Ваву́ліць ’марудзіць, капацца’ (Нас.). Слова цьмянае. Можна меркаваць, што яно паходзіць ад рэдуплікацыі гукапераймальнага экспрэсіўнага выклічніка ва, якім абазначалася невыразнае маўленне. Значэнні ’марудзіць, капацца’ і іншыя маглі ўзнікнуць пазней на падставе першаснага. Да гэтага ж кораня трэба аднесці рус. ваулить ’гаварыць павольна, заікацца’, вавула, ваула ’маруда, заіка; неахайны чалавек’. Не выключана сувязь з гукапераймальным прыназоўнікам вава (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)