Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Віначэ́рп (уст. жарт.) ’асоба, якая падносіла пітво на банкетах ці бяседах’ (БРС). Укр. виночерпій, виночерпець, рус. виночерпий, ст.-рус. виночерпий, виночерпецъ ’тс’ (з XIV ст.). У бел. мове калька з грэч. οἰνοχόος ’тс’ праз ст.-рус.

Вінгор ’рыба ўгорыч, Anguilla anguilla L.’ (Дразд.). Узнікла шляхам кантамінацыі бел. вугор і польск. węgorz, пры якой ‑ę‑ > ‑e‑, якое на палескай тэрыторыі перайшло ў ‑і‑.

Ві́нда ’прыстасаванне для пад’ёму грузаў: бярвенняў, вады; пад’ёмнік у млыне’ (КТС, БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Шат.), ст.-бел. винда ’дамкрат, прыстасаванне для падымання будаўнічых матэрыялаў, лябёдка, калаўрот-пад’ёмнік’ (з XVII ст.). Запазычана праз ст.-польск. winda (з XVI ст.) з ням. Winde < winden//wenden ’варочаць’ (Булыка, Запазыч., 64; Корчыц, Дасл. (Гродна), 1967, 131; Брукнер, 622).

*Віндас, ст.-бел. виндасъ ’цяслярская сякера’ (Дасл. (Гродна)), віц. бінда́с ’від сякеры для адсякання тоўстых трэсак; калун’; ’балван, дурань’ (Касп.). Запазычана з польск. bindas ’цясло’ < ням. Bindeaxt < н.-ням. bindex (Варш. сл.; Корчыц, Дасл. (Гродна), 131).

Віндзыцыраваць ’забіраць’ (КТС, Р. Няхай). Запазычана з ням. vindizieren. Да віндыка́цыя (гл.).

Віндроўэр ’уборачная машына, якая косіць збажыну, укладвае яе ў рады для далейшага дасыхання і даспявання’ (КТС, Я. Пярмяк). З рус. виндроуэр < англ. windrower < англ. windrow ’паласа скошанага сена, збажына’.

Віндыка́цыя ’права ўласніка выпатрабаваць сваю рэч з чужога незаконнага валодання’ (БРС). Запазычана з лац. rei vindicatio праз рус. виндикация ці польск. windykacja ’тс’.

Вінегрэ́т ’халодная страва, прыгатаваная з дробных кавалачкаў парэзанай гародніны (з рыбай ці з мясам), запраўленая алеем ці воцатам; сумесь розных прадметаў’ (БРС, КТС), гродз. вінагрэ́т (Сцяшк. МГ), усх.-маг. вінігрэт (Бяльк.). Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80). Гродз. вінагрэт, магчыма, з польск. winegret (цвёрдае ‑н‑) < франц. vinaigrette ’соус з воцату, алею і солі’ < франц. vinaigre ’воцат’ < vin ’віно’ і aigre ’кіслы’ (Даза, 752; Фасмер, 1, 316; Шанскі, 1, В, 99–100; КЭСРЯ, 82).

Вінен1 ’павінен’ (БРС, КТС, Яруш., Шат.), ст.-бел. виненъ (з XVI ст.). Запазычана з польск. winien (Карскі, Труды, 204).

Вінен2 ’вінаваты’ (Янк. II). Укр. ви́нен, ви́ннен, польск. winien ’тс’, славац. vinen, ст.-слав. виньнъ. Да віна1 (гл.).

Вінёўка ’гатунак позніх кісла-салодкіх груш’ (БРС, КТС, Мат. Гом.), укр. винню́ха ’гатунак віннакіслых яблык’, винни́чки ’тс’, рус. варон. виновна ’гатунак вінных яблык’, польск. winniczka, windyczka ’гатунак дрэва і фруктаў грушы, Pirus communis’, winnik ’гатунак яблык’, славен. vínica ’тс’. Утворана ад прыметніка *віновы. Да віно (гл.). Мяккае ‑н‑, відавочна, пад уплывам вішнёўка.