Дубэ́льты ’другія рамы’ (БРС, Сцяшк., Жд. 2). Запазычанне з польск. мовы (dubelt ’удвая’; аб паходжанні гл. пад ду́бальт).
Дуга́ ’дуга’, Рус. дуга́, укр. дуга́, польск. dęga, чэш. duha, серб.-харв. ду́га, ду̏га, ст.-слав. дѫга. Прасл. *dǫga; вытворнае ад дзеяслова *dęgti; параўн. *dęga, *dęgъ ’рэмень, пояс’ (славен. déga і г. д.). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 98–99, 24–26; Фасмер, 1, 549, 561. Гл. дзяга.
Дуда́ ’дуда, дудка’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.). *Duda, *dudъka вядома ва ўсіх слав. мовах (агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 146) і з’яўляецца старым утварэннем гукапераймальнага характару. Сюды адносяцца і дзеясловы *dudati, *dudeti (у тым ліку і бел. дудзець), *duditi (параўн. і бел. дудзіць), якія маюць прасл. характар (гл. у Трубачова, там жа, 147). Таксама прасл. словам можна лічыць і *dudarь (параўн. і бел. дуда́р). Магчыма, сюды адносіцца і бел. ду́ды ’жарты, падман’ (Нас.).
Дудзе́ць, ду́дзіць. Гл. дуда́.
Ду́дка ’дудка’. Гл. дуда́.
Ду́дкі! выклічнік (БРС). Запазычанне з рус. ду́дки! ’тс’. Рус. слова (упершыню адзначаецца ў 1834 г.) паходзіць ад ду́дка ’дудка’ (параўн. пустую сярэдзіну дудкі). Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 206.
Дудне́нне ’гудзенне’ (Сцяшк.). Паколькі слова адзначаецца на абмежаванай тэрыторыі (у зах. гаворках), можна меркаваць, што гэта запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dudnieć ’глуха гучаць, грымець’ (аб прасл. групе слоў з праформы *dud(ь)něti гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 149–150).
Дуду́к ’маўчун’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. dudùkas ’разявака’. Няпэўна. Хутчэй да дуду́каць (гл.).
Дуду́каць ’нягучна размаўляць’ (БРС, Сл. паўн.-зах.), ’размаўляць’ (Касп.), ’глуха і павольна гаварыць’ (Янк. III). Відавочна, гукапераймальнае. Параўн. і рус. дуду́ка ’той, хто ўвесь час балбоча’, дуду́кать ’дудзець, выдаваць гук, як гук дудкі’, дуду́чыть ’гаварыць увесь час, балбатаць абы-што’ (СРНГ, 8, 251). Параўн. і літ. dudénti ’нягучна размаўляць’ (аб гэтым гл. Фрэнкель, 1, 84). Звяртае ўвагу, што бел. і літ. мовы ўтвараюць тут пэўную ізаглосную тэрыторыю (дакладней, літ. мова і паўн.-зах. гаворкі бел. мовы).