Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ватэрпо́ла ’ватэрпола’. Запазычанне з рус. ватерпо́ло ’тс’ < англ. water‑polo ’тс’. Падрабязна гл. Шанскі, 1, В, 25.

Ватэ́тта ’вось тут’ (КЭС). Дакладна адпавядае рус. дыял. воте́тта, вотэ́тта ’тс’ (СРНГ). Складанае слова: вот ’вось’ + эт‑то.

Ваўкава́ты ’ваўкаваты, нелюдзімы, дзікаваты’ (БРС), вовкова́ты (Бесар.), укр. вовкува́тий ’тс’. Параўн. рус. дыял. наўг. волкова́тый ’жвавы, спрытны’. Да воўк (гл.).

Ваўкала́к ’пярэварацень’ (Касп., Нас., БРС, Інстр. II, Гарэц., Мал.), ваўкала́ка (Янк. III, Інстр. II), вавкула́к (Грыг.), вовкула́к (Клім.), воўколака (Шн.). Рус. волкола́к, волкодла́к, вурдала́к, дыял. таксама волкола́ка, укр. вовкула́к, вовкула́ка, польск. wilkołak, чэш. vlkodlak (кніжнага паходжання; у дыял. захавалася вельмі слаба і ў пераносным значэнні ’скнара’), серб.-ц.-слав. влькодлакъ, балг. въркола́к, вълкодла́к, серб. вуко̀длак, ву̏кодлак. Прасл. *vьlkodlakъ ’ваўкалак, чалавек-пярэварацень’. Першая частка слова да *vьlkъ ’воўк’, другая да ц.-слав. длака ’валасы, футра’, серб. дла̏ка ’валасы, шэрсць’, славен. dláka (Фасмер, 1, 338–339).

Ваўкува́тый ’трохі недасушаны, вільготны’ (Бяльк.). Рус. дыял. волкова́тый ’тс’. Параўн. рус. дыял. волгова́тый ’тс’ (да волгкий ’сыры’, слав. *vьlg‑ ’вадкасць’).

Ваўня́нка ’грыб ваўнянка’ (БРС, Нас., Касп., Сцяшк. МГ), вавня́нка, вовня́нка ’вельмі горкі грыб (Lactaria necator)’ (Лысенка, ССП); пераносна ’чалавек з дрэнным характарам’. У грыба Agaricus torminosus шляпка пакрыта валаскамі. Таму ў слав. мовах яго называюць ’шарсцяным’, у прыватнасці вытворнымі словамі ад *vьlna ’шэрсць’. Параўн. рус. волнушка, волняшка, укр. вовнянка, польск. wełnianka, ст.-чэш. vlněnka і да т. п. Падрабязна з аглядам літ-ры Мяркулава Очерки, 172–173.

Ваўрэ́ць ’моцна спацець’ (Касп., Гарэц., Яруш., Бяльк.). Рус. дыял. вреть ’моцна пацець’. Параўн. укр. дыял. врі́ти ’кіпець’, бел. врэць, ст.-рус. вьрѣти ’кіпець’, польск. wrzeć, чэш. vřiti, ст.-слав. вьрѣти, серб. вре̏ти і г. д. Прасл. *vьrěti ’кіпець і да т. п.’ Падрабязней гл. Фасмер, 1, 362. Бел. ваўрэ́ць < *о‑вьрѣти (з пратэтычным о‑ > ва‑).

Ваўча́нка ’хвароба ваўчанка’ (БРС). Рус. волча́нка. У бел. мове, магчыма, запазычанне з рус., дзе назва ўтворана ад волк (па характару хваробы). У рус., магчыма, калька з лац. lupus ’тс’ (літаральна ’воўк’). Гл. Гараеў, 54; Фасмер, 1, 346; Шанскі, 1, В, 153.

Ваўчкі́ ’расліна Bidens, ваўчкі’ (БРС, Кіс.); ’Pedicularis palustris L.’ Да воўк. Расліна мае плады з шыламі, пакрытымі зубчыкамі. Параўн. іншыя назвы расліны: сабачкі, укр. собачки, стрілки, причепа, кошки і г. д. Параўн. яшчэ ў рус. мове назвы для асота, рапейніка — волчец, волчок, волчняк, волчевник (матывацыя тая ж: пустазелле з вострымі шыламі і ўчэпістымі пладамі; гл. Мяркулава, Очерки, 98). Іначай аб рус. волчец Шанскі 1, В, 153 (запазычанне са ст.-слав. вълчьцъ). Сюды і бел. ваўчкі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (Шатал.).

Ваўчо́к ’дзіцячая цацка’ (БРС). Рус. волчо́к ’тс’ (з XVI–XVII стст.?). Ад волк, воўк (цацка выдае гукі, нібы выццё); параўн. і чэш. назву гэтай цацкі vlk (Шанскі, 1, В, 153; гл. таксама Фасмер, 1, 346–347, які прыводзіць як паралель лат. vilks ’воўк’ у назвах розных інструментаў і ўказвае, што і ў ням. мове розныя інструменты носяць назву ’воўк’). Менш пераконвае Гараеў, 54 (гл. і Праабражэнскі, 1, 94): сувязь з дзеясловам волочиться. У бел. мове ваўчок, відавочна, запазычанне з рус.