Віноўка ’сорт яблык’ (Сцяшк.), рус. варон. вино́вка ’сорт вінных яравых яблык’. Утворана ад прыметніка віновы (параўн. польск. winowy ’вінны’) і суф. ‑к‑a. Гл. яшчэ вінёўка.
Віноўнасць ’вінаватасць’ (КТС). Відаць, запазычана з рус. виновность ’тс’.
Віно́ўнік ’вінаваты ў чым-небудзь; той, хто з’яўляецца прычынай чаго-небудзь’, рус. виновник ’крыніца прычыны чаго-небудзь’, тамб. ’ландыш, Convallaria majalis’, горк. ’мудранка, Paris quadrifolia L.’, ст.-рус. виновникъ ’вінаваты; даўжнік’ серб.-харв. ви́новник ’тс’, макед., балг. виновник ’вінаваты’. Лексема ўтворана ад асновы прыметніка vin‑ov‑ьnъ (віноўны) і суф. ‑нік. Сюды ж віноўніца (< vinov‑ьn‑ic‑a).
Вінт 1 ’болт са спіральнай нарэзкай шруба’ (КТС, БРС). Укр. гвінт, рус. винт, макед., балг. винт ’тс’, чэш. народн. vint ’нарэзка шруба’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 27) < польск. gwint ’вінт’ < ням. Gewinde ’нарэзка’, winden ’абвіваць, намотваць, круціць’ (Брукнер, 165; Шанскі, 1, В, 101; Фасмер, 1, 317). Цалкам магчыма, што бел. вінт паходзіць непасрэдна з польск. мовы. Сюды ж вінтавы́.
Вінт 2 ’частка рухавіка парахода ці самалёта ў выглядзе лопасцей, замацаваных на валу’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 98).
Вінт 3 ’карцёжная гульня’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы; параўн. винт ’тс’ < ням. Gewinde. Да вінт 1 (гл.).
Вінтоўка ’ружжо з вінтавымі нарэзамі ў канале ствала’ (БРС, КТС). Укр. гвінтівка, рус. винтовка, ст.-рус. винтовка (з XVII ст.). Утворана ад прыметніка винтовой пры дапамозе суф. ‑к‑a па мадэлі водянка і інш. (КЭСРЯ, 82; Шанскі, 1, В, 102; Фасмер, 1, 317; Унбегаун, Sel. Papers, 1969, 243). Бел. лексема запазычана з рускай мовы. Сюды ж вінтовачны.
Віну́ць ’прыгалубіць, прыгортваць, прысвойваць, абгортваць’ (Нас.), віну́цца ’гарнуцца, хіліцца, туліцца’; ’быць старанным, руплівым’; ’прыставаць’ (Гарэц., Нас.). Польск. winąć ’віцца’, winnąć się ’слацца, абвалаквацца’; ’круціцца’, чэш. кніжн. vinouti ’прыціскаць’, vinouti se ’туліцца, гарнуцца’, славац. vinúť ’туліць, прыгарнуць (да сябе)’, vinúť sa ’туліцца, гарнуцца’; ’кружыцца вакол чаго-небудзь’; ’узнімацца, віцца вакол чаго-небудзь’; ’ціха выходзіць з сярэдзіны (пра гук)’, серб.-харв. ви́нути ’вільнуць (хвастом)’; ’узняць, ускінуць’, ви́нути се ’ўзляцець, узняцца’. Прасл. vinǫti. Утворана пры дапамозе суф. ‑nǫ ад дзеяслова viti ’віць’ (гл.). У гэтай лексеме суф. ‑nǫ‑ не мае значэння аднаразовасці.
Вінцэрад ’непрамакальны плашч’ (КТС), рус. раст. винцера́д ’плашч з капюшонам’, дан. винцера́да ’плашч ад дажджу’, кубан. ’непрамакальны плашч’, польск. wincerada ’непрамакальны плашч, які носяць маракі’. Запазычана з рус. мовы < іт. fina ’тонкая’ і cerata ’кляёнка’ (Фасмер, 1, 318).
Вінчэ́стэр, вінчэ́сцер ’тып паляўнічага ружжа’ (БРС, КТС). Укр. вінче́стер, рус. винчестер, польск. winchester. Назва паходзіць ад уласнага імя амерыканца A. O. Winchester, які сканструяваў ружжо ў 1865 г. У бел. мову лексема магла прыйсці з рус. або польск. мовы.
Віншавальнік ’той, хто віншуе’ (БРС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад віншаваць (гл.) і суф. ‑льнік, які служыць для абазначэння асоб паводле іх дзейнасці або схільнасці да якога-небудзь дзеяння.
Віншава́нне ’вітанне, слаўленне каго-небудзь з выпадку радаснай падзеі’ (КТС, БРС, Нас., Шпіл.). Іменнае ўтварэнне ад дзеяслова віншаваць (гл.).