Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ва́ва ’болька, балячка, рана’ (Шпіл., Клім.); ’баліць, болька, балюча’ (Янк. II, Бяльк.); ’кроў; ранка, балячка’ (Яўс.). Слова дзіцячай мовы, утворанае шляхам рэдуплікацыі выклічніка ва(й). Гл. Рудніцкі, 1, 287; Праабражэнскі, 1, 61; Фасмер, 1, 263.

Вавеќі (БРС). Рус. вовеки, серб.-харв. ва̏ве̄к, ст.-слав. вовѣкъ, вовѣки. Прасл. прыназоўнікава-адыменнае ўтварэнне. Аднак у сучасную беларускую мову слова трапіла з ц.-слав. праз рэлігійныя тэксты.

Ва́вер ’пустазелле, зелле’ (КЭС). З польск. wawer < wawrzyn ’лаўр’ < лац. laurus ’тс’ (Брукнер, 604).

Вавёрка (БРС). Рус. веверица, укр. вівериця, польск. wiewiórka, в.-луж. wjewjerca, wjewjerčka, чэш. veverka, veveřice, славац. veverica, балг. ве́верица, ве́рверица, серб.-харв. вје̏верица, славен. véverica, макед. веверица, верверица. Прасл. экспрэсіўнае падваенне *ve(r)ver‑, якое звязваецца з і.-е. *u̯er‑ ’выгінацца’. І.‑е. паралелі: літ. voverė̃ ’тс’, лат. vãvere, ст.-прус. weware, перс. varvarah (Фасмер, 1, 282; Рудніцкі, 1, 382–383; БЕР, 1, 125; Скок, 3, 603–604; Брукнер, 619).

Ваво́з ’крыты ход у падасець’ (Бяльк.). Да вазіць; параўн. уваход < хадзіць. Не выключана, аднак, што гэта слова можа быць запазычаннем польск. wąwóz ’цясніна’ з пераасэнсаваннем.

Ваво́й. Гл. навой.

Ваву́ла ’марудны чалавек’ (Нас.). Гл. вавуліць.

Ваву́ліць ’марудзіць, капацца’ (Нас.). Слова цьмянае. Можна меркаваць, што яно паходзіць ад рэдуплікацыі гукапераймальнага экспрэсіўнага выклічніка ва, якім абазначалася невыразнае маўленне. Значэнні ’марудзіць, капацца’ і іншыя маглі ўзнікнуць пазней на падставе першаснага. Да гэтага ж кораня трэба аднесці рус. ваулить ’гаварыць павольна, заікацца’, вавула, ваула ’маруда, заіка; неахайны чалавек’. Не выключана сувязь з гукапераймальным прыназоўнікам вава (гл.).

Ваг1 ’рычаг для падняцця цяжару’ (Клім.), вага ’ўмацаваная на сасе перакладзіна, якая служыць для даставання вады са студні’ (Юрч.); ’палка для ўскладання рознага цяжкага грузу на воз’ (Інстр. I); ’рычаг для падымання бярвення’ (Інстр. II). Да вага (гл.). Серб.-харв. ва̑г ’рычаг’ дазваляе меркаваць, што гэта значэнне з’яўляецца праславянскім.

Ваг2 ’від павіннасці пражай у час прыгону’ (Шатал.). Да вага. Форма м. р. можа быць вытлумачана ўплывам рус. вес.

Вага́ ’вага́; ва́гі; лоўкасць, сіла; важнасць’ (Шн. Песні, КЭС). Агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. wâga, н.-в.-ням. Wage ’вагі’. Гэта пашыраная версія выклікае, аднак, сумненне, паколькі для запазычання са ст.-в.-ням. зашырокі арэал распаўсюджання слова ў славянскіх мовах, параўн. рус. вага, укр. вага, польск. waga, в.-луж. waha, н.-луж. waga, чэш. váha, славац. váha, макед. вага, серб.-харв. ва́гаты ’ўзважваць’. Да ўсходніх славян слова прыйшло, відаць, праз польскую мову (Фасмер, 1, 263) разам з шэрагам новаўтварэнняў на польскай глебе і польскіх ка́лек нямецкіх слоў (Брукнер, 598–599). На беларускай глебе зараз суіснуюць шматлікія словы з гэтым коранем, але рознага паходжання — запазычанні, калькі, уласнабеларускія ўтварэнні і інш.: важыць, адвага, раўнавага, разважлівы, вагар, важкі, важны, падвага, стальвага і інш. Запазычаннем з польск. (і далей са ст.-в.-ням.) лічыў бел. вага Карскі (Труды, 310; Белорусы, 151). Гісторыю слова гл. Булыка, БЛ, 11, 73–74. Параўн. Міклашыч, 374; Уленбек, AfslPh, 15, 492; Кіпарскі, Gemeinsl., 267; Праабражэнскі, 1, 99–100; Гараеў, 37; Клюге, 393; Фік-Торп, 383; Махэк₂, 674; Голуб-Ліер, 500; Шанскі, 1, В, 5; Рудніцкі, 1, 288–289; Скок, 3, 558–559; Кюнэ, Poln., 112.