Нос1 ’нос, дзюба, завостраная частка прадмета’ (Бяльк., Шатал., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, ТС), укр. ніс ’тс’, рус. нос, польск., чэш., славац., н.-луж. nos ’тс’, в.-луж. nós, славен. nós ’тс’, серб.-харв. но̑с ’тс’, макед., балг. нос ’тс’. Прасл. *nosъ: адпавядае літ. nósis, лат. nãss, ст.-прус. nozy, ст.-інд. nāsā, лац. nāsus, ст.-в.-ням. nasa (Фасмер, 3, 84; Бязлай, 2, 228; Шустар-Шэўц, 14, 1022). У аснове матывацыі сувязь з ’рэзаць’ (’выступаць’), параўн. асец. nos ’шрам’, суадносіцца з нож, заноза (Макоўскі, Мир слов и значений, 139).

Нос2, звычайна ў спалучэннях: на но́се ’вельмі скора, у самы блізкі час’ (Сл. ЦРБ), на носу́ ’пра хуткае з’яўленне’: Ужэ весна на носу́ (ТС). Магчыма, першапачаткова аддзеяслоўны назоўнік ад насіць ’быць цяжарным’, параўн. тураўск.: У ее ужэ трое дзецей і чэцвёртое на носу́ (ТС), брасл. носная ’цяжарная’ (Сл. ПЗБ), рус. носить ’нараджаць’, носы ’перыяд цяжарнасці’ і пад. Развіццё значэння ад ’напярэдадні родаў’ (параўн. рус. на сносях) да ’вельмі хутка, вельмі блізка’, магчыма, у выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з нос1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)