Ве́даць. Ст.-рус. вѣдати, рус. ве́дать, укр. ві́дати. Усх.-слав. (?) *vědati. Параўн. і прасл. *věděti ’тс’: ст.-рус. вѣдѣти, польск. wiedzieć, чэш. věděti, ст.-слав. вѣдѣти, славен. védeti і г. д. Слав. *věd‑ адлюстроўвае і.-е. *u̯oi̯d‑ ’ведаць’; параўн. грэч. οἶδα ’я знаю, пабачыў’ (*u̯oi̯d‑), прус. waidimai ’мы ведаем’, ст.-інд. vḕda ’я знаю, пабачыў’, гоц. wait ’я знаю’ і г. д. Лічыцца, што *věd‑ (*u̯oi̯d‑) звязана аблаутам з *vid‑ (*u̯ei̯d‑) ’бачыць’. Гл. Фасмер, 1, 283 (там і літ-ра).
Ве́дзьма. Ст.-рус. вѣдьма, рус. ве́дьма, укр. ві́дьма, польск. wiedźma, чэш. vědma. Як думаюць, вытворнае ад слав. *věděti, *vědati ’знаць’; параўн. і ст.-рус. вѣдь ’чараўніцтва (Брукнер, Slavia, 13, 980; Міклашыч, 390 і далей; Траўтман, 338; Фасмер, 1, 285). Махэк₂ (680) зыходзіць з праформы *vědoma. Няпэўна.
Ве́ер. Як і ўкр. ві́ер ’тс’, запазычанне з рус. ве́ер ’тс’. Апошняе ўзята з ням. Fächer ’веер’ і трансфармавалася пад уплывам дзеяслова ве́ять. Гл. Брандт, РФВ, 18, 29; Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 107; Фасмер, 1, 285; Шанскі, 1, В, 38.
Ве́жа. Ст.-рус. вѣжа ’шацёр, кібітка, вежа’, рус. ве́жа ’шацёр, кібітка, будка, вежа’, укр. ве́жа, польск. wieża, чэш. věž, ст.-чэш. věžě, ст.-слав. вѣжа, славен. véža ’сені, вестыбюль’. Першапачаткова ў славян, як думаюць, гэта быў рухомы будынак на санях або калёсах. Прасл. *věža < *vēz‑i̯a да *vez‑ti ’везці’. Гл. Фасмер, 1, 285. Паколькі ва ўкр. мове павінна было быць *віжа, думаюць, што ўкр. слова запазычана з польск. Адносна бел. слова штосьці падобнае сцвярджаць цяжка, бо няма фанетычных прыкмет запазычання. Зрэшты, і ўкр. слова можа быць не польскім запазычаннем, а палескім словам.
Ве́зці, везць. Ст.-рус. везти́, рус. везти́, укр. везти́, польск. wieźć, чэш. vézti, ст.-слав. вести везѫ, серб. вѐсти вѐзе̑м і г. д. Прасл. *vezti vezǫ ’везці’. І.‑е. *u̯eg̑h‑ ’ехаць, везці’: літ. vèžti ’везці’, грэч. Ϝεχέτω ’няхай прынясе’, лац. vehō ’еду, вязу’, ст.-інд. váhati ’вязе, вядзе’, авест. vazaiti ’вязе, цягне’, гоц. gawigan ’трасці, рухаць’ і г. д. Іншыя аблаутныя формы і.-е. *u̯eg̑h, прасл. *vez‑; гл. пад вазіць, воз, вежа. Фасмер, 1, 286.
Ве́йка (БРС, Шатал., Сцяшк. МГ). Укр. ві́я, ст.-чэш. vějička, povějе ’павека’, славен. vejice ’вейкі’. Прасл. *věi̯a ’тс’. Гэта апошняе можа быць метафарычным ужываннем слова *věi̯a ’галінка’ (ст.-слав., ст.-рус. вѣя), рус. вея, балг. ве́йка, славен. vẹ̑ja ’галінка’, чэш. vějice, vějička ’прыманка (лазінка, змазаная клеем, каб лавіць птушак і мух)’, «вейка» ’штосьці пушыстае, касматае, з бахрамой, быццам галінка з лісцем’. Але можна думаць і пра непасрэднае ўтварэнне ад *věi̯ati ’веяць, дуць’. Гл. Махэк₂, 681 (але няма неабходнасці параўноўваць гэта слова з прасл. *vědi̯a ’павека’, ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’павека’ і г. д.).
Ве́йлё ’валлё’ (Сцяшк. МГ). Відавочна, дыялектная фанетычна-марфалагічная трансфармацыя слова валлё (гл.). Здвоенае лʼлʼ > йлʼ. Пры перанясенні націску на першы склад нібы «аднавілася» этымалагічнае е.
Век ’жыццё, вечнасць, час і да т. п.’ Ст.-рус. вѣкъ ’тс’, рус. век, укр. вік, польск. wiek, чэш. věk, ст.-слав. вѣкъ, балг. век, серб. ве̑к і г. д. Прасл. *věkъ ’век, жыццё, вечнасць і г. д.’ (з даўняга *voi̯kos, а гэта аблаутная форма да і.-е. *u̯ei̯k‑ ’сіла, выяўляць сілу’, літ. viẽkas ’сіла, жывучасць, жыццё’, veĩkti ’штосьці рабіць, працаваць’, véikus ’хуткі’, vỹkis ’жыццё, жывасць’, vikrùs ’бадзёры’, лац. vincere ’перамагаць’, ст.-ісл. veig ’сіла, моцнасць’, vīg ’барацьба’, гоц. weihan, ст.-в.-ням. wīgan ’змагацца’. Сюды прасл. *věčьnъ ’вечны’ (ст.-рус. вѣчьныи, бел. ве́чны, рус. ве́чный, укр. ві́чний, польск. wieczny, чэш. věčný, ст.-слав. вѣчьнъ, балг. ве́чен, серб. ве̏чан і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 286.
Ве́ка ’века; павека’. Ст.-рус., ст.-слав. вѣко ’павека’, рус. ве́ко ’павека; розныя віды кошыкаў; вобад сіта або рэшата’, укр. ві́ко ’накрыўка скрыні, дзяжы і да т. п.’; ’павека’, польск. wieko ’накрыўка’, чэш. víko ’тс’, славен. véko, véka ’павека’. Прасл. *věko ’века; павека’ (< *vēko). Роднасныя: літ. vókas ’павека; накрыўка’, лат. vâks ’накрыўка’ (балт. словы адлюстроўваюць старое *vāk‑; параўнальна з слав. формамі тут іншы вакалізм, але чаргаванне ē : ā назіраецца і ў іншых выпадках). Магчыма таксама, што балт. мовы захоўваюць стары вакалізм, а слав. *věko (замест *vako) развілося пад уплывам слав. *vědi̯a ’павека’ (ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’тс’, балг. ве́жда, серб. ве̏ђа ’брыво’). Гл. Траўтман, 347–348; Фасмер, 1, 286. З прэфіксам *po‑ ўтворана слав. *po‑věka ’павека’, з прэфіксам *ob‑ — *ob‑věko (> *oběko + розныя суфіксы) ’абечайка’ (гл.).
Векаві́сты, векуі́сты ’вечны’ (Шн.). Запазычанне з польск. wiekuisty ’тс’ (да wiek ’век’; гл. Брукнер, 615). У бел. помніках слова векуистый вядома з XV ст. (гл. Булыка, Запазыч.).