Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Про́сцілка ’прасціна’ (петрык., мазыр., Шатал.), ’посцілка’ (ТС). Да прасцілаць.

*Просціра, простіра ’прасціна’ (?) (маг., Шн.; Карскі, Труды, 313). Відаць, захаванае ст.-бел. простира ’прасціна; кавалак тканіны’, што ўжывалася паралельна з простирадло ’тс’ і простица ’тс’. Верагодна, утварэнне ад дзеяслова *прасціраць ’распасціраць’, ад якога гэта было б рэгулярным дэрыватам з суф. ‑а, аднак у гэтай форме на беларускай тэрыторыі ён невядомы. Адаптаваны паланізм? Параўн. прасціра́ла ’прасціна’ (Ласт.) з польск. prześcieradło ’тс’, укр. простира́ло ’тс’ (паводле ЕСУМ, 5, 606, узыходзіць да *prostira(d)lo).

Просць, пруосць ’частка ракі (прамое, някручанае цячэнне)’ (Сержп. Грам.), просць ’вузкае месца на рацэ’ (ТС), ’прасцяг’ (слаўг., Яшк.). Рус. прость ’дарога напрасткі’, укр. прість ’правал, бяздонне’. Дэрыват ад просты (гл.); адносна семантыкі ўкраінскага слова гл. ЕСУМ, 5, 588; іншыя паралелі гл. Куркіна, Этимология–1968, 102.

Про́сьба ’прашэнне; зварот, пажаданне’ (ТСБМ, Гарэц.; ашм., Стан.), ст.-бел. прозба (1530 г.) ’тс’ (Карскі, 1, 278), рус. про́сьба ’тс’, польск. prośba ’тс’; чэш. prośba ’тс’. Суфіксальнае ўтварэнне ад прасіць (*prosьba), параўн. гульба́, стрэ́льба і стральба́ і пад.

Про́сьбіт ’той, хто звяртаецца з просьбай, прашэннем да каго-небудзь’ (ТСБМ). Да просьба < прасіць з агентыўным суф. ‑іт; параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 44.

Про́ся ’папрашайка’ (навагр., З нар. сл.; капыл., Нар. словатв.). Да прасіць, як, напрыклад, мя́мля < мя́мліць. Параўн. Слаўскі, SP, 1, 60 (аб актыўнасці суф. ‑а пры ўтварэнні экспрэсіўных назоўнікаў м. р.).

Про́тар1 ’востры металічны пруток або іголка са зламаным вушкам, швайка’ (ТСБМ, Нас., Шат.; слонім., Арх. Бяльк.), ’кавалак хлеба ці мяса з іголкай у сярэдзіне (даецца сабаку, каб загубіць яго)’ (кір., Нар. сл.), про́тор, про́торг, про́тур ’швайка, іголка са зламаным вушкам; вялікая іголка’ (Шатал., Клім., Сл. Брэс., Выг., ТС, Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), про́тыр, про́тырч ’іголка без вушка’ (навагр., Нар. сл.). Укр. про́тір ’іголка без вушка’, про́торг ’тс’. Аддзеяслоўные дэрываты ад праце́рці < прасл. *terti, *toriti (Патабня, РФВ, 3, 180; Праабражэнскі, 2, 136; Фасмер, 3, 384), гл. це́рці, то́рыць, інакш ЕСУМ, 4, 611: звязваецца са ст.-рус. протъргнути ся ’прарвацца, разарвацца’, што ад търгати ’біцца, дрыжаць’, параўн. то́ргацца (гл.). Не выключана, што гэта другаснае збліжэнне.

Про́тар2 ’страта’ (Нас.), мн. л. про́тары ’выдаткі; расходы (звычайна па судовых справах)’ (ТСБМ, Чач., Нас.). Рус. про́тар, прото́ра, про́торь ’тс’, ст.-рус. проторъ ’расходы; страты’; відаць, сюды ж польск. przetór ’праход, прарыў’. Этымалагічна тое ж, што і про́тар1 (Фасмер, 3, 384). Спецыяльна аб гэтым слове гл. Варбат, Этимология–1971, 17. Да семантыкі параўн. запрато́рыць ’закінуць, захаваць; згубіць’ (ТСБМ).

Про́ўка ’хустка’ (мін., саліг., ДАБМ, камент., 946). Няясна; няма ніякіх дадатковых дадзеньце аб рэаліі і параўнальнага матэрыялу. Можа быць, гэта скарачэнне і пераробка дыял. навагр. грапо́ўка ’шарсцяная квяцістая хустка з кутасамі’, але апошняе таксама не мае этымалогіі.

Про́філь ’абрыс, від збоку (твару, прадмета)’, ’вертыкальнае сячэнне прадмета, від, форма’ (ТСБМ). Запазычанне з зах.-еўрап. моў (параўн. франц. profil, ням. Profil) праз польск. profil або рус. про́филь ’тс’. Крыніцай слова з’яўляецца італ. profilio ад filo ’лінія, паласа’, лац. fīlum ’нітка’ (гл. Фасмер, 3, 384, з літ-рай).

Про́хма: прохма прасіць ’вельмі прасіць, упрошваць (Тураўшч., 1, 68). Несамастойны дэрыват ад прасі́ць у складзе тыповай figura etymalogica з аднаўленнем “першаснага” х, параўн. прахаць (гл.).