Дукт ’мяжа; абвод граніц’ (Яшкін). Запазычанне з польск. dukt ’прасека’ (< лац. ductus; гл. Брукнер, 103).
Ду́ла ’дула’ (БРС), ’лужына’ (Касп.), ’багаты рыбай заліў ракі’ (Яшкін), ’pars posterior, anus’ (Нас.). У Трубачова (Эт. сл., 5, 148–149) пад праформай *dud(ь)lo параўноўваецца шмат слав. слоў з рознай семантыкай (ад ’канец трубы’ да ’ямка ў зямлі, варонка’). Частка прыкладаў выводзіцца ад дзеяслова *duti ’дуць, дзьмуць’ (суфікс *‑dlo); іншыя формы, магчыма, зыходзяць да *dud‑ьl‑. У нашым выпадку, бясспрэчна, трэба зыходзіць з *du‑dlo. Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 551.
Ду́ла (ж. р.) ’завея’ (Касп.). Магчыма, дзеепрыметнікавая форма на ‑л‑ ад дуць (гл.). Параўн. Фасмер, 1, 551.
Дуле́ць ’пыліць (у час красавання збажыны); гарэць без полымя, тлець’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. dulė́ti ’трухлець, тлець’. Але параўн. рус. дыял. смал. дуле́ть ’гарэць, тлець, гнісці’ (Трубачоў, Эт. сл., 5, 154, зыходзіць з прасл. *dulěti, а Фасмер, 1, 551, рус. дуле́ть ’гніць’ звязвае з рус. дуль ’дупло’).
Дулукі́ («зваліўся дулукі» ’на падлогу, на зямлю’, Касп.). Відаць, з дулуйкі́ < *долойкі́ ’тс’. Параўн. рус. дыял. доло́й ’уніз, на зямлю’. Параўн. таксама рус. смал. доло́йки ’прэч, вон, далоў’, дулаки́ (быть в дулаках) ’зваліцца на падлогу’ (гл. СРНГ).
Ду́лька ’адходы пры трапанні льну’ (Сцяшк., Жд. 1, Сл. паўн.-зах.), ’дробныя часткі валакна, пыл пры апрацоўцы льну’ (Шатал.). Паводле Сл. паўн.-зах., магчыма, запазычанне з літ. dùlkes ’пыл, пылок ад раслін’.
Ду́ля ’груша дуля’, ’дуля’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Сцяшк.). Рус. ду́ля ’груша’, укр. ду́ля ’груша’. З польск. dula, gdula, а гэта з лац. cydonea (< грэч.). Гл. Фасмер, 1, 552; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 207–208.
Ду́ма 1 ’дума, думка’, ду́маць, таксама дума́ ’думка’ (Нас., Касп., Шат.). Лексемы *duma, *dumati вядомы амаль ва ўсіх слав. мовах (акрамя чэш. і славац., дзе dumati, dumať запазычаны з польск.). Семантыка іх розная (’думаць’, ’памятаць’, ’гаварыць’, ’меркаваць’ і г. д.); падрабязны агляд форм, значэння гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 154–156. Найбольш абгрунтаванай этымалагічнай версіяй (агляд версій у Трубачова, там жа) з’яўляецца дапушчэнне сувязі *duma, *dumati з *dъmǫ, *dǫti ’дуць’ (адсюль і шматлікасць семантыкі адпаведных слоў у слав. мовах). Параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. взаим., 82–84. Ад *dumati ўтвораны бел. ду́мка, укр. ду́мка.
Ду́ма 2 ’ганарыстасць, пыха’ (Нас.). Запазычанне з польск. duma ’тс’, якое звычайна лічыцца герм. па паходжанню. Гл. Слаўскі, 1, 179; Брукнер, 103. Параўн. і ду́мны ’горды, ганарысты’ (гл.). Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 154–156.
Думаўё ’дамавіна’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). З *domovьje; параўн. слав. *domovina, *domovišče ’жыллё’ (гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 70–71), якія ўжываюцца і ў значэнні ’дамавіна’. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 528 (пад домови́на, домови́ще). Эўфемістычная назва.
Ду́мбла, ду́мбля ’твань’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. dum̃blas ’тс’.
Ду́мны ’горды’ (Нас., Байк. і Некр.). Паводле Кюнэ (Poln., 52), запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dumny ’горды’ (аб паходжанні польск. слоў гл. Брукнер, 103; Слаўскі, 1, 179). Параўн. ду́ма 2 (гл.). Гл. яшчэ Слаўскі, там жа; Трубачоў, Эт. сл., 5, 154–156.