Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Вініл і вытворныя вініліт, вінілхларыд і шэраг іншых хімічных злучэнняў. Запазычана з ням. Vinyl < лац. vinum ’віно’ + грэч. ὕλη ’матэрыя, аснова’ (праз рускую мову, рус. винил і інш.).

Вініцца ’прызнавацца ў віне’; ’слухацца, падпарадкоўвацца’; ’правініцца’ (КТС). Укр. вини́тися ’прызнавацца ў віне’, рус. виниться ’прызнаваць за сабою віну, прасіць прабачэння’; ’быць абвінавачаным’, смал. ’прызнаваць чыю-небудзь уладу, падпарадкоўвацца’, польск. winić się ’прызнаваць сваю віну’. Зваротная форма да вініць (гл.).

Вініць ’вінаваціць’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк.), укр. винити ’вініць’, рус. винить, арханг. винуть ’тс’, ст.-рус. винити ’быць прычынай чаго-небудзь, вінаваціць, абвінавачваць, асуджаць, караць’, польск. winić ’прызнаваць вінаватым, абвінавачваць’; ’караць, абкладваць штрафам’; ’плаціць за шкоду, кампенсаваць’, в.-луж. winić ’абвінавачваць’, чэш. viniti ’вініць, лічыць каго-небудзь вінаватым, прыпісваць каму-небудзь адмоўную рысу’, славац. viniť ’абвінавачваць’, макед. вини ’вініць каго-небудзь’, балг. виня ’вініць, абвінавачваць’. Прасл. viniti ўтворана ад назоўніка віна 1 (гл.) і суф. ‑iti.

Ві́нкель ’дэталь у плузе, да якой прымацоўваюцца падэшва і паліца’ (маст., Шатал.), усх.-беласт. vʼínkʼel (Смул.) ’вугольнік для вымярэння вуглоў’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, БРС, КТС). Укр. вінкель ’вугольнік’, рус. винкель ’тс’, польск. winkiel ’вугольнік’. Запазычана з ням. Winkel ’вугал, вугольнік’. Пра шлях запазычання меркаваць цяжка, таму што ў помніках ст.-бел. пісьменнасці слова не адзначана; у рус. літаратурнай мове яно фіксуецца з 1709 г. У бел. гаворкі лексема вінкель магла трапіць з мовы рамеснікаў (нямецкіх каланістаў) або праз польскую мову значна раней.

Ві́ннасць ’віна’ (Гарэц., Нас.); ’пакора, пакорнасць, абавязак’ (Нас.). Укр. винність ’вінаватасць’, паўн.-рус. винность ’стан вінаватага’, уладз., арханг., перм., арл. ’вінаватасць, віна’, ст.-рус. винность ’тс’ (з XVII ст.), польск. winność ’абавязак вярнуць доўг’; ’віна’. Запазычана з польскай мовы, дзе семантыка лексемы бліжэй да бел., чым у рускай.

Ві́ннік 1 ’чалавек, які ўзяў на сябе якія-небудзь абавязацельствы’ (Гарэц.). Вытворнае з суф. ‑нік (< ьnъ + ikъ) ад назоўніка віна́ 1 ’доўг, абавязак’; параўн. рус. пск. вина ’тс’. Такім жа чынам утварылася блізкае да вышэйадзначанага ўкр. ви́нник ’даўжнік’, ст.-рус. винникъ ’віноўнік, вінаваты’ (XII ст.), польск. winnik ’вінаваты’, чэш. vinník, славац. vinník ’тс’.

Віннік 2 ’вінакур, майстар па вырабу гарэлкі’ (Нас., КТС, КЭС, лаг.). Укр. винник, рус. винник ’тс’, паўн.-дзвін. ’рамізнік, які возіць віно (гарэлку)’, урал. ’чалавек, які патаемна гандлюе віном (гарэлкай)’, ст.-рус. винникъ ’віначэрп’ (з XI ст.); ’вінакур’ (з XVI ст.), польск. winnik ’вінакур’. Утворана пры дапамозе суф. ‑нік ад віно́ (гл.).

Ві́нніца ’вінакурня’ (Нас., КТС, Карл.), укр. ви́нниця, рус. смал., кур., сіб. винница, ст.-рус. винница ’тс’ (з XVII ст.). Узнікла шляхам семантычнага пераносу з вінніца ’вінаграднік’; ’месца на вінаградніку, дзе гналі віно (гарэлку)’. Ст.-бел. винница ’вінаграднік, вінаград’ запазычана з польск. winnica (Булыка, Запазыч., 64; Карскі, Труды, 310).

