Валасажа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, Плеяды’ (Бяльк.). Іншыя назвы вісыжар, валоскі, валосны, стажары (гл.). Рус. волосожары, стожары, висожары, тул. сожар, сажар ’тс’, укр. волосожар, ц.-слав. власожельць, власожелишти, власожилишти, власожалицѧ ’тс’ (Сразн., 1, 270), серб.-харв. вла̏шићи ’тс’. Апошняе Міклашыч (394) звязвае з волох, влах, старой назвай раманскіх народаў. Наяўнасць назваў тыпу валоскі, валосны, рус. волосыни, ст.-рус. волосыни ’тс’ дало падставу звязаць назву сузор’я з волас (Праабражэнскі, 1, 93; Фасмер, 1, 343; Рудніцкі, 1, 469; Скок, 3, 609). Такім чынам, існавалі, відаць, дзве назвы Плеяды — ад волас і ад стажара (Фасмер, 3, 764), якія былі збліжаны і кантамінаваны. Вісыжар, магчыма, з’яўляецца другасным утварэннем, узнікшым у выніку змешвання валасы і вісы, віскі ’валасы на скронях’ (версія В. У. Мартынава).
Валаса́ты ’праставалосы’ (Жд.). Да волас.
Валасе́нь 1 ’пухір на пальцах, хвароба’ (Нас.). Насовіч тлумачыць, што хвароба названа так таму, што яе выклікае быццам бы чарвяк, падобны да воласа (Нас., 65).
Валасе́нь 2 ’хвароба’. Гл. валаснік 1.
Валасе́нь 3 ’нітка або жылка ў вудзе’ (бых., КЭС), валаснік ’тс’ (Гарэц.). Да волас, з якога робіцца такая жылка.
Валасе́нь 4 ’моцная высокая трава’ (Маш.), валасень, валасняк ’расліна, Hieracium pilosella L.’. Да волас.
Валасе́нь 5 ’від чарвяка, Nematomorpha, Gordiacea’ (КЭС). Назва дадзена за валасападобнае цела (БелСЭ, 2, 567).
Валаска́я, волоська́я ’будынак валаснога праўлення’ (КЭС). Да воласць.
Валасні́к 1 ’гнойнае запаленне тканкі пальца’ (Шатал.); ’завусеніца’ (БРС, Гарэц., Некр.); валасень ’хвароба пальца’ (КЭС); ’гнойны стрыжань’ (Гарэц.); ’нарыў на косці’ (Жд.); ’рана’ (Мат. Гом.); ’хвароба нагцей’ (БРС, Грыг.); валасяніца ’хвароба’ (Федар., 1; Сержп., Грам.). Усе назвы хвароб паходзяць ад волас, паколькі грыбок пашкоджвае валасы, скуру і ногці (БелСЭ, 2, 567–568).
Валасні́к 2 ’леска, жылка ў вудзе’ (Гарэц.). Гл. валасень 3.
Валасны́ ’які мае дачыненне да воласці’ (КТС). Да воласць.
Валасня́ ’волас конскага хваста’ (КЭС); ’валасы’ (КТС). Да волас з суфіксам зборнасці.
Валасня́к ’расліна, Hieeracium pilosella L.’. (Кіс.). Гл. валасень 4.
Валасця́нін, валашча́нін, валасцянка ’сельскі жыхар, які належаў памешчыку; чалавек пэўнай воласці’ (Нас.). Да воласць.
Валасяні́ца 1 ’хвароба’. Гл. валаснік 1.
Валасяні́ца 2 ’мухалоўка’ (КЭС, Інстр. II). Гл. валасянка.