Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Но́раў ’характар; упарты характар з капрызамі’ (Нас., Яруш., Шат., Бяльк.), ’звычай’ (Нас.), но́роў ’нораў, звычка’ (ТС), наро́ў ’тс’ (Ян.), ’нораў, натурлівасць’ (ТС), ст.-бел. норовы (1562, Карскі, 1, 249), укр. но́ров ’характар; прыхамаць, капрызы’, рус. но́ров, на́ров ’характар; жаданне; прыступ да справы’, славац., чэш. nrav ’характар, звычка; звычай’, ст.-чэш. nrav ’тс’, славен. nrȁv ’звычка, характар’, серб.-харв. на́рав ’тс’, макед. нарав ’тс’, балг. нъра́в, дыял. нара́вие ’тс’, ц.-слав. нравъ. Прасл. *norvъ, роднаснае літ. nóras ’воля, жаданне’, norė́ti ’хацець’, грэч. νωρεῑ ’моц, сіла’; таго ж паходжання ст.-інд. nar‑ ’мужчына’, авест. nar ’тс’ і пад. (Фасмер, 3, 84; Бязлай, 2, 229).

*Но́раччу, норэччу ’настойліва, заўзята’ (ТС). Няясна; зыходны назоўнік *норэч ’ахвота; настойлівасць, заўзятасць’ быў бы блізкі да літ. norėti ’жадаць, хацець’, norėtis ’хацецца’, noras !жаданне, ахвота’, параўн. таксама noriai ’ахвотна’. Ці не сюды ж і славен. norėti ’дурэць, губляць галаву, захапляцца’ і асабліва noriau ’бойкі, гарэзлівы’, якія Бязлай (2, 227) выводзіць з ням. (баварска-аўстрыйскага) Narr, дыял. nęr ’дурны’?

Но́рка 1 ’драпежны пушны звярок’ (ТСБМ). Відаць, запазычана з рус. но́рка ’тс’, што з фін. nirkka ’ласка’, эст. nirk ’тс’ (Трубачоў у Фасмера, 2, 83, гл. таксама Вахрас, Virittäjä, 79, 102–110). Гл. таксама нары́ца ’тс’.

Но́рка 2, нары́ца ’назва рухавай, непаседлівай асобы’ (пух., Жыв. сл.). Гл. нарыца, параўн. тлумачэнне: «на чалавека так кажуць, які вельмі пранорлівы» (там жа).

Но́рма ў розных значэннях (ТСБМ), у тым ліку ’участак калгаснага поля, які выдзяляецца для апрацоўкі аднаму чалавеку’ (слуц., Нар. словатв.), ’зямельны надзел — 5 дзесяцін’ (ветк., Яшк.). Запазычана праз рус. норма ці польск. norma з ням. Norm ці франц. norme (< лац. norma).

Норт ’цячэнне; паглыбленне, вір на павароце ракі’ (Сл. ПЗБ), ’паўвостраў, які ўтварае рака, мяняючы напрамак свайго цячэння’ (карэл., З нар. сл.), ’неглыбокае месца ў рэчцы, дно якога ў карчах’ (навагр., Нар. лекс.), ’спакойная частка ракі ў вілейскіх плытагонаў’ (JP, 64, 31), ’калена ў рацэ’ (астрав., ул. інф.), ’фарватар ракі; месца, якое агібае рака’ (гродз., Яшк.), ну́орт ’глыбокае месца на павароце ракі’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. нуртъ ’цячэнне’ (1603). Запазычанне з польск. nort, nurt ’цячэнне, стрыжань, быстрак у рацэ’, дыял. nort, nord, nórt ’куток, канец, край, узлесак’, ст.-польск. nurt, nurta ’яма, пячора і пад.’ (Булыка, Лекс. запазыч., 138; Бяднарчук, JP, 64, 31–32), пра што сведчыць у першую чаргу лінгвагеаграфія. Аднак славен. Nart, Narte ’назвы правалаў’, якія Бязлай звязвае з польск. nort, што суадносіцца з літ. nàrtas ’кут, вугал’ (Бязлай, 2, 215), дае падставы лічыць беларускія словы даўнімі ўтварэннямі ад прасл. *nor‑ (*ner‑, *nьr), гл. нара́, пану́ры (параўн. Брукнер, 366).