Вінны 1 ’вінаваты’ (БРС, Шн.; КЭС, лаг.; Бяльк., Мат. Гом.); ’той, хто мае доўг’ (КЭС, лаг.; Нас.); ’слухмяны, пакорлівы’ (Нас.). Укр. винний ’вінаваты’; ’даўжнік’, рус. пск. винный ’прычынны’, наўг., калін. ’магчымы, такі, які можа адбыцца’, ст.-рус. винный ’прычынны’; ’вінаваты, абвінавачваемы’; ’даўжнік’, польск. winny ’вінаваты, які заслугоўвае пакарання’, в.-луж. уст. winny ’вінаваты’, чэш. vinný ’тс’, славац. vinný ’вінаваты, вінны’. Паўночнаслав. прыметнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ьn‑ъ ад асновы назоўніка віна́ 1 (гл.).

Ві́нны 2 ’які мае адносіны да віна’, вінны спірт, вінны перагар, вінны колер, вінны смак і інш. (БРС, КТС, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; Бяльк.), укр. винний ’вінны, вінаградны’, рус. винный ’вінны’, паўн.-рус. ’напоўнены віном’, калуж. винная трава ’грушанка, Pirola secunda L.’ польск. winny ’вінны, вінаградны’, в.-луж. winny, чэш. vinný, славац. vínny, балг. винен ’тс’, винена болест ’эпілепсія’, ст.-слав. виньнъ. Прасл. vinьnь, якое ў некаторых паўднёваслав. мовах даўно змяніла свой канчатак ‑ьnъ на ‑ов, ‑ован, ‑jen, ‑ьски (Скок, 3, 595), відаць, таму, каб пазбегнуць аманіміі з вінны ’вінаваты’. Тое ж мы маем і ў іншых слав. мовах. Утворана ад віно́ (гл.) пры дапамозе суф. ‑ьnъ.

Вінны 3 ’піковы (пра масць у картах)’ (КТС, Нас.). Утворана ад ві́на 1 (гл.).

Віно́ ’віно, алкагольны напітак, пераважна вінаградны’; ’гарэлка’ (БРС, КТС), віно́ зеляно́, віно — прыпеў у песні (беласт., Ант.). Укр. вино ’віно’; ’вінаград’, рус. вино ’віно, гарэлка’, ст.-рус. вино ’вінаград’ (з XII ст.), вино (з XI ст.) ’гарэлка, спірт’, польск. wino ’віно’; ’вінаград’, н.-луж., в.-луж. wino ’віно’, чэш. víno ’віно’; ’вінаград, гронкі вінаграду’; ’агрэст’, славац. víno ’віно’; ’дзікі вінаград’, славен. víno ’віно’, серб.-харв. ви́но, макед. вино, балг. вино ’тс’. Прасл. vino. Фасмер (1, 316) лічыць, што гэта слова з’яўляецца старажытным культурным міжземнаморскім тэрмінам; параўн. грэч. (Ϝ)οἴνη ’лаза’, (Ϝ)οἶνος ’віно’, лац. vīnum, арм. ginī, алб. vēnë, гоц. wein, ст.-в.-ням. wîn, груз. ɣuino, араб. wayun, ст.-яўр. jajin, зах.-сям. wain, асір. īnu. Адсутнасць роднасных назваў віна ў індыйскіх і іранскіх мовах сведчыць пра тое, што віно паходзіць з Міжземнамор’я (Малая Азія — Каўказ). Шляхі пранікнення: Вальдэ–Покарны (1, 226), Стэндэр–Петарсан, Лёвэ (IF, 13, 5) мяркуюць, што віно паходзіць з гоц. мовы; Ірэчэк (AfslPh, 31, 443), Романскі (JIRSpr., 15, 132), Скок (ZfslPh, 2, 391–400) — з лац. крыніцы, Пагодзін (Anz IF, 13, 132) — з фракійскай мовы. Младэнаў (66), Вальдэ (839), Геаргіеў (Исследов., 265), БЕР (1, 149) зыходзяць пры тлумачэнні першакрыніцы з і.-е. моўных сродкаў — ад кораня *u̯ei > прасл. vi‑ti > віць, вѣтвь, лац. vitis. Міклашыч (392) лічыць слова паўночнаеўрапейскім. Бернекер (1, 25) лічыць слав. vino вельмі старым, не пазней VI ст. н. э. (В. У. Мартынаў, вусн. паведамл.) і роднасным да ст.-слав. винꙗга, серб.-харв. вѝњага, славен. vinjága ’вінаград’ (параўн. літ. vỹnuogė ’вінаград’). Махэк₂ (690) лічыць першакрыніцай слав. vino балканскую латынь і, магчыма, герм. мовы. Гл. яшчэ Покарны, 1121; Клюге, 389; Скіт, 717; Рудніцкі, 1, 391–392.

Віновы 1 ’піковы’ (Касп.), укр. виновий ’тс’. Утворана ад ві́на 1 (гл.) і суф. ‑ов‑ы. Гл. яшчэ Унбегаун, Sel. Papers, 1969, 257.

Віновы 2 калодзезь (фалькл.) ’вінны, адкуль бяруць віно’ (віц., паст., Шырма, Песні). Адносны прыметнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ов‑ы (як сасновы) ад віно́ (гл.).