Валачо́бнае ’тое, што звязана з хаджэннем у велікодныя дні: спевы, падарункі і інш.’ (КЭС, Маш., Шпіл.): «хадзіць па валачобнаму». Да *валачоба; гл. валачобнік.
Валачо́бнік ’адзін з групы песняроў, што хадзілі па хатах у велікодныя дні’ (БРС, Мядзв., Грыг., Шн., Гарэц., КЭС, Інстр. II). Рус. волочебник, волочобник ’тс’, укр. волочиння ’хаджэнне на вялікдзень’, Існуе вялікая колькасць варыянтаў гэтай назвы; параўн. валачэбнік (< валачэба), валачоўнік (< валачоўе), валачоннік (< валачонне), валачыннік (< валачынне). Валачобнік да валачыцца (Крукоўскі, Уплыў, 60) праз *валачоба ’хаджэнне на вялікдзень’ (параўн. хвароба).
Валачо́бно ’вялікоднае яйка’ (Арх. Бяльк.), валачэўна ’тс’ (КТС). Кароткая субстантываваная форма прыметніка валачобнае (яйка).
Валачы́ ’цягнуць, несці’ (КТС), валакці ’тс’ (Бяльк.). Рус. волочить, укр. волочь, волочити, польск. włóczyć, в.-луж. włočič, н.-луж. włocyś, чэш. vláčiti, славац. vláčiť, балг. вла́ча, макед. влачи, серб.-харв. вла́чити, славен. vláčiti з тымі ж значэннямі. Прасл. *volčiti. І.‑е. паралелі: літ. velkù, vil̃kti ’цягнуць’, грэч. ἕλκω ’цягну’ (Праабражэнскі, 1, 93; Фасмер, 1, 345; Шанскі, 1, В, 152; Рудніцкі, 1, 468; Брукнер, 627; БЕР, 1, 164; Махэк₂, 693–694).
Валачы́льнік ’прылада ў баране, якой трасуць барану пры баранаванні’ (Выг. дыс.). Да *валачы́ла < валачы ’цягнуць’.
Валачы́льшчык (БРС). Да валачы з фармантам ‑ільшчык; параўн. насільшчык.
Валачы́нкі ’таган для люлькі’ (КСП). Да валачы.