Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жа́гаўка ’шчупак, Esox’ (Мат. Гом., З нар. сл., 277), ’непаседа’ (Мат. Гом.), жагла́к ’шчупак’ (Мат. Гом.). Улічваючы значэнне ’непаседа’, супастаўляецца з жыг ’момант’, жыга, жыгун ’непаседа’, г. зн. звязваецца з коранем слоў жагаць, жыгаць ’бліскаць’ (гл.) праз сэнс ’хутка гарэць’, адкуль ’хутка рабіць’, ’быць хуткім’. Іншая магчымасць: жыгаць ’кусаць’. У абодвух выпадках прамежкавыя формы — незафіксаваныя прыметнікі *жагавы (*жиговъ, *жаговъ?), *жаглы ’хуткі’ або ’куслівы’. Не выключана, што жа́гаўка звязваецца з ’хуткім’, а жагла́к (параўн. жа́гліўка, жа́гляўка) — з ’куставым’.

Жа́гва ’грыб Piptoperus або іншыя з сям’і Polyporaceae, губа; трут’ (бяроз., Шатал.; тураў., КСТ). Польск. żagiew ’грыб Polyporus’; параўн. рус. кастр., уладз., маск. жа́гра, жагара ’тс’ (СРНГ, Іванова), серб.-харв. же̑г ’трут’. Паводле Міклашыча (406), польск.славац. žahev, якое, аднак, не пацвярджаецца SSJ і Калалам) і рус. словы ўзыходзяць да слав. кораня *žeg‑. Гэта прымаюць Брукнер, 664; Фасмер, 2, 32–33. Гараеў (105) побач з гэтым прыводзіць балт. паралелі са значэннем ’галлё’ (гл. жага́ры), а Праабражэнскі (1, 220) адзначае няяснасць утварэння. Бел. і польск. формы ўказваюць на прасл. аснову на (параўн. Бернштэйн, Чередования, 232–234, дзе шэраг прыкладаў назваў раслін на *‑ū: *bruky, *bъty, *klʼuky, *bolgy ’баравік’ і інш.). Этымалогія і словаўтваральная мадэль слоў на *‑ū часта няясныя, шэраг з іх запазычаныя (*pigy, *bruky, *tyky), ёсць і аддзеяслоўныя (*stęgy ’раменьчык для абутку’ і інш.). Лучыц-Федарэц (Бел.-польск. ізал., 80–81) лічыць, што бел.-польск. паралель (Тарнацкі, Studia, к. 77) адлюстроўвае ўплыў балт. словаўтваральнай мадэлі (літ. degtùvas ’запал, запальнік’ пры dègti ’паліць’), што не зусім пераканаўча, бо не тлумачацца шляхі і магчымасці такога ўплыву. Паколькі пашырэнне слова паўн.-слав., магчыма, трэба ўлічыць рус. чага ’жагва’ < комі тшак ’тс’ (Фасмер, 4, 310; Мацвееў, Финно-угор. заимствования, 37), хаця слова вядома і на Палессі (Ніканчук, Матеріали, 62), а таксама суадносіны č — s у фіна-ўгор. мовах (Основы финно-угорского языкознания, 122–124) пры пошуку крыніцы слав. кораня. Няясна. Ст.-бел. жакгва, жакгев ’галавешка, факел’ < польск. żagiew ’тс’ (Булыка, Запазыч., 112).

Жа́гіль ’вочап у студні’ (смаляв., ДАБМ, каментарыі, 809). З літ. дыял. žãgilas (Урбуціс, Baltistica, V (1), 59; Лаўчутэ, Сл. балт., 66).

Жагі́ні, жэґе́ні, жэґі́ні, жэґя́ні, жа́ґлі (з выбухным ґ) ’азярод’. З žaginiaĩ ’тс’ (Сл. паўн.-зах.; Урбуціс, Baltistica, V (1), 59; Лаўчутэ, Сл. балт., 30).

Жа́гліўка ’пякучая крапіва’ (гарадоц., Нар. лекс., 34). Як і жа́гляўка (гл.), утворана ад незафіксаванага прыметніка (*жаглівы ’куслівы’). Параўн. жыгучка ’крапіва’ (гл). Цікава адзначыць славац. žihľava ’крапіва’ з блізкай суфіксацыяй.

Жа́гляўка ’мурашка’ (Янк. I). Як і жа́гліўка (гл.), відаць, да жыга́ць ’калоць; кусаць’ (гл.) праз прыметнік на ‑ляв‑ (*жаглявая мурашка ’куслівая мурашка’).

Жагна́ць ’благаслаўляць’ (ТСБМ). Польск. żegnać, чэш. žehnati, славац. žehnať, в.-луж. žohnować, н.-луж. žognowaś, славен. žę́gnati, харв. žegnati ’благаслаўляць’ (Скок) (і ў розных мовах развітыя адсюль значэнні ’развітвацца’, ’дзякаваць’, ’выказваць жаданне’). Ст.-бел. жекгнати, жегнати ’тс’ з канца XV ст. (Булыка, Запазыч., 113–114). З польск. (зафіксавана ў канцы XIV ст. у значэнні ’чараваць’, з XV ст. ’благаслаўляць’; Рэчак), дзе (магчыма, праз чэш.) з ням. segnen (Брукнер, 664), дзе з ц.-лац. signare ’адзначаюць крыжам’ ад лац. signum ’знак’, ц.-лац. ’знак крыжа’ (Дудэн, 633). Літ. žegnóti (s) < польск. ці бел. (Фрэнкель, 1295).

Жагну́цца ’сцепануцца, скалануцца ад вельмі гарачай ці халоднай вады’ (навагр., З нар. сл., 57). Магчыма, тлумачэнне праз семантычны пераход ад жагнацца ’хрысціцца’ (са спалоху, ад нечаканасці) або хутчэй жахнуцца ’спалохацца’ (адно з адценняў значэння: ’у жаху адхіснуцца’, ТСБМ) з экспрэсіўным азванчэннем зычнага (х > г). Не выключана кантамінацыя абодвух слоў.

Жаґляваць ’веяць (пра вецер)’ (Сцяц.). Выбухное ґ і месца пашырэння (гродз.) указваюць на польск. крыніцу: żaglować ’узнасіцца ў паветра (аб птушцы, планеры)’, з далейшым пашырэннем значэння. Польск. форма звязана з żeglować ’кіраваць суднам, асабліва парусным’ (> ст.-бел. жекглевати, жеглевати, жаклевати, жеклевати ’тс’ (Булыка, Запазыч., 113), żagiel ’парус’ (> ст.-бел. жагель, жакгель ’тс’ (Булыка, Запазыч., 112) < ням. Segel ’парус’ (Брукнер, 660–661).

Жаґры ’саха’ (ґ выбухное). З літ. žãgrė (Сл. паўн.-зах.).