Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Герба́рый ’гербарый’ (БРС). Рус. герба́рий, укр. герба́рій. Запазычанне з рус. герба́рий (якое на пачатку XIX ст. з’явілася ў рус. мове з ням. Herbarium або прама з вучонай латыні — herbarium, herbarius < herba ’трава’). Гл. Шанскі, 1, Г, 58–59.

Гергета́ць ’гагатаць; лапатаць’ (БРС), ’гергетаць; невыразна гаварыць’ (Сцяшк.), гергата́ць ’гаварыць па-яўрэйску’ (Шат.), ’гагатаць’ (Шатал.), гергята́ць ’гаварыць невыразна’ (Жд. I). Рус. дыял. горгота́ть, гаргата́ть, укр. горгота́ти, серб.-харв. грго̀тати і г. д. Прасл. *gъrgotati (гукапераймальны дзеяслоў; матэрыял гл. у Слаўскага, I, 406; Трубачова, Эт. сл., 7, 208–209) < *gъrgati (Трубачоў, там жа).

Ге́рдаць ’гаварыць невыразна’ (Жд. 2). Гл. гірда́ць.

Гердзёлко ’горла’ (Сцяшк.). Гл. гардзе́ль1.

Геркуле́с ’асілак, здаравяка; назва круп’ (БРС). Рус. геркуле́с, укр. геркуле́с. У аснове ляжыць лац. форма Hercules ст.-грэч. імя асілка Ἡρακλῆς (Ἡρακλέης). Як назва круп — запазычанне з рус. геркуле́с ’тс’ (дзе адзначаецца ў слоўніках з 1935 г.). Параўн. Шанскі, 1, Г, 59.

Герма́нец, герма́нскі (БРС). Рус. герма́нец, герма́нский, укр. герма́нец, герма́нський. Слова гэта ў бел. і ўкр. мовах, відавочна, узята з рус., дзе ў кніжнай мове запазычана з лац. (зыходным з’яўляецца лац. Germania, Germani; параўн. Фасмер, 1, 403). Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 605.

Геро́й ’герой’ (БРС). Рус. геро́й, укр. геро́й. Паводле Фасмера (1, 403), запазычанне з франц. héros (< лац. < грэч.). Шанскі (1, Г, 62) мяркуе, што крыніцай запазычання з’яўляецца ням. ці франц. мова. Параўн. яшчэ Рудніцкі, 1, 607.

Геро́льд ’герольд’ (БРС). Рус. геро́льд, укр. геро́льд. Запазычанне з ням. Herold ’тс’. Параўн. яшчэ Фогарашы, SSlav., 4, 1958, 64; Рудніцкі, 1, 607.

Герц ’знаўца, махляр’ (Нас.), ге́рцык ’тс’, ге́рцаць ’мантачыць, махляваць’ (Нас.). Няясна. Насовіч мяркуе, што гэта запазычанне ад яўрэяў, якія гавораць па-нямецку.

Ге́рцаг ’герцаг’ (БРС). Рус. ге́рцог, укр. ге́рцог. Запазычанне з ням. Herzog. Гл. Фасмер, 1, 403; Шанскі, 1, Г, 63.