Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вадзяне́ць ’напітвацца вадой, разрэжвацца ад вады’ (КЭС). Ад прыметніка вадзя́ны ’з вялікай колькасцю вады’; параўн. вадзя́на ’шмат вады’ (лаг., КЭС).

Вадзяні́к1 ’вадзяны’ (Яруш., Нік., Няч., БРС), вадзяны́ ’нячысты дух, які жыве ў рэках, азёрах’ (Сцяшк.), вадзяні́к, вадзяны́ ’дух-гаспадар у лесе’ (Інстр. II), вадзянікі ’тс’ (Касп.). Суфіксальны дэрыват ад вадзяны́ ’які знаходзіцца ў вадзе’; вынік універбізацыі словазлучэння вадзяны дух. Параўн. рус. водяной, укр. водний, серб.-харв. во̀дац ’тс’.

Вадзянік2 ’вугал у хаце, дзе ставяць ваду і посуд’ (Шушк.). Суфіксальнае ўтварэнне ад вадзяны́ ’прызначаны для вады’. Параўн. балг. водни́к ’месца ў кухні, дзе вешаюць катлы з вадой’.

Вадзяні́к3 ’драўляны коўш для вады’ (Серб.); ’чайнік’ (Мат. Гом.). Да вадзяны́. Параўн. укр. водяник ’посуд для вады’, водник ’хатняя дзежачка для вады’.

Вадзянікі́ ’стан непрытомнасці’ (Касп.). Звязана з вадзяні́к ’дух, які жыве ў вадзе або ў лесе’: перанос назвы духа на стан чалавека. Параўн. кадук ’злы дух’ і кадук ’эпілепсія, падучая хвароба’.

Вадзяні́ца ’гарлачык, Nymphaea L.’ (КЭС). Суфіксальны дэрыват ад прыметніка вадзяны́ ’які знаходзіцца ў вадзе’. Форма жаночага роду тлумачыцца ўплывам роду назоўніка расліна (або аналагічнага): вадзяная расліна < вадзяніца.

Вадзяні́шча. Гл. вадзішча.

Вадзя́нка1 ’від хваробы’. Суфіксальнае ўтварэнне, узнікшае як вынік кандэнсацыі словазлучэння вадзяная хвароба; параўн. ст.-рус. водьныи трудъ ’вадзяная хвароба’ (Сразн., 1, 279). Параўн. Шанскі, 1, В, 126–127.

Вадзя́нка2 ’бочка з вадой’ (Мат. Гом., Гарэц., Інстр. I, Юрч.). Суфіксальны дэрыват, вынік універбізацыі словазлучэння вадзяная бочка. Параўн. рус. водянка, укр. водянка ’тс’.

Вадзя́нкі1 ’сані для падвозкі вады’ (Юрч.). Ад прыметніка вадзяны ’прызначаны для вады’. Форма pluralia tantum тлумачыцца аналогіяй з сані.

Вадзя́нкі2 ’драўляная пасудзіна, якой чэрпаюць ваду з вядра’ (ДАБМ, 815). Суфіксальнае ўтварэнне ад вадзяны́ ’прызначаны для вады’. У ДАБМ слова прадстаўлена як адзінкавая назва на тэрыторыі Міншчыны. Форму множнага ліку можна тлумачыць як вынік аманімічнага адштурхоўвання: вадзя́нка ’пасудзіна’, — вадзя́нка ’хвароба’. Магчыма, таксама аналогія з іншымі назвамі посуду pluralia tantum (ночвы і пад.).

Вадзяну́ха ’дзень перад хрышчэннем’, вадзяная каляда ’тс’ (Клім.). Да вадзяны́.

Вадзяны арэшак ’рагулькі, чылім; вадзяная травяністая расліна, Trapa’ (Касп.). Названа па месцы, дзе расце, і па плоду — арэхападобнай касцянцы.

Вадзяны́ вол ’птушка бугай, Ardea stellaris’ (Янк. Мат., Лыс.). Польск. wodny wół ’тс’. Да вол, паколькі крык гэтай птушкі нагадвае мычанне быка або вала. Параўн. іншыя назвы: бык, бугай.