Лэп! 1 ’пра мацанне, абмацванне’ (мсцісл., Нар. лекс.), ’хап, цап’ (віл., швянч., Сл. ПЗБ). Балтызм, параўн. літ. lep! — для абазначэння бегу рыссю. У паўн.-слав. мовах для раптоўнага хапання, мацання ўжываецца лап!, łap! lap!, якія з прасл. lapъ! (больш падрабязна гл. Слаўскі, 4, 464).
Лэп! 2 — пра гук, калі злёгку выцяць рукой (КЭС, лаг). Іншы варыянт выклічніка лоп! (гл.).
Лэп 3 ’лоб’ (шчуч., КЭС). Да лоб 1 (гл.). Сюды, відаць Лэпʼe — назва поля (в. Радастава, драг., Клім., Бел. анам., 1985) < lobьje.
Лэпа (іран.) ’паспешлівы’ (Сцяшк.), лэпаўка ’паспешніца’. У якасці балтыйскага адпаведніка можна прывесці lep! (гл. лэп 1), lẽpas ’балбатун’. Утворана па тыпу соня, мазя (гл.) ад дзеяслова ⁺лэпаць ’спяшацца’ (аднак не зафіксаванага ў гаворках).
Лэпаць 1 ’мацаць рукамі, шукаючы што-небудзь упоцемку’, ’мацаць рукамі’ (бялын., Янк. Мат.; Бір. Дзярж., ТСБМ, ТС, Шат., Нар. Гом.), ’лапаць, хапаць рукамі’ (слаўг., Нар. словатв.), ’цягаць, красці’ (кругл., Мат. Маг.). Да лэп 1 (гл.).
Лэпаць 2 ’шавяліць губамі’ (Жд. 1), ’ляпаць (рукою па лбе)’ (Нас.), ’пляскаць, шлёпаць, біць чым-небудзь’ (слаўг., Нар. словатв.; Шат.; чэрв., Сл. ПЗБ), лэпнуць ’пляснуць, раптоўна ўпасці’ (іўеў., шальч., лаг., Сл. ПЗБ), ’стукнуць, ляснуць, ляпнуць’ (Нас.; бялын., Янк. Мат.), ’злёгку ўдарыць’ (КЭС, лаг.). Да лэп 2. Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 182) у якасці літ. адпаведніка прыводзяць дзеяслоў lèptelėti ’ляпнуць, бухнуць’.
Лэпіх ’аер, Acorus calamus L.’ (Бейл.). Укр. лепеха́ ’тс’, польск. вілен. lepiech, рус. лепех, лепешник ’тс’, лепёшник ’падбел, Tussilago farfara L.’, серб.-харв. ле̏пух, славен. lepuh. Міждыялектныя адносіны спрыялі мене карэннай галоснай у ‑э‑. Да лопух (гл.).
Лэпскі ’лоўкі, моцны’ (Сцяшк.), ’харошы, пахвальны’ (Нас.), ’ладны’ (карэліц., З нар. сл.; стаўб., Жыв. сл.), ’ніштаваты’ (карэліц., Нар. словатв.), лэпска ’добра’ (Нас. Сб.). Запазычана з польск. łebski і łepski ’разумны, спрытны’, ’ладны, велікаваты’, ’прыгожы’, ’недарагі’.
Лэпта ’няўклюда’ (слуц., Жыв. сл.). Утворана ад лэп 1 (параўн. лэп‑лэп ’тоўч-тоўч’ і суфікса ‑та (параўн. літ. lemtūtà). Відавочна, генетычна звязана з літ. lèptelėti ’не да месца сказаць’, ’ляпнуць’, ’пляснуцца’.