Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ваго́мы ’які мае вагу, важкасць’ (КТС). Да вага. Магчыма, калька з рус. весомый.

Ваго́н (БРС). Праз рус. вагон (Крукоўскі, Уплыў, 83) з франц. wagon (Шанскі, 1, В, 4; Рудніцкі, 1, 289; Скок, 3, 559).

Ваго́нка ’дошкі для вагонаў’ (Мат. Гом.); ’шалёўка’ (Інстр. II). Утворана з дапамогай суфікса ‑к‑ ад вагонны.

Вагу́лам. Гл. агулам.

Ваґе́ра1 ’зух’ (гук ґ выбухны) (Нас.), вогер, вогерка ’тс’ (КТС). Насовіч падае таксама вогер, якое тлумачыць, як ’жарабец’ і як ’угарь-молодец’. Ці не сюды рус. огурь, огурный, огуряться, якія прыводзіць Фасмер (3, 120), лічачы іх няяснымі, а таксама рус. ухарь? Укр. вагера ’тс’. Семантычна вогер, вагера можна наблізіць да агура ’неслух’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’ (Нас.). Паводле версіі Карскага, Белорусы, 176, вогер ’жарабец’ < цюрк. ajge̥r. Далей семантычны пераход ’жарабец’ > ’зух (пра чалавека)’, што пацвярджаецца наступнай паралеллю: адлётныя (коні) (Нас.) — адлёт ’зух’ (Бір. дыс., КТС). Параўн. Рудніцкі, 1, 289.

Ваге́ра2 ’танец на кукішках’ (Нас.). Няясна. Магчыма, звязана з папярэднім.

Вад ’спякота’ (Гарэц.), ва́дны ’спякотны’ (Яруш.), ва́дна ’нясцерпна ад спёкі’ (Гарэц.), ва́дліва ’горача, спякотна’ (Бяльк.). Гл. авад.

Вада́ (БРС). Рус. вода, укр. вода, польск. woda, в.-луж. woda, н.-луж. woda, чэш. voda, славац. voda, балг. вода, макед. вода, серб.-харв. во̀да, славен. vòda, ст.-слав. вода. Праславянскае *voda < і.-е. *u̯od‑, *u̯ed‑; параўн. літ. vanduõ, ням. Wasser, гоц. watō, арм. get ’рака’, ст.-інд. uda‑ ’вада’, лац. unda ’хваля’ (Фасмер, 1, 330; БЕР, 1, 168–169; Рудніцкі, 1, 458; Скок, 3, 611).

Вадабо́й ’насціл з дошак, на які падае вада з плаціны і які прадухіляе ўзнікненне ямаў’ (КЭС). Да вада і біць.

Вадаве́рць ’вір’ (Гарэц.; Яруш.). Складанае слова: вада + вярцець ’круціць’. Рус. водоворот, макед. водовртеж, балг. водовъртеж ’тс’ дазваляюць меркаваць, што існавала праславянская складаная лексема са значэннем ’вір’.

Вадаві́к ’вадзяны дух’ (Шпіл. Моз.). Да вада. Параўн. лесавік ’лясны дух, лясун’; рус. водовик ’усякая жывёліна, што жыве ў вадзе’. Параўн. вадзянік1.