Не́сці ’несці, дастаўляць і інш.; несці яйкі’ (БРС, ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк.), а таксама несць, нясці (Бяльк., Сл. ПЗБ), несці (ТС); укр. не́сти, рус. не́сти, польск. nieść, чэш. nésti, славац. niesť, в.-луж. njesć, н.-луж. njasć, славен. nesti, серб.-харв. не́сти, балг. неса́, макед. несе́ ’несці яйкі’. Прасл. *nesti, роднаснае літ. néšti, лат. nest ’несці’ і інш., гл. Фасмер, 3, 67; Шустар-Шэўц, 13, 1014; Махэк₂ (396) і Бязлай (2, 220) адрозніваюць аманімічныя формы са значэннем ’несці, дастаўляць і пад.’ ад формаў са значэннем ’несці яйкі’; апошнія разглядаюцца як збліжаныя на базе народнай этымалогіі з *nesti ’несці, дастаўляць’ утварэнні ад прасл. *nersti (гл. нераст), якое мела значэнне, акрамя ’нерасціцца’, таксама ’пладзіцца, несці яйкі (пра птушак)’. Малаверагодна, паколькі апошняе значэнне добра выводзіцца з ’дастаўляць’, параўн. не́сьціся ’імчацца; нясціся (пра курэй)’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)