Вала́ць ’крычаць, гарланіць; зваць, клікаць на дапамогу; зваць у суд’ (Нас., КЭС). З польск. wołać ’тс’. Версія Насовіча аб паходжанні валаць ад «рову вала» (Нас., 64) з’яўляецца народна-этымалагічнай. Перанос націску во́лаць > вала́ць тлумачыцца ўключэннем дзеяслова ў клас дзеясловаў на ‑аць: крыча́ць, вярта́ць, маха́ць і пад. (Жураўскі, SOr, 1961, 40; Булыка, Запазыч., 67; Рудніцкі, 1, 464–465; Брукнер, 630).
Валача́й ’валацуга’, валачайка ’валацужніца’ (Шатал.). Да валачыць, валачыцца. Гл. валацуга.
Валачба́ ’баранаванне’ (КТС), валачоба ’тс’ (Бяльк.). Рус. волочба ’тс’, укр. волочба ’тс’. Да валачыць ’баранаваць’.