Но́рчык ’нырэц’ (пін., Нар. лекс.). Гл. нор, нырэц.

Нос 1 ’нос, дзюба, завостраная частка прадмета’ (Бяльк., Шатал., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, ТС), укр. ніс ’тс’, рус. нос, польск., чэш., славац., н.-луж. nos ’тс’, в.-луж. nós, славен. nós ’тс’, серб.-харв. но̑с ’тс’, макед., балг. нос ’тс’. Прасл. *nosъ: адпавядае літ. nósis, лат. nãss, ст.-прус. nozy, ст.-інд. nāsā, лац. nāsus, ст.-в.-ням. nasa (Фасмер, 3, 84; Бязлай, 2, 228; Шустар-Шэўц, 14, 1022). У аснове матывацыі сувязь з ’рэзаць’ (’выступаць’), параўн. асец. nos ’шрам’, суадносіцца з нож, заноза (Макоўскі, Мир слов и значений, 139).

Нос 2, звычайна ў спалучэннях: на но́се ’вельмі скора, у самы блізкі час’ (Сл. ЦРБ), на носу́ ’пра хуткае з’яўленне’: Ужэ весна на носу́ (ТС). Магчыма, першапачаткова аддзеяслоўны назоўнік ад насіць ’быць цяжарным’, параўн. тураўск.: У ее ужэ трое дзецей і чэцвёртое на носу́ (ТС), брасл. носная ’цяжарная’ (Сл. ПЗБ), рус. носить ’нараджаць’, носы ’перыяд цяжарнасці’ і пад. Развіццё значэння ад ’напярэдадні родаў’ (параўн. рус. на сносях) да ’вельмі хутка, вельмі блізка’, магчыма, у выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з нос 1.

Но́саль ’насач, насаты чалавек’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.; шчуч., Сл. ПЗБ; Янк. 1; мазыр., Мат. Гом.), укр. носаль ’жук-даўганосік; малаток з доўгім канцом’, польск. дыял. nosal, nochal ’чалавек з доўгім носам’, чэш. nosal, славац. nosäl, nochal ’тс’., Суфіксальнае ўтварэнне ад нос 1 аднак незвычайны націск на корані, параўн. насар, насач і пад., а таксама украінскі адпаведнік схіляюць да думкі пра запазычанне з польскай мовы. Параўн. таксама каваль, маскиль і інш. утварэнні з суфіксам ‑аль, які трактуецца як запазычаны (Карскі 2–3, 25).

Но́сікі ’бульба з лушпайкамі, пасоленая, варыцца з цыбулькай ці кропам’ (валож., Сл. ЦРБ). Відаць, да нос 1 (гл.), параўн. носік ’частка бульбіны (з вочкамі)’ (Мат. Гом.). Зыходная семантыка — ’выступаючая частка’, што можа сведчыць пра ўзнаўленне першаснай матывацыі назоўніка нос 1 — ’рэзаць’, параўн. рэзанікі ’звараная неабіраная бульба, парэзаная напалам’ (ТС).

Но́скі ’які доўга носіцца’ (бялын., Янк. Мат., ТС), і носкі́ (ТС). Аддзеяслоўны назоўнік ад насіць, параўн. хо́дкі ’хадавы’ і пад.; аманімічнае ўтварэнне ад насіць, несці (яйкі) — но́скі ’нясучы (пра курэй)’, якое Аткупшчыкоў (Сравн.-типол. исследования слав. яз. и литератур. Л., 1983, 62) лічыць дакладным адпаведнікам літ. našus ’прадуктыўны’.