Вірлы мн. л., зневаж. ’вочы’ (Жд., 1; докш., Янк. Мат.; дзісн., Нар. сл.). Да ві́рла (гл.).
Ві́рнік ’ніжняя частка ганчарнага круга’ (Жд., 1). Польск. wirniak ’верхняя частка ганчарнага круга’. Утворана ад прыметніка вірны (гл.) і суф. ‑ік.
Вірнік ’нячысцік у вірыстай вадзе’ (Нік., Оч.) паходзіць ад вір 1 (гл.) і суф. Nomina agentis ‑нік.
Ві́рны ’хвалісты, ветраны’; ’глыбокі, небяспечны’ (Нас.); ’вірысты’ (КТС). Сюды ж вірна ’неспакойна’ (Нас.), чэш. vírný ’хуткі, раптоўны’; ’вірлівы, вірысты’, славац. vírný (паэт.) ’вірлівы, вірысты’. Утворана ад вір 1 і суф. ‑н‑ы (< ьnъ‑).
Віро́к 1 ’крынічка, маленькі ручаёк (Сцяшк. МГ); ’хуткі ручаёк’ (Нас.); ’глыбокае месца на рэчцы’; ’адкрытае месца сярод дрыгвы’, віро́к і ві́рак ’малое азярцо на грудку’ (слаўг., стол., Яшк.). Дэмінутыўнае ўтварэнне ад вір 1 і суф. ‑ок (< ‑ъкъ).
Вірок 2 ’юрок — кіёчак, якім намотваюць ніткі’ (Бір. Дзярж., Бір. дыс., Жд., 1, Сцяшк. МГ, Касп., Шат., Бяльк.), рус. урал. вирок ’шпулька нітак’, польск. усх. wijurek ’прыстасаванне, якім з матавіла звіваюць пражу ў клубкі’. Бел. лексема з яўляецца дэмінутывам ад вір 3 (гл.), утвораная пры дапамозе суф. ‑ок (< ‑ъkъ).
Віромка ’?’ у кантэксце «…Нарабіла такой атруты і просіць: каторы старшы віромка, ідзця на водку…» (КЭС). Няясна. Магчыма, звязана з віра 3 (гл.), якое з’яўляецца роднасным з літ. výras, лат. vīrs ’(дарослы) мужчына’.
Віро́тны ’падобны’ (мазыр., Мат. Гом.), ваўк. веро́тны ’сапраўдны’ (Арх. Федар.). Да вяру́тны (гл.).
Ві́ртаначка ’цёплая хустка’ (ДАБМ, 946) < ад *ві́ртанка, як кру́чванка, набіва́нка ’самаробныя хусткі’ (там жа). Да вярце́ць (гл. vьrt‑ěti). Замена ‑е‑ на ‑і‑ ў гэтай гаворцы (в. Лунін Лунінецкага раёна) нерэгулярная (ДАБМ).
Віртуо́з ’артыст, які дасканала валодае тэхнікай свайго майстэрства’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. виртуо́з (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. virtuose < іт. virtuoso ’выдатны, моцны, дабрачынны’ (Шанскі, 1, В, 103–104). Фасмер (1, 319 выводзіць рус. лексему з іт. virtuoso < лац. virtus ’дабрачыннасць’. Сюды ж віртуозны, віртуознасць.
Віруле́нтнасць ’сукупнасць хваробатворных уласцівасцей; узбуджальнік заразных хвароб’ (БРС, КТС) запазычана з рус. вирулентность ’тс’, якое паходзіць з лац. virulentus ’ядавіты’. Сюды ж вірулентны.
Ві́рус ’дробныя мікраарганізмы, якія выклікаюць заразныя захворванні’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88) < лац. virus ’яд, слізь, вязкая вадкасць, сок’. У значэнні ’вірус’ рус. слова ўжываецца з канца XIX ст.; да гэтага часу лац. virus азначала ’яд’; ’арганізм, які перадаваў хваробу пры непасрэдным кантакце’ (Шанскі, 1, В, 104). Сюды ж вірусны, вірусалогія.