Жа́гаўка ’шчупак, Esox’ (Мат. Гом., З нар. сл., 277), ’непаседа’ (Мат. Гом.), жагла́к ’шчупак’ (Мат. Гом.). Улічваючы значэнне ’непаседа’, супастаўляецца з жыг ’момант’, жыга, жыгун ’непаседа’, г. зн. звязваецца з коранем слоў жагаць, жыгаць ’бліскаць’ (гл.) праз сэнс ’хутка гарэць’, адкуль ’хутка рабіць’, ’быць хуткім’. Іншая магчымасць: жыгаць ’кусаць’. У абодвух выпадках прамежкавыя формы — незафіксаваныя прыметнікі *жагавы (*жиговъ, *жаговъ?), *жаглы ’хуткі’ або ’куслівы’. Не выключана, што жа́гаўка звязваецца з ’хуткім’, а жагла́к (параўн. жа́гліўка, жа́гляўка) — з ’куставым’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)