Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тлушча́нка ’расліна Pinguicula L.’ (Кіс.)· Калька лацінскай назвы расліны, параўн. лац. pinguiculus, памянці, ад pinguis ’тлусты, тоўсты’, укр. товстя́нка ’расліна Pinguicula L.’, рус. жиря́нка ’тс’ з-за мясістасці лістоў расліны.

Тлушчо́ўка ’траска́’ (Байк. і Некр.). Штучна ўтвораная назва пачатку 20‑х гадоў XX ст., параўн. пазнейшае траска́ ’тс’ (Некр. і Байк.), паводле прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі назваў рыб (вярхоўка, альхоўка і пад.) ад тлушч (гл.), параўн. чэш. tloušt ’галавень’, рус. ма́сленник ’язь’, відаць, у сувязі з тым, што рыба з’яўлялася асноўнай сыравінай для здабычы рыбінага тлушчу.

Тлушчыня́ ’таўшчыня’: такая тлушчыня ў асіны (вілен., Сл. ПЗБ). Утворана на базе таўшчыня пад уплывам тлусты ’тоўсты’, гл.

Тлюма́ ’вялікі клунак’ (круп., Жыв. сл.). Гл. тлумак.

Тля ’дробнае насякомае, якое жывіцца сокам раслін’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Арх. Вяр.), ’моль, Acarus’: тля мучная, сырная (Ласт.), ’плесня, мох на чым-небудзь гнілым; прах; моль, дробныя чарвякі’ (Нас.), ’плесня’ (Байк. і Некр.), тля́га ’тля’ (Барад.), ст.-бел. тля ’тля’ (1489 г., КГС). Укр. тля, дыял. тлі́я, рус. тля ’тс’. Звязваюць з прасл. *tьliti ’хутка і прагна есці, паглынаць; выгадоўваць, адкормліваць; губіць, знішчаць, псаваць, пажыраць’, параўн. стараж.-рус. тьлити ’псаваць, пажыраць’, роднаснае *tьlěti ’тлець’ (гл. тлець). Акрамя таго, супастаўляецца з грэч. τῖλάω ’вадкія экскрэменты’, ’хварэю на панос’, лат. tĩrelis ’балота’, літ. týras ’балота; чысты’, tỹrė ’каша’, што няпэўна (ЕСУМ, 5, 583; Фасмер, 4, 65).

Тлява́цца ’ацірацца, знаходзіцца’: у хаце тлююцца (чач., Жыв. сл.). Няясна.

Тля́на (тля́но) ’сыра, мокра, туманна’ (бяроз., Шатал.), тлатля́но ’вельмі мокра, сыра’ (там жа). Прыслоўе ад тлець ’гніць’ (гл.), магчыма, з экспрэсіўным падваеннем першага складу.