Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Віншаваць ’вітаць, славіць каго-небудзь з выпадку знамянальнай даты ці радаснай падзеі’ (БРС, КТС, Шпіл., Мал., Гарэц., Касп., Нас.), ст.-бел. виншовати ’жадаць’ (з XVI ст.). Укр. віншувати, вінчувати, польск. winszować ’віншаваць, выказваць пажаданні’, уст. ’жадаць што-небудзь каму-небудзь’; ’прасіць’. Бел. лексема запазычана з польск. winszować (< с.-в.-ням. wünschen) (Булыка, Запазыч., 64; Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54; Карскі, Белорусы, 161).

Віншо́ўнік ’віншавальнік’ (Шпіл., Нас.); параўн. яшчэ славац. vinšovník ’тс’; ’зборнік віншаванняў’. Утворана ад прыметніка *віншоўны < ст.-польск. winszowny ’віншавальны’.

Ві́ны ’прычыны’. Карскі (Труды, 204) лічыць паланізмам. Да віна́1 (гл.).

Вінье́тка ’аздабленне ў выглядзе невялікага малюнка на загаловачным лісце кнігі ў пачатку або ў канцы раздзела’ (БРС, КТС). Укр. віньєтка, рус. виньетка (з 1863 г.). Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vignette ’віньетка, застаўка’ < vigne ’вінаград, аздоба з галінак і лісцяў вінаграду’ (Даза, 751; Шанскі, 1, В, 102; Махэк₂, 690; БЕР, 1, 149). Фасмер (1, 318) мяркуе, што рус. виньет запазычана з франц. vignette, а рус. виньетка — з ням. Vignette. Апошняе Шанскі (1, В, 102) лічыць памылковым.

Віньетыст ’чалавек, які робіць віньеткі’ (КТС). Утворана ад віньетка (гл.) і суф. ‑іст.

Ві́ня ’белая намаразь, якой пакрываюцца дрэвы зімой, іней’ (Мат. Гродз., Сцяшк. МГ). Фанетычны варыянт літаратурнай формы іней, в‑ прыстаўное, першапачаткова, відаць, было віняй м. р., як і навагр. ві́няй (З нар. сл.). Пасля страты канцавога ‑й слова віня перайшло ў разрад імёнаў ж. р.

Віпціннік ’вінаграднік, гароднінны сад’ (Нас., гіст.). Няясна. Магчыма, звязана з. літ. vìpti ’крывіцца, адтапырвацца’, ст.-прус. wipis ’галіна’.

Вір1 ’глыбокае месца ў рацэ ці возеры, дзе вада завівае, закручваецца’ (БРС, КТС; барыс., гродз., Нас.; Мал., Яруш., Нас. Сб., Мядзв., Грыг., Шат., Сцяшк. МГ, Касп., Бяльк.; бых., Янк. Мат.; слаўг., лёзн., Яшк.; КЭС, лаг.); ’любое небяспечнае і невядомае месца’ (Нас., гродз., Шн., 2); ’акно ў дрыгве’ (КЭС); ’хуткі ручай’ (Нас., віц.; Яшк.); ’рух, плынь ракі’ (Яруш., Нас.); ’невялікая травяная яма з вадой на сухім месцы’ (палес., Яшк.). Укр. вир ’вір’, паўн., зах., с.-рус. вир ’вір, яма’; ’дрыгва, вакно ў дрыгве’, перм., калін. ’месца на млыне, куды падае вада з плаціны’, цвяр. выр ’хуткая плынь’; ’яма з вірам’, алан. ’лінія (пры гульні ў лункі)’, польск. wir ’віхор, вір’; ’юрок для матання нітак’, чэш. vír ’вір, віхар, рух’; ’зарубка на дрэве сякерай ці пілой пры вырубцы’; ’касмык шэрсці на персях каня, які служыць характарыстыкай пароды каня’, славац. vír ’вір, віхор’, славен. vȋr ’крыніца, вір’, серб.-харв. ви̑р ’тс’, макед. вир ’лужына, сажалка, вадаём’, балг. вир ’глыбокае месца ў рацэ’; ’затока, сажалка’; ’небяспечнае месца ў рацэ’, ст.-слав. виръ ’вір’. Прасл. virъ. Утворана ад дзеяслова vьrěti (як і жыр, мір і інш.). Параўн. яшчэ літ. vỹrius ’вір’, лат. virags ’вір, віхар’, грэч. βιρός ’дрыгва’, арам. viró ’глыбокае месца ў вадзе’ (Фасмер, 1, 318; Махэк₂, 690; Брукнер, 623, БЕР, 1, 150; Рудніцкі, 1, 393; Мартынаў, Зб. Аванесаву, 189–190).

Вір2 ’вір вадзяніка’ (барыс., Шн., 2), віры́ ’д’яблы’ (Нас. Сб.); ’нячысцікі, што жывуць у вадзяных прорвах, бяздонні’ (Нас.). Бел. лексема ўзнікла шляхам пераносу значэння.

Вір3 ’вірок, прылада для звівання нітак у клубок’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑rъ ад vi‑ti. Гл. яшчэ вірак, вірок, юрок.

Ві́ра1 ’паднімай!’ (БРС, КТС) — выклічнік з марской і будаўнічай тэрміналогіі. Укр. ві́ра, рус. вира ’тс’. Для марскога тэрміна Фасмер (1, 318) тлумачыць паходжанне з іт. virare ’паварочваць’. Бел. і ўкр. будаўнічы выклічнік мог прыйсці і з малд. а вира ’паварочваць’.

Ві́ра2 ’выкуп за забітага чалавека’ (БРС). Укр. віра, рус. вира ’тс’, ст.-рус. вира ’штраф на карысць князя за забойства вольнага чалавека’ (з XII ст.), чэш. уст. vira ’грашовы штраф за забойства (у старарускім і старагерманскім праве)’. Міклашыч (392), Уленбек (AfslPh, 15, 492), Праабражэнскі (1, 85) лічаць гэта запазычаннем з германскіх моў; параўн. ст.-в.-ням., с.-в.-ням. vër‑geld (узята толькі першая частка слова), н.-в. ням. Wergeid ’віра’, гоц. wair ’мужчына’, ст.-ісл. verr ’тс’. Аднак, відавочна, маюцца цяжкасці з вакалізмам кораня. Хутчэй за ўсё лексема віра з’яўляецца роднаснай да літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’мужчына’, прус. wijrs, ст.-інд. vīráḥ ’мужчына, герой’, лац. vir ’мужчына, муж, мужык’, яшчэ ст.-інд. vāiram ’віра, варожасць’.

Ві́ра3 ’частаванне старэйшых таварышаў, якое наладжвае хлопец, дасягнуўшы сталага ўзросту’ (Бяльк.) звязана з літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’(дарослы) мужчына’. Да віра2 (гл.).

Вірабурна: «Вольных песень стыхійныя хвалі вірабурна прыволлем буяняць» (КТС, П. Трус.). Новаўтварэнне ад вір (гл.) і бурна (гл. бура).