Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лэпіх ’аер, Acorus calamus L.’ (Бейл.). Укр. лепеха́ ’тс’, польск. вілен. lepiech, рус. лепех, лепешник ’тс’, лепёшник ’падбел, Tussilago farfara L.’, серб.-харв. ле̏пух, славен. lepuh. Міждыялектныя адносіны спрыялі мене карэннай галоснай у ‑э‑. Да лопух (гл.).

Лэпскі ’лоўкі, моцны’ (Сцяшк.), ’харошы, пахвальны’ (Нас.), ’ладны’ (карэліц., З нар. сл.; стаўб., Жыв. сл.), ’ніштаваты’ (карэліц., Нар. словатв.), лэпска ’добра’ (Нас. Сб.). Запазычана з польск. łebski і łepski ’разумны, спрытны’, ’ладны, велікаваты’, ’прыгожы’, ’недарагі’.

Лэпта ’няўклюда’ (слуц., Жыв. сл.). Утворана ад лэп1 (параўн. лэп‑лэп ’тоўч-тоўч’ і суфікса ‑та (параўн. літ. lemtūtà). Відавочна, генетычна звязана з літ. lèptelėti ’не да месца сказаць’, ’ляпнуць’, ’пляснуцца’.

Лэтны ’абкручаныя анучамі курыныя лапы (каб куры не граблі град)’ (пух., Сл. ПЗБ). Утворана пры дапамозе суфікса ‑но (< прасл. ‑no) ад ла́та1 (гл.). Экспрэсіўнасць спрыяла мене а > э: латно > ла́тны > лэ́тны.

Лэўдзік ’злодзей’, лэўдзіць ’красці’, злэўдзіць ’украсці’ (Нас.; Юрч. Вытв.). Балтызм. Параўн. літ. láudaga, láudagas ’неахайны, апушчаны’, ’гультай’.

Лэхаць ’пляткарыць’ (зэльв., Сцяшк. Сл.). Да ла́хаць2 (гл.). Аб пераходзе а > э гл. Карскі (1, 104).

Лэхі ’транты, анучы, парванае адзенне’ (Сцяшк.), ’лахманы’ (свісл., Шатал.; ваўк., Сл. ПЗБ). Да ла́хі (гл.). Аб пераходзе а > э гл. Карскі (1, 104).

Лэхнуць ’быць адданым каму-небудзь, прападаць за кім-небудзь, вельмі любіць што- або каго-небудзь’ (стаўб., Жыв. сл.). Да лахаць1 (гл.). З прычыны экспрэсіўнасці ‑а‑ > ‑э‑.

Лэхта ’балбатуха’ (стаўб., Жыв. сл.). Утворана ад лэ́хтаць < ла́хтаць2 (гл.), як мазя ад мазаць.

Лэхтар ’вынашаная падраная адзежына фабрычнага вырабу’ (КЭС, лаг.). Да лэх < ла́хі (гл.). Аб суфіксе ‑ар гл. Сцяцко (Афікс. наз., 148).