб гісторыі гэтай лексемы ў Шанскага, 1, Г, 65).

Ге́тман ’гетман’ (БРС), ст.-бел. гетманъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Рус. ге́тман. укр. ге́тьман. Запазычанне з польск. hetman, а гэта з с.-ням. дыял. häuptmann. Фасмер, 1, 403; вельмі падрабязна Слаўскі, 1, 419.

Ге́тры ’гетры’ (БРС). Рус. ге́тры, укр. ге́три. Запазычанне з рус. мовы. У рус. мове слова вядома з пачатку XX ст. і ўзята з франц. guêtre (паходжанне якога не вельмі яснае). Фасмер, 1, 403; Шанскі, 1, Г, 65.

Гешэ́фт ’гешэфт’ (БРС), гешэ́хт ’сакрэтныя справы’ (Бяльк.). Як і рус. геше́фт, укр. геше́фт, запазычанне (магчыма, праз польск. мову) з ням. Geschäft. Гл. Рудніцкі, 827; Шанскі, 1, Г, 65